Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта раіцца з народам, калі Лукашэнка зноў атрымаў «элегантную перамогу»?


Аляксандар Лукашэнка выступае на 4-м Усебеларускім народным сходзе
Аляксандар Лукашэнка выступае на 4-м Усебеларускім народным сходзе

Старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч, выступаючы на сэсіі палаты, паведаміў, што пяты Ўсебеларускі народны сход усё ж такі адбудзецца. Папярэднія чатыры «вялікія хуралы» праводзіліся ў Беларусі заўсёды напярэдадні важных палітычных падзей — у 1996 годзе перад рэфэрэндумам, а ў 2001, 2006 і 2011 гадах — перад прэзыдэнцкімі выбарамі. А пяты, маўляў, будзе пасьля выбараў.

Першы сход, у якім узялі ўдзел каля 5 тысяч дэлегатаў, адбыўся 19–20 кастрычніка 1996 году. Упершыню адбылася яго жывая трансьляцыя на ўсіх тэлеканалах, уключна з расейскімі НТВ, РТР і ОРТ. На ім абмяркоўвалі асноўныя палажэньні Праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны і праекту зьмяненьняў і дапаўненьняў у Канстытуцыю Беларусі. Празь месяц праект, які пашырыў паўнамоцтвы Лукашэнкі, быў падтрыманы на рэфэрэндуме.

Празь пяць гадоў, ужо на другім Усебеларускім сходзе, Лукашэнка абвясьціў: «Першы зьезд адвёў краіну ад хаосу, анархіі і вайны розных палітычных групаў і груповак. Ён вызначыў курс на правядзеньне рэфэрэндуму. У гэтым найгалаўнейшая асноўная заслуга першага зьезду».

Другі, трэці і чацьвёрты Ўсебеларускія сходы былі менш маштабныя — колькасьць дэлегатаў скарацілася ўдвая, да 2500 чалавек.

Другі сход прайшоў 18 траўня 2001 году пад лёзунгам «За моцную і квітнеючую Беларусь».

Трэці — 2–3 траўня 2006 году пад лёзунгам «Дзяржава для народа».

Чацьверты — 6–7 сьнежня, ужо бязь лёзунгаў, на ім ухвалілі Праграму разьвіцьця на 2011–2015 гады з васьмі кірункаў.

Памер заработнай платы ў Беларусі да 2015 году павінен наблізіцца да 1 тысячы даляраў у эквіваленце

«Памер заработнай платы ў Беларусі да 2015 году павінен наблізіцца да 1 тысячы даляраў у эквіваленце. Гэта самыя высокія тэмпы росту заработнай платы і даходаў насельніцтва», — заявіў Аляксандар Лукашэнка на чацьвертым Усебеларускім народным сходзе. І дэлегаты аднадушна прагаласавалі за гэта.

5 гадоў мінула, а сярэдні заробак па краіне складае менш за 500 даляраў. Сёлета ўпершыню перад прэзыдэнцкімі выбарамі Ўсебеларускі народны сход не праводзіўся. Напярэдадні свайго пераабраньня кіраўнік дзяржавы замест яго правёў «Малітву за Беларусь».

І ўжо пасьля выбараў сход усё ж такі вырашылі склікаць. Навошта? Хваліцца і ганарыцца быццам бы няма чым...

Мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч тлумачыць, што з 2006 году ў рэжыму прапала, так бы мовіць, галоўная «адмазка» наконт таго, што яму нехта перашкаджае рабіць дабро для народа — апазыцыя, «пятая калёна»:

Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч

«Пасьля 2006 году, калі апазыцыя была амаль цалкам разгромлена і засталося толькі некалькі дысыдэнцкіх групаў і так званых „лідэраў“, то ўсур’ёз спасылацца на тое, што гэтыя людзі змогуць чамусьці перашкодзіць, сьмеху варта. Але якая б ні была дыктатура, яна павінна абапірацца на пэўную падтрымку электарату.

Нават яшчэ ў кітайскай манархіі, у сярэднявеччы, кітайскія філёзафы, прыхільнікі імпэратара заўсёды казалі яму раіцца з народам, асабліва ў цяжкія часы, калі здараецца крызіс, неўраджай... Раіцца з народам трэба ня дзеля таго, каб народ даў пэўную падказку, — проста людзі рады, калі зь імі раяцца і размаўляюць. І такая практыка паўсюль выкарыстоўваецца дыктатарскімі рэжымамі. Узгадайце, як Фідэль Кастра зьбірае мільённую плошчу ў Гаване, прамаўляе там па 5–6 гадзін, а кубінскі народ кажа: „Вось, наш правадыр з намі раіцца, нам тлумачыць, даводзіць...“ І гэта вельмі „грэе“ людзей. У гэтым сэнсе мэханізмы папулісцкай дыктатуры працуюць, і яны патрабуюць пэўных высілкаў.

Цяпер, калі выбары адбыліся, калі „элегантная перамога“ зноў здарылася, краіна стаіць на парозе вельмі цяжкага эканамічнага становішча. І дзеля таго каб зьняць пэўную сацыяльную напружанасьць, і Лукашэнка, і Мясьніковіч зьбіраюць гэты сход, каб выканаць гэты рытуал, які выкарыстоўвалі яшчэ кітайскія імпэратары.

Я нават мяркую, што на гэтым сходзе могуць быць паказальныя публічныя катаваньні: кагосьці здымуць, на кагосьці ўскладуць адказнасьць за пэўныя правалы, памяняюць кадры і заклічуць людзей падтрымаць свой родны рэжым у такія цяжкія часы. Так што ўсё лягічна адбываецца».

Леанід Заіка
Леанід Заіка

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» эканаміст Леанід Заіка пажартаваў, што на так званых выбарах былі прапанаваныя трое пэнсіянэраў і адна дзяўчына (амаль як у кінафільме «Сем старых і адна дзяўчына»), а ніякіх сур’ёзных праграмаў кандыдатаў у грамадзтве не абмяркоўвалася (за выключэньнем аднаго тэлевізійнага шоў пад назовам «Тэледэбаты»):

«Таму самому прэзыдэнту ягонае атачэньне, адмыслоўцы-аналітыкі, ідэолягі падказваюць, што трэба стварыць нейкі новы вобраз.

А з другога боку, намэнклятура зацікаўленая ў расьпіле грамадзянскай уласнасьці. Зноў чамусьці загучалі словы пра рэформы, хоць мы жывём ва ўмовах застою. Лукашэнка і ягонае бліжэйшае атачэньне — пэнсіянэры, і Мясьніковіч таксама пэнсіянэр. І, натуральна, гэтае бліжэйшае атачэньне (дзясятак-паўтара сем’яў) хацела б пры Лукашэнку правесьці апэрацыю па выманьні той уласнасьці, якая зьяўляецца агульнанароднай. То бок 20 гадоў намэнклятура чакала сваёй гадзіны. Ужо дзеці павырасталі, чыноўнікам на пэнсію выходзіць, а што дзецям пакінуць? Трэба пакінуць уласнасьць. А 130 мільярдаў — гэта сур’ёзныя маштабы ўласнасьці. Ну, а дзеля таго, каб падрыхтаваць грамадзкую думку, трэба сабраць тую ж намэнклятуру (таму што Ўсебеларускі сход — гэта перш за ўсё сход прадстаўнікоў усіх узроўняў намэнклятуры) і пабачыць па іхняй рэакцыі, як і што можна будзе рабіць.

Намэнклятура разумее, што беларускі застой павінен завяршыцца ў нейкі час. І калі Лукашэнка ўсё ж такі сыдзе і ўсе яны застануцца ні з чым, то навошта яны 20 гадоў так прагіналіся?

Ну, і самому прэзыдэнту хацелася б убачыць рэакцыю намэнклятуры і арыентавацца на бліжэйшыя 3–5 гадоў разьвіцьця Беларусі. Але грошай няма. 40 мільярдаў даўгоў у краіны. Толькі сёлета ў ліпені мы аддалі 1 мільярд 400 мільёнаў даляраў. А Захад нам даў толькі 1 мільён у выглядзе Нобэлеўскай прэміі Сьвятланы Алексіевіч. 4 мільярды даляраў гадавых выплат — гэта вялікія грошы. І людзі ўжо пачынаюць падазраваць, што зь імі паступаюць ня вельмі прыстойна. І калі яшчэ беларуская намэнклятура зьбіраецца пачаць „расьпілоўваць“ уласнасьць, як у Расеі, як ва Ўкраіне — то трэба празандзіраваць грамадзкую думку і стварыць ілюзію шырокага і — нават не пабаюся гэтага слова — дэмакратычнага абмеркаваньня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG