Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шчасьце чыноўнікам звацца: грошы значэньня ня маюць


Беларускі інстытут рэформы і трансфармацыі публічнага адміністраваньня (BIPART) дасьледаваў прычыны выбару дзяржаўнымі службоўцамі сваёй працы. Адзін з галоўных матываў — стабільнасьць і сацыяльная абароненасьць.

Пры анкетаваньні 182 чалавек экспэрты BIPART атрымалі наступныя вынікі. Самымі вялікімі плюсамі чыноўніцкай пасады названыя «магчымасьць самарэалізацыі», а таксама «сацыяльная абароненасьць і стабільнасьць». Мінусам свайго статусу пераважная большасьць лічыць нізкі заробак. Але матэрыяльны фактар пры выбары месца працы, на іх жа думку, ня мае вырашальнай ролі.

Многія апытаныя зьвязваюць сваю задаволенасьць жыцьцём з такой матывацыяй, як «служэньне грамадзтву». Яна нават апярэдзіла такія фактары, як:

* «Маё кіраўніцтва падтрымлівае маю ініцыятыву, нават калі яна можа аказацца няўдалай».

* «Маё кіраўніцтва падтрымлівае мяне ў здабываньні новых ведаў і навыкаў»;

* «Мне прыемна расказаць сябрам і знаёмым, дзе я працую».

Парадаксальнасьць вынікаў апытаньня аналітык BIPART Іна Рамашэўская тлумачыць тым, што абраная для анкетаваньня аўдыторыя вельмі даткліва рэагуе на апытаньні, якія праводзяцца недзяржаўнымі арганізацыямі:

Іна Рамашэўская
Іна Рамашэўская

«Для дасьледаваньня мы сьвядома выкарыстоўвалі мэтодыку „сьнежнага камяка“, калі рэспандэнты перадаюць анкеты адзін аднаму. Такім чынам асноўная колькасьць рэспандэнтаў атрымлівае анкеты ад тых, каму найбольш давярае. Звычайна такая мэтодыка ўжываецца для дасьледаваньня „цяжкадаступных“ групаў. Ёсьць некаторы парадокс у тым, што мы мусім ужываць яе для дасьледаваньня дзяржаўных службоўцаў, якія апрыёры павінны быць найбольш даступнымі для насельніцтва. Спадзяёмся, што гэтая сытуацыя ў будучым палепшыцца».

Іншы аўтар дасьледаваньня, дырэктарка Школы маладых мэнэджэраў публічнага адміністраваньня Sympa Натальля Рабава, перакананая:

Натальля Рабава
Натальля Рабава

«Аснова якаснага дзяржапарату — гэта людзі, матывацыю выбару працы якіх трэба добра разумець, каб аптымальна выбудоўваць сыстэмы найманьня, заахвочваньня, магчымасьцяў для самарэалізацыі на працоўным месцы».

Аднак у шэрагу постсавецкіх краінаў чынавенская пасада даўно стала сынонімам «кармушкі», якая прыносіць стабільны прыбытак у выглядзе «левых» грошай — хабараў ды «адкатаў» за лабіраваньне пэўных інтарэсаў. Значная колькасьць карупцыйных спраў у беларускім дзяржсэктары сьведчыць, што і для тутэйшых дзяржслужбоўцаў гэта ня толькі месца, дзе можна «служыць грамадзтву», але і спосаб папоўніць уласную скарбонку. Зрэшты, як кажа Натальля Рабава, за мэту дасьледаваньня «спадарожныя выдаткі» дзяржаўнай дзейнасьці ня ставіліся:

«Наша дасьледаваньне высьвятляе матывацыю да працы, а не матывацыю да карупцыі, таму складана нешта сьцьвярджаць... Мы дасьледуем як унутраныя фактары, якія матывуюць дзяржаўных службоўцаў да выбару менавіта гэтай працы, так і зьнешнія. То бок фактары, якія прысутнічаюць у працы, у тым ліку і матэрыяльныя. І, як высьветлілася — зноў жа, з адказаў саміх рэспандэнтаў — для іх грашовы фактар не настолькі значны. Ён для іх займае ледзь не апошнія месцы ў рэйтынгах. Вядома, складана меркаваць пра тое, наколькі тут людзі хітруюць альбо не. Тым ня меней мы маем тыя вынікі, якія маем. Мэтодыка, якую мы выкарыстоўвалі, — яна міжнародная, ужываецца ў дасьледаваньнях па розных краінах, таму, у прынцыпе, у будучым можна параўнаць матывацыю чыноўнікаў — падобная яна ці не падобная ў Беларусі і ў іншых дзяржавах».

Адна з дэкляраваных мэтаў цэнтру BIPART — прасоўваньне рэформы сыстэмы публічнага адміністраваньня ў Беларусі. У 2015 годзе экспэрты праводзяць дасьледаваньні, прысьвечаныя кіраваньню кадрамі на дзяржаўнай службе. Вось некаторыя рэкамэндацыі да дзяржаўных органаў па выніках апошняй працы:

* Пры стымуляваньні службоўцаў улічваць важнасьць такіх фактараў, як падтрымка ініцыятывы і магчымасьць набыцьця новых ведаў і навыкаў. Важнасьць стабільных умоў працы і самарэалізацыі ў цэлым.

* Пры адборы на дзяржаўную службу ўлічваць тое, што кансалідуючы фактар матывацыі дзяржслужбоўцаў, верагодна, — эмпатыя (ад грэцкага Empatheia — суперажываньне, спачуваньне), а фактар, які падвышае іх задаволенасьць жыцьцём, — служэньне грамадзтву.

* Пры плянаваньні рэформы сыстэмы дзяржаўных службоўцаў не факусавацца выключна на падвышэньні аплаты працы, бо іншыя фактары матывацыі, як паказвае дасьледаваньне, ня менш важныя для саміх чыноўнікаў.

* Рэгулярна праводзіць дасьледаваньні матывацыі і задаволенасьці рознымі аспэктамі працоўнай дзейнасьці ў супрацоўніцтве зь незалежнымі дасьледчымі арганізацыямі, даваць адкрыты доступ да такіх матэрыялаў, абмяркоўваць іх вынікі з грамадзкасьцю.

Згодна з афіцыйнай статыстыкай, агульная колькасьць занятых у органах дзяржаўнага кіраваньня Беларусі — блізу 160 тысяч чалавек. І гэта без уліку сілавых структур. Тым часам пад дахам аднаго толькі МУС працаўладкавана пад 140 тысяч чалавек — паводле ААН, у Беларусі на 100 тысяч чалавек насельніцтва прыпадае 1442 міліцыянты. Ва Ўзброеных сілах служаць больш за 60 тысяч вайскоўцаў і цывільных кантрактнікаў. А яшчэ «кадры», якія ў непразрыстай герархіі складана нават падлічыць — штатныя і добраахвотныя супрацоўнікі КДБ, байцы разгалінаваных службаў аховы і г.д.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG