У Горадні праўладныя і незалежныя назіральнікі на выбарчых участках практычна не кантактуюць паміж сабой. У асобных выпадках даходзіць да таго, што праўладныя назіральнікі нават падпісваюцца пад скаргамі, каб выдаліць з участку незалежных.
На другі дзень датэрміновага галасаваньня на выбарчым участку № 55 у Горадні пазбавілі акрэдытацыі незалежнага назіральніка Алега Калінкова, дэлегаванага выбарцамі, якія жывуць на тэрыторыі гэтага ж участку. Калінкоў распавядае Свабодзе, як гэта сталася:
— Ужо пасьля першага дня галасаваньня на ўчастку № 55 я заўважыў, што колькасьць выбарцаў, якіх я зафіксаваў, не супадае з той колькасьцю, якую ў канцы дня вывесіла камісія ў выніковым пратаколе: у мяне было 39 выбарцаў, а паводле камісіі — 78. Гэта значыць, што разыходжаньне — у два разы.
Калінкоў распавядае, што сфатаграфаваў пратакол і пайшоў раіцца зь юрыстамі. Але адмыслоўцы яму сказалі, што паўплываць на камісію ня ўдасца, параілі далей назіраць, а ў канцы выбараў апублікаваць свае дадзеныя.
— На наступны дзень раніцай я папрасіў дазволу сесьці бліжэй да урны зь бюлетэнямі, матывуючы тым, што не заўважыў лішніх 39 чалавек, якія прайшлі нібыта побач са мною. Мне адмовілі. Празь некаторы час у камісію пачаліся тэлефанаваньні, старшыня называла маё прозьвішча. А яшчэ пазьней да мяне пачалі чапляцца, што я ня маю права тут назіраць, бо няправільна запоўнены падпісны ліст грамадзян, што ня так сеў, ня так стаў.
І ўжо пасьля абеду Калінкову ўручылі рашэньне камісіі аб тым, што ён пазбаўлены акрэдытацыі як назіральнік за выбарамі. Два сябры камісіі падпісаліся пад тлумачэньнямі, што Калінкоў перашкаджаў дзейнасьці камісіі, высоўваў прэтэнзіі і рабіў рэкамэндацыі. Але найболей яго зьдзівіла, што да гэтага напісала заяву назіральніца. А ў якасьці назіральнікаў там прысутнічалі сябры БРСМ і грамадзкай арганізацыі «Белая Русь».
— Цікава, што ў назіральнікаў ад БРСМ і «Белай Русі» на стале ляжала жоўтага колеру мэтадычка, у якой даюцца рэкамэндацыі, як дзейнічаць супраць незалежных назіральнікаў.
А вось незалежны назіральнік з участку № 65 у Горадні Ежы Грыгенчы распавядае пра тое, якія разыходжаньні з выбарчай камісіяй наконт колькасьці тых, хто прагаласаваў, атрымаліся ў яго.
— У першы дзень галасаваньня розьніца склала 29 чалавек, а ў другі — 50. Старшыня камісіі сказаў на гэта: нічога ня ведаю. Пасьля гэтага пытаньня назіральнік, які сядзіць побач, напісаў на мяне скаргу, што да мяне падыходзіў чалавек, да таго як прагаласаваў.
Грыгенчы кажа, што не зусім разумее ролю назіральнікаў, якія сядзяць побач, не размаўляюць зь ім, і пра якіх ён нават ня ведае, каго яны прадстаўляюць.
— І навошта яны наагул сядзяць, калі ня лічаць, колькі выбарцаў прагаласавала, ня сочаць за працай сябраў камісіі, а толькі глядзяць за дзеяньнямі незалежных назіральнікаў?
Каардынатар назіральнікаў па Горадні ад кааліцыі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Раман Юргель убачыў на ўчастку № 110, што спачатку ў пратакол запісалі адну колькасьць атрыманых бюлетэняў, а пасьля закрыцьця ўчастку ў пратаколе ўжо значылася аж на сто бюлетэняў менш.
— Я лічу гэта грубай тэхнічнай памылкай і дрэннай арганізацыяй працы сябраў выбарчай камісіі, якая створаная ў асноўным з працоўных заводу «Белкард». Гэта зьменіць паказчыкі выдачы бюлетэняў і ў цэлым па вобласьці.
Юргель зазначае, што пры фармаваньні ўчастковых камісіяў туды не трапляюць сябры апазыцыі — перш за ўсё з-за адсутнасьці вопыту. Але, паводле яго, на справе ў гэтых камісіях шмат людзей, якія ня маюць ня тое што вопыту, а часам і ніякага разуменьня таго, чым займаюцца.