Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: на выбары — па дармовае печыва ды яблыкі


Праграма мерапрыемстваў да выбараў — усюды: на вадасьцёкавых трубах, сьценах, дзьвярах пад’ездаў
Праграма мерапрыемстваў да выбараў — усюды: на вадасьцёкавых трубах, сьценах, дзьвярах пад’ездаў

Раздача яблыкаў ад БРСМ, бяспройгрышная лятарэя ад «Гомельхлебпрама», замеры лекарамі ціску ды вагі, канцэрты і спартовыя спаборніцтвы — чым завабліваюць гамельчукоў на выбарчыя ўчасткі?

У Гомелі на кожным кроку чуваць, што на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах яўка грамадзянаў на ўчасткі становіцца асноўнай праблемай для ўлады і падкантрольных ёй выбарчых камісіяў.

У грамадзкім транспарце круцяць адмысловыя запісы пра датэрміновае і асноўнае галасаваньне 11 кастрычніка, папярэджваючы: «Важны голас кожнага». Чатыры хвалі афіцыйных улётак пра выбары накрылі паштовыя скрыні гамельчукоў. Апошняя — у выглядзе каляровай паштоўкі са здымкамі Аляксандра Лукашэнкі ў атачэньні маладых дзяўчат, параду вэтэранаў, школьнікаў, спартоўцаў, вайскоўца з афіцыйным чырвона-зялёным сьцягам у руках і надпісам на беларускай мове: «За будучыню незалежнай Беларусі!». На адваротным баку паштоўкі-каляжу ўжо па-расейску напісана: «Разам мы стварылі незалежную Беларусь! Разам мы пераадолеем любыя нягоды! Разам мы пабудуем шчасьлівую і квітнеючую краіну! Мы разам!» І факсымільны подпіс: «Ал. Лукашэнка».

Паштоўка-каляж ад Аляксандра Лукашэнкі
Паштоўка-каляж ад Аляксандра Лукашэнкі

А днямі на вуліцах Валатаўской, Садовай, Пушкіна на дзьвярах пад’ездаў жылых дамоў, на сьценах і нават вадасьцёкавых трубах зьявілася размножаная праграма мерапрыемстваў 11 кастрычніка на ўчастку для галасаваньня № 17. Чаго тут толькі няма! Бяспройгрышная лятарэя ад «Гомельхлебпрама», раздача яблыкаў актывістамі БРСМ, замер вагі, артэрыяльнага ціску і кансультацыя лекара, кансультацыі дзіцячага псыхоляга, спэцыялістаў ЖКГ, Белдзяржстраху, «Беларусбанку», а яшчэ выставы, канцэрты, спартовыя спаборніцтвы і нават падпіска на пэрыядычныя выданьні. Выбірай — ня выбераш.

Карэнная гараджанка, якая назвалася Валянцінай, гэтак рэагуе на ініцыятыву ўладаў наконт бяспройгрышнай лятарэі ды раздачы яблыкаў на выбарчых участках:

«Завабліваюць на выбары — пірожныя будуць бясплатна раздаваць ад „хлебпрама“, яблыкі. Лепей ужо, як ва Ўкраіне — Януковіч грэчку раздаваў, дык у гаспадарцы б спатрэбілася. Лічу, што на выбары наагул ісьці бессэнсоўна. Бо кожны раз, калі праводзіцца такая выбарчая кампанія, вынік адзін і той жа. Дык які сэнс хадзіць на такія выбары? Хіба толькі па дармовыя пірожныя».

На гарадзкіх афішах — двое кандыдатаў з чатырох
На гарадзкіх афішах — двое кандыдатаў з чатырох

У сваю чаргу спадарыня Тацяна з вуліцы Валатаўской лічыць, што любы жэст у бок выбарцаў — гэта своеасаблівы падарунак:

«Ведаеце, для нашых людзей і гэта будзе нейкім падаркам. Таму я ня супраць. І няхай ціск мераюць, бо ў нас бясплатнай мэдыцыны, па-мойму, ніколі не было. І я вельмі зьдзіўлена, што ў нас ёсьць такія добрыя пэнсіянэры, якія хочуць быць прэзыдэнтамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG