Пра гэта сёньня паведаміў міністар фінансаў Уладзімер Амарын пасьля свайго выступу ў Палаце прадстаўнікоў.
Ён сказаў, што Беларусь просіць у Міжнароднага валютнага фонду незвычайны крэдыт памерам 3 мільярды даляраў. Гэта тая сума, якую можа выдзеліць МВФ, зыходзячы з квотнага прынцыпу.
Гэтым разам фармат крэдыту незвычайны: не стэнд-бай, а так званы «пашыраны фармат».
Журналісты папрасілі ўдакладніць, чым адрозьніваюцца гэтыя фарматы. Міністар фінансаў адказаў, што крэдыт у пашыраным фармаце прадугледжвае абавязковыя структурныя рэформы беларускай эканомікі.
На пытаньне, ці гатовы праект гэтых рэформаў, міністар Амарын сказаў, што так, ён ужо гатовы і перададзены для азнаямленьня экспэртам Міжнароднага валютнага фонду. А калі запыталі, ці будзе гэты дакумэнт адкрыты для вольнага доступу, міністар сказаў, што ў гэтым ён ня ўпэўнены.
Таксама ён заявіў, што Беларусь за 9 месяцаў 2015 году выплаціла па зьнешніх даўгах калі трох мільярдаў даляраў, і да канца году застаецца выплаціць менш як адзін мільярд.
Амарын паведаміў таксама, што ўжо падрыхтаваны праект бюджэту краіны на 2016 год. Ён зьвярстаны з прафіцытам бюджэту ў памеры 2% ВУП. Разьлікі зыходзілі з таго, што ў наступным годзе адзін барэль нафты будзе каштаваць у сярэднім 57 амэрыканскіх даляраў.