У нядзелю на мітынгу супраць расейскай вайсковай базы ў Беларусі Ўладзімер Някляеў нечакана абвясьціў аб правядзеньні там жа на плошчы Свабоды ў Менску ўстаноўчага сходу руху «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць» і заявіў, што ўдзельнікі акцыі аўтаматычна становіцца яго сябрамі. Пасьля гэтага на сходзе фармальна абралі каардынатараў і лідэра руху. Некаторыя ўдзельнікі таго сходу ўжо выказалі нязгоду з гэтым. Свабода пагутарыла з Уладзімерам Някляевым.
— Спадар Уладзімер, якія ў вас далейшыя пляны наконт руху «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі»?
— Увогуле я разам з ініцыятарамі стварэньня руху «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі» зьбіраўся праводзіць устаноўчы сход пазьней, пасьля прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, бо сёньня інтарэсы людзей знаходзяцца трохі ў іншым рэчышчы.
Але падзеі, якія адбываюцца штодзённа, і найперш тыя намеры, якія выявіла кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі па разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі сваёй вайсковай базы, змусілі нас паскорыць стварэньне гэтага руху.
Мы будзем займацца цяпер якраз тым, пра што я казаў учора на народным сходзе: актывізаваць людзей у супрацьстаяньні намерам разьмясьціць на беларускай зямлі расейскую вайсковую базу, патрабаваць ад кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь ні ў якім разе ніякіх дамоваў па чужых вайсковых базах не падпісваць.
Беларусы пакуль не разумеюць усёй небясьпекі, якая стаіць за гэтым праектам. Ніхто ім гэтага не тлумачыць. Афіцыйная прапаганда па-ранейшаму распавядае пра тое, што толькі Расея нам сябар, толькі яна наш саюзьнік, толькі яна дапаможа нам выжыць у гэтай няпростай сытуацыі.
Гэта супярэчыць рэальнаму стану рэчаў. Расея на сёньняшні дзень выглядае агрэсарам. Яна вядзе агрэсіўную палітыку ня толькі ў адносінах да Сырыі, якую яна цяпер таксама называе ледзьве ня часткай Вялікай Русі, але і ў адносінах да найбліжэйшых нашых суседзяў, да Ўкраіны — там агрэсія ня скончана. І гэта павінна змусіць беларусаў задумацца: калі гэта адбываецца з нашымі суседзямі, чаму ня можа адбыцца і з намі?
Я лічу, што мы павінны скансалідавацца ў намаганьнях не дапусьціць рэалізацыі плянаў па разьмяшчэньні расейскай вайсковай базы, бо гэта наўпрост супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і нашым нацыянальным інтарэсам. І тую пастанову, якую мы прынялі ўчора на народным сходзе, мы будзем намагацца давесьці да як мага большай колькасьці людзей і арганізуем падпісаньне гэтай пастановы як мага большай колькасьцю людзей.
— А ці зьбіраецеся вы афіцыйна рэгістраваць гэты рух?
— Што тычыцца нашых дзеяньняў наконт рэгістрацыі руху, то мы, безумоўна, будзем падаваць дакумэнты па факце ўстаноўчага сходу і падтрымкі гэтай ідэі на сходзе.
— Колькі людзей ужо далучыліся да вашага руху? Які чалавечы патэнцыял у вас на сёньня?
Думаю, што калі падзеі будуць разьвівацца так, як яны разьвіваліся, калі палітыка нашай усходняй суседкі будзе весьціся бязь зьменаў, то гэты рух у бліжэйшым часе мае пэрспэктыву стаць самым масавым.
— На дадзены момант, апроч патэнцыялу Плошчы, ёсьць некалькі соцень людзей, якія рыхтаваліся да ўдзелу ва ўстаноўчым сходзе пасьля 11 кастрычніка. Мы працавалі найперш з грамадзкімі арганізацыямі, якія не заангажаваныя ў апазыцыйнай палітыцы, некаторыя зь іх падтрымалі ініцыятыву стварэньня гэтага руху, і будзем і далей з гэтымі людзьмі працаваць. Я думаю, што калі падзеі будуць разьвівацца так, як яны разьвіваліся, калі палітыка нашай усходняй суседкі будзе весьціся бязь зьменаў, то гэты рух у бліжэйшым часе мае пэрспэктыву стаць самым масавым.
— Якія грамадзкія арганізацыі вас падтрымалі?
— Мы назавем іх, калі будзем праводзіць устаноўчы сход, калі гэтыя людзі прыйдуць. Я не магу казаць за іх.
— Учора некаторыя выказвалі незадаволенасьць, што вы аўтаматычна залічылі ўсіх удзельнікаў мітынгу ў заснавальнікі вашага руху: маўляў, людзі прыходзілі пратэставаць супраць базаў, а не ствараць новыя рухі. Што вы адкажыце на гэтыя прэтэнзіі?
— Згодна з палажэньнем пра ўстаноўчы сход удзельнікі ўстаноўчага сходу зьяўляюцца заснавальнікамі і сябрамі той арганізацыі, якую яны ўтвараюць. Гэта не мая прыдумка, гэта ёсьць у афіцыйных дакумэнтах. Там адзін чалавек на ўсю плошчу не хацеў гэтага (а хто бачыў гэтага чалавека, бачыў, у якім ён быў стане). І я сказаў яму: калі ня хочаш, можаш у гэты рух не ўступаць, цябе ніхто не прымушае.
— А ці ўзгаднялі вы з астатнімі палітыкамі, якія былі на мітынгу, свой намер правесьці на акцыі своеасаблівы ўстаноўчы сход руху «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі»?
— Не з усімі, але з тымі палітыкамі, якія падтрымліваюць ідэю стварэньня руху, я гэта ўзгадняў.
Калі мы не аб’яднаемся вакол рэальнай небясьпекі, якая пагражае нашай незалежнасьці, нашай дзяржаўнасьці, то я ня ведаю, вакол чаго яшчэ можа аб’яднацца дэмакратычная супольнасьць.
Тут трэба разумець, што ў тым стане, у якім сёньня знаходзіцца тытульная апазыцыя, безумоўна, ня ўсе будуць успрымаць на ўра ідэю стварэньня нейкага руху. Але я ўсім тлумачу, што гэты рух не зьвязаны наўпрост з апазыцыяй — гэта грамадзкі рух. Чаго вы ўжо так асьцерагаецеся? Я б на іх месцы гэтую ініцыятыву падтрымаў, бо яна на сёньня найбольш запатрабаваная, бо ёсьць рэальная небясьпека. Калі мы не аб’яднаемся вакол гэтага, то я ня ведаю, вакол чаго мы аб’яднаемся. Калі мы не аб’яднаемся вакол рэальнай небясьпекі, якая пагражае нашай незалежнасьці, нашай дзяржаўнасьці, то я ня ведаю, вакол чаго яшчэ можа аб’яднацца дэмакратычная супольнасьць.
— А як людзям паверыць у тое, што з рухам «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі» ня здарыцца тое ж самае, што і з кампаніяй «Гавары праўду»?
— Кампанія «Гавары праўду» стваралася як апазыцыйная структура, яна стваралася пад канкрэтны праект — пад выбары 2010 году. Кампанія «Гавары праўду» стваралася пераважна з частак іншых апазыцыйных структур, якія былі нязгодныя з палітыкай, якую праводзіла кіраўніцтва іхніх партыяў. Абсалютна паводле іншага прынцыпу ствараецца рух «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць». Ён ствараецца не на палітычнай аснове, а на патрыятычнай — і гэта істотная розьніца. Апроч таго, я ня быў на самым пачатку стварэньня кампаніі «Гавары праўду», гэтым займаліся іншыя людзі — я ўжо быў далучаны да той структуры, якая склалася. У дадзеным выпадку я ініцыятар гэтага руху, і я нясу адказнасьць за яго далейшы лёс.
Што тычыцца кампаніі «Гавары праўду», то яна як існавала, так нібыта і існуе. Толькі цяпер (а дакладней, апошнія 1,5–2 гады) я ня згодны з той палітыкай, якую стала праводзіць большасьць сяброў кампаніі «Гавары праўду» — згодніцкай палітыкай, скіраванай на ўдзел у выбарах 2015 году.
Я неаднойчы казаў на ўсіх паседжаньнях, на сустрэчах з актывам, што гэта вельмі шкодная палітыка, што яна прывядзе да яшчэ большага распаду ў апазыцыі. Што яна прывядзе да блытаніны ў сьвядомасьці грамадзтва, што гэта стане вельмі кепскай меткай на самой кампаніі «Гавары праўду». Але, на жаль, мае перакананьні да большасьці не дайшлі.
А калі большасьць спавядае іншыя прынцыпы, іншыя падыходы, то ты мусіш гэтай большасьці супярэчыць. У выніку я зрабіў тое, што зрабіў — я выйшаў з кампаніі «Гавары праўду», каб ня ўдзельнічаць у тым, у чым удзельнічае цяпер большасьць кампаніі на чале зь яе кіраўніцтвам.
Што да руху «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць», то гэты рух не ствараецца, як тая ж кампанія «Гавары праўду», пад нейкую адпаведную палітычную мэту. Кампанія «Гавары праўду» стваралася пад выбары 2010 году, і, дарэчы, даіснавала з гэтай мэтай да 2015 году і зноў удзельнічае ў выбарах.
Рух «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць» — гэта доўгатэрміновая пэрспэктыва змаганьня за нашу краіну.
А рух «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць» — гэта доўгатэрміновая пэрспэктыва змаганьня за нашу краіну. Ня сёньня і ня заўтра мы вырашым пытаньне нашай незалежнасьці і дзяржаўнасьці. І я буду змагацца за гэта столькі, колькі ў мяне на гэта хопіць духоўных і фізычных сіл.
— Паколькі вы самі закранулі тэму мэтаў кампаніі «Гавары праўду», то напрошваецца пытаньне: калі вы былі згодныя з мэтамі кампаніі ў 2010 годзе, то чаму ня згодныя з гэтымі мэтамі ў кантэксьце 2015 году?
— Калі нехта помніць, то ў 2010 годзе я настойваў на тым жа, на чым настойваў і ў 2015-м. Я настойваў на абраньні і вылучэньні адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазыцыі. І калі б гэта сталася ў 2010 годзе, не было б таго, што было на Плошчы — крыві, разгону і разгрому апазыцыі.
Шмат часу я затраціў на тое, каб давесьці ўсім удзельнікам дэмакратычных працэсаў неабходнасьць абраньня адзінага кандыдата і адзінай праграмы на выбарах 2015 году.
Я зрабіў для гэтага ўсё, што мог. Спачатку я сам прэтэндаваў на адзінага кандыдата. Убачыўшы, што ў мяне не выходзіць, пачаў прапаноўваць іншым. Але ў апошні момант, калі я ўжо скарыстаў усе магчымасьці і амаль што дасягнуў мэты, на гэтым шляху ўстала кіраўніцтва, мае паплечнікі з кампаніі «Гавары праўду», і гэты працэс быў сарваны.
Гэта ўжо калізія, якая не мае дамоўнага вырашэньня: тут або ты застаесься і падтрымліваеш гэтую палітыку, або ты выказваеш катэгарычную нязгоду зь ёй, што я і зрабіў, выйшаўшы з усіх апазыцыйных аб’яднаньняў — у тым ліку з «Гавары праўду».
Як паказвае досьвед, мае асьцярогі апраўдваюцца. Мы бачым поўны дысананс у стане апазыцыі і бачым грамадзтва, якое ў большасьці сваёй расчаравалася ў дзейнасьці дэмакратычнай беларускай апазыцыі.
— А чаму вы ўсё ж такі гэтак разышліся са сваімі паплечнікамі? На прэс-канфэрэнцыі ў канцы жніўня вы казалі, што гэта ў тым ліку справа рук КДБ. Вы сёньня настойваеце на гэтым?
— Я сказаў тое, што на той час палічыў неабходным, патрэбным сказаць. Сказаў гэта дзеля таго, каб было ясна, з чым і з кім мы маем справу на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году. На жаль, гэта не было ўспрынята належным чынам, і вяртацца да гэтага ў мяне няма ніякага жаданьня.