Газэта «Звязда»
У рубрыцы «Выбары-2015» надрукаваны рэпартаж з датэрміновага галасаваньня «Выбаршчыкі прыходзяць сем’ямі». Паводле яго аўтараў, сотні беларусаў, «адчуваючы адказнасьць за лёс краіны», вырашылі прагаласаваць да дня асноўнага галасаваньня. Прычыны самыя розныя — студэнты едуць на выходныя дадому, а пэнсіянэры — «чулі прагноз, што ў нядзелю будзе вельмі холадна, таму вырашылі, што лепш прыйсьці, пакуль спрыяе надвор’е».
Асаблівая ўвага ў матэрыяле адведзеная студэнтам, большасьць якіх галасуе ўпершыню.
Першую старонку газэты аздобілі лягатыпам з галачкай у выглядзе афіцыйнага сьцяга — такое ж аздабленьне выкарыстоўваецца ў агітацыйнай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі.
Газэта «Рэспубліка»
На першай старонцы — абвестка пра датэрміновае галасаваньне, а таксама элемэнт візуальнага аздабленьня агітацыйнай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі ў выглядзе чырвона-зялёнага абрысу Беларусі з датай выбараў пасярэдзіне.
У рубрыцы «Пульс выбараў» — матэрыял, прысьвечаны правілам галасаваньня: якія дакумэнты трэба мець, як арганізаваны бюлетэнь для галасаваньня, парадак плямбаваньня скрыняў. Важная частка артыкула — інфармацыя пра датэрміновае галасаваньне: дзе і як можна аддаць свой голас да 11 кастрычніка.
У рубрыцы «Чаму я іду на выбары» мэдсястра Аляксандра Краўцова радуецца, што «сёньня паказьнікі разьвіцьця мэдыцыны ў краіне высокія, і кожны чалавек, незалежна ад узросту і сацыяльнага стану, атрымлівае кваліфікаваную мэдычную дапамогу». Аляксандра пойдзе на выбары, бо «ёй важна выказаць асабістае меркаваньне дзеля мірнага і шчасьлівага жыцьця нашых дзяцей».
Зрэшты, у «Рэспубліцы» знайшлося месца для прадстаўнікоў усіх кандыдатаў на прэзыдэнта. Рубрыка «У штабах кандыдатаў» друкуе выказваньні іхніх давераных асобаў пра тое, як праходзіць агітацыя, чым займаюцца кандыдаты перад днём асноўнага галасаваньня.
Газэта «Советская Белоруссия»
На першай старонцы, як і ў «Рэспубліцы», тут афіцыйны лягатып з датай выбараў. Тут жа лёзунг: «Твой голас важны».
У рубрыцы «Чаму я іду на выбары» выказваюцца прадстаўнікі рэгіёнаў. «Аддам свой голас за тое, каб так было і далей», — гаворыць Алена Дзекевіч зь Ліды.
Вялікі артыкул прысьвяціла «СБ» Лідзіі Ярмошынай, якая прагаласавала датэрмінова 7 кастрычніка. Тут жа прыведзеныя лічбы датэрміновага галасаваньня па абласьцях, а таксама інфармацыя пра падарункі, якія атрымліваюць маладыя людзі, якія прыходзяць галасаваць упершыню. Напрыклад, на ўчастку, дзе галасавала старшыня ЦВК, гэта крышталёвыя салатніцы ці гадзіньнікі.
Палітоляг Аляксандар Класкоўскі адзначае, што сёлета дзяржаўная прэса падчас прэзыдэнцкай кампаніі ўсё ж стараецца вытрымліваць умоўны нэўтралітэт:
«Меней „мачылава“ ў дачыненьні да апазыцыі. Зрэшты, і зарэгістравалі толькі адну Тацяну Караткевіч, якая сама падпала пад крытыку з боку большасьці апазыцыянэраў. Таму зусім адыёзнага „прапагандосу“ меней.
Але ёсьць шмат ускосных формаў прапаганды. Відавочна, што дзяржаўны друк і электронныя мэдыі вельмі шчыруюць, каб даць яўку. Сам Аляксандар Лукашэнка днямі выказаўся, што харызматычны лідэр павінен мець ня проста большасьць галасоў, а пад 80 адсоткаў.
Таму застаецца забясьпечыць яўку, а ўжо вывесьці „элегантны“ вынік — гэта справа тэхнікі. Гэтыя тэхналёгіі беларуская вэртыкаль адпрацавала».
Камэнтуючы выкарыстаньне дзяржаўнымі газэтамі афіцыйнай сымболікі Лукашэнкі, Аляксандар Класкоўскі адзначыў, што гэта схаваная форма агітацыі, каб галасаваць за дзейнага прэзыдэнта:
«Мы бачым шмат ускосных спосабаў агітацыі за Аляксандра Лукашэнку. Некаторыя зь іх тая ж Караткевіч спрабавала аспрэчыць на паседжаньні ЦВК, але фармальна сябры камісіі не знайшлі прычын, каб задаволіць яе просьбу. Сапраўды, гэта даволі хітра падносіцца. Але відавочна, што дзяржаўныя СМІ падштурхоўваюць аддаць голас за дзейнага кіраўніка».