Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі бомж пра кандыдатаў: «Караткевіч — не палітык, а Гайдукевіч рэклямуе Лукашэнку»


Прэзыдэнтам застанецца Лукашэнка — лічыць магілёўскі бомж Павал. Ён праслухаў тэлевізійныя выступы канкурэнтаў дзейнага кіраўніка краіны і сьцьвярджае: нічога такога, што б яго пераканала, яны не сказалі.

Прэзыдэнтам застанецца Лукашэнка — лічыць магілёўскі бомж Павал. Ён праслухаў тэлевізійныя выступы канкурэнтаў дзейнага кіраўніка краіны і сьцьвярджае: нічога такога, што б яго пераканала, яны не сказалі. Сваімі ўражаньнямі бяздомны падзяліўся з Свабодаю ў першы дзень датэрміновага галасаваньня.

Павал быў героем свабодаўскага сюжэту пра тое, што чытаюць магілёўскія бадзягі. Знаёмства журналіста Свабоды зь бяздомным, які перачытаў Салжаніцына, працягнулася, калі Павал расказаў, што паглядзеў тэлевізійны выступ кандыдаткі на прэзыдэнцтва Тацяны Караткевіч.

«Выйшла так, што мяне чалавек запрасіў да сябе дамоў і я паглядзеў выступ Караткевіч па тэлевізары. Я думаў, што гэта, як заўжды, стаўленіца Лукашэнкі. Я гэтак разумею, што ён ня хоча каго-небудзь падпускаць да ўлады, акрамя сябе. Высьветлілася ж, што ён дапусьціў нармальнага кандыдата, і яна дужа шмат крытыкавала Лукашэнку. Прапаноўвала свае падыходы да народу. Я зьдзівіўся», — апавёў Павал.

На просьбу журналіста згадаць нешта канкрэтнае з выступу Тацяны Караткевіч суразмоўца адрэагаваў:

«Яна казала, што Лукашэнка перагібае палку наконт працы заводаў. Абяцала: калі яе выберуць, то ўсе заводы будуць працаваць. Гэта я запомніў дужа добра. Нават згадала пра такіх, як я. Я зьдзівіўся, бо такіх жа, як я, няма. Іх не заўважаюць. Вось я бомж, і цяперашняя ўлада ня можа дапамагчы мне жытлом і працаю. А без жытла і працы якое можа быць жыцьцё?»

На пытаньне, ці добрым была б Караткевіч прэзыдэнтам, Павал ненадоўга задумаўся:

«Не. Палітыкам можа быць толькі палітык, а яна ж звычайны лекар. Яна, без сумневу, добра сфармулявала сваю праграму, але яна не палітык. У палітыка павінна быць практыка. Яе ж ніхто не падтрымае. Не, народ можа падтрымаць, але дзяржаўныя структуры не падтрымаюць. Яна ня зможа кіраваць. Але я зьдзівіўся, што яна супраць Лукашэнкі».

На заўвагу, што Лукашэнка некалі сам прыйшоў у палітыку і ніхто яго не ўспрымаў сур’ёзна, магілёўскі бяздомны адказаў каротка:

«Гэта дужа дзіўны варыянт, між іншым».

На думку Паўла, на гэтых выбарах няма канкурэнтаў у Лукашэнкі.

«Як сам Лукашэнка казаў: „Каго вы бачыце, акрамя мяне?“. Слушна, нікога», — кажа суразмоўца.

«Усе, хто мог быць, цяпер ва ўрадзе, — дадае ён. — Яны займаюць розныя пасады, і ён мяняе іх, як пальчаткі. Ён імі камандуе, і яны пабаяцца супраць яго выступіць. А другія людзі, з народу — яны ж не з палітыкі. Ім трэба валодаць палітычнымі ведамі. Тыя, хто рэальна мог бы яшчэ, дык яны хто дзе. Некаторыя і за мяжою. Таму, акрамя Лукашэнкі, няма каму», — падсумоўвае магілёўскі бомж Павал.

З прэзыдэнцкімі праграмамі Сяргея Гайдукевіча і Мікалая Ўлаховіча Павал азнаёміўся ў інтэрнэце на кампутары журналіста. Паўгадзінныя маналёгі кандыдатаў на пасаду кіраўніка беларускай дзяржавы суразмоўца слухаў і ўсьміхаўся.

«Гайдукевіч жа нічога новага не сказаў, — падсумоўвае Павал праграму лідэра Лібэральна-дэмакратычнай партыі.

«Ён іншымі словамі паўтарыў тое, што казаў Лукашэнка. Адзінае: Гайдукевіч кажа, што трэба тое зрабіць, тое. Канкрэтных жа дзеяньняў ніякіх. А вось Лукашэнка заяўляе: „Я зраблю“. Такім чынам, Гайдукевіч кажа: „Трэба“. А Лукашэнка: „Зраблю“. Але канкрэтных рашэньняў, няхай даруе мне Лукашэнка, і ў яго няма. Ён не дае адказу, як тое рабіць».

На пытаньне, навошта Гайдукевічу прэзыдэнцтва, Павал упэўнена заяўляе:

Ён жа разумее: яго на прэзыдэнта ня выберуць, а Лукашэнка мо пасаду якую прапануе

«Яго задача — больш прарэклямаваць Лукашэнку. Падтрымаць яго. Ён жа разумее: яго на прэзыдэнта ня выберуць, а Лукашэнка мо пасаду якую прапануе. Вось гэтак яму і дазволілі ісьці на выбары.. Маўляў, Лукашэнку вы не заменіце, а рэклямаваць — дык калі ласка. У яго няма сваёй думкі», — так разумее ролю Гайдукевіча ў прэзыдэнцкай гонцы магілёўскі бяздомны.

Роля Ўлаховіча, паводле Паўла, гэткая ж, як і ў Гайдукевіча. Бяздомны цьвердзіць: Улаховіч таксама сваім удзелам падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку.

«Так усё наўмысна зроблена, — заўважае ён. — Бо цяпер у нас няма іншых людзей, якіх бы можна было выставіць кандыдатамі ў прэзыдэнты. Але ж Захаду і ўсяму сьвету трэба паказаць, што ў нас ёсьць хоць нейкая альтэрнатыва».

«У выступе Ўлаховіча ёсьць сьмешны эпізод, — працягвае Павал. — Ён кажа: узгадоўваць кадры трэба ва ўладзе гадоў дваццаць, каб прэтэндаваць на прэзыдэнцкае крэсла. А хто ён? Хіба ён быў раней заўважаны ў палітыцы? Ніхто яго ніколі ня бачыў і ня чуў пра яго. Які зь яго прэзыдэнт?».

Кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Лукашэнка з сваёй агітацыяй па тэлебачаньні не выступаў. Прашу Паўла ўсё ж даць кароткую характарыстыку гэтаму вылучэнцу:

«Лукашэнка не заўжды выконвае тое, пра што прыгожа скажа. Ён не да канца ўсё даводзіць. Бывае, што на паўмерах кідае», — кажа суразмоўца.

Дык што, беларусы будуць галасаваць за Лукашэнку да ягонага скону? — пытаюся ў Паўла на разьвітаньне.

«Так, будуць, — адказвае ён. — Але ж Лукашэнка і сам, здаецца, разумее, што стаміўся. Ён проста хоча, каб у нашай краіне, як усе кажуць, парадак быў і спакой».

Сам Павал на выбары ня пойдзе. Ні разу не хадзіў ад таго часу, як Лукашэнку абралі кіраўніком беларускай дзяржавы. 21 год Павал бадзяецца па сьвеце бяздомным.

Яму няпоўныя 50 гадоў. Не хавае: жыцьцё яму паламалі грошы і злоўжываньне алькаголем. У 1990-х гадах быў заможным і пасьпяховым чалавекам, аднак распарадзіцца сваім тагачасным дабрабытам ня змог. Застаўся без жытла, любай жанчыны і страціў веру, што лёс можа зьмяніцца да лепшага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG