Апытаньне Свабоды: «Як вы лічыце, чаму адміністрацыі шмат якіх устаноў прымушаюць ці падахвочваюць людзей галасаваць датэрмінова? Навошта гэта патрэбна ўладам?». Адказвалі жыхары Магілёва.
— Гэтак лягчэй падтасаваць усё. А хто правяраць будзе? Ды ніхто і ня будзе! Прагаласавалі, і ўсё. Працаўнікі заводаў, навучэнцы ўнівэрсытэтаў, а пагатоў армія — за іх ужо ўсё падпісалі.
— Каб падмяніць урны потым. Вось і ўсё. Я не хадзіў на выбары і не пайду. Усё і так даўно вядома, хто стане. Канкурэнты ў самага галоўнага — ніякія.
— Так, я прагаласаваў датэрмінова. Я працаваў на дзяржаўным прадпрыемстве і нас ніхто не прымушаў галасаваць загадзя. Магчыма, людзям зручней, калі яны хочуць. Калі ім зручней не ў выхадны дзень, а ў будні, то няхай.
— Гэта ж палітыка. Значыць, тут замешана нейкая нячыстая справа.
— Значыць, такая ўстаноўка. Калі шчыра, то я ня веру ў тое, што гэтыя выбары будуць сумленнымі. Усё ў іх прадвызначана.
— Я не задумваўся над гэтым пытаньнем. У прынцыпе, я сам прагаласаваў датэрмінова. У мяне свае праблемы ў выхадны дзень. Мне гэтак зручна. Прынамсі, нейкіх палітычных падкладак я ў гэтым ня бачу ніякіх.
— Калі мы прагаласуем загадзя, то ўсе нашы бюлетэні прасьцей будзе адкласьці ў асобны стос, а патрэбныя ім бюлетэні кінуць у скрыню.
— Гэта ж ужо даўняя традыцыя. Бываюць у некаторых людзей камандзіроўкі, ці занятыя сельгаспрацамі, таму такое рашэньне слушнае.
— Каб ведаць наперад вынікі. Калі чалавек неяк папярэджаны, значыць, ён узброены.
— Магчыма, ня кожны чалавек зможа прагаласаваць у дзень выбараў. А другое: магчыма, перасьледуюцца іншыя мэты. Каб ведаць загадзя вынікі выбараў і іх падрэгуляваць.
— Бо мала хто пойдзе на гэтыя выбары. Ня вераць яму. Будзе як у нас у Савецкім Саюзе галасаваньне — 99,9 працэнта. Ніякай няма веры ў іх.
— Прапаганда ёсьць прапаганда. Іхная справа прапанаваць, а наша справа пагадзіцца.
— Не ўва ўсіх людзей атрымаецца прыйсьці ў нейкі канкрэтны дзень, таму і прапануюць загадзя. Гэта слушна. Я пастаянна заняты, дык магу забыцца на выбары.