Вынікі верасьнёўскага апытаньня НІСЭПД не прынесьлі вялікіх сэнсацыяў. Яны зафіксавалі тыя трэнды беларускай масавай сьвядомасьці, якія для ўважлівага дасьледчыка былі зразумелыя. Тэндэнцыі не памяняліся, хоць пэўная карэкцыя адбылася.
Як вядома, падчас выбарчых кампаніяў адбываецца мабілізацыя электарату. У выніку чаго рэйтынгі ўсіх палітычных структураў і палітыкаў, якія ўдзельнічаюць у выбарах, растуць. Хоць прэзыдэнцкая кампанія ў краіне праходзіць млява, з загадзя вядомым вынікам, тым ня менш мабілізацыя электарату адбываецца. Таму заканамерна, што вырас электаральны рэйтынг і Аляксандра Лукашэнкі, і ўсіх іншых кандыдатаў, якія ўдзельнічаюць у кампаніі. Даўно вядомая ісьціна, што прэзыдэнцкія выбары, нават у тым фармаце, у якім яны праходзяць у Беларусі, даюць магчымасьць палітыку зьявіцца на вялікім палітычным экране, набыць агульнанацыянальную вядомасьць. У выніку нават спэцыяліст па бабрах Улаховіч, сьпецыфічныя выказваньні якога ўжо цытуюць, як Жванецкага, здабыў рэйтынг 3,6%. А хто ня ўдзельнічае, хто зьбіраецца ў грыбы, тых няма. Зразумела, яны ёсьць у асяродзьдзі форумных апазыцыйных актывістаў, але на агульнанацыянальным экране — няма. Як адзначана ў прэс-рэлізе НІСЭПД, «сумарная падтрымка лідэраў апазыцыі, якія заклікалі байкатаваць або ігнараваць выбары, не перавысіла 8%, пры гэтым максымальную колькасьць галасоў у адкрытым пытаньні сабраў Мікалай Статкевіч — 3,5%, а астатнія па адсотку і менш».
Таксама заканамерна, што другім пасьля Лукашэнкі палітыкам па ўзроўні рэйтынгу стала Тацяна Караткевіч. За кандыдата ад кампаніі «Гавары праўду» ў закрытым пытаньні (калі даецца сьпіс з прозьвішчамі) сёньня гатовыя галасаваць 17,9%, а ў адкрытым — 7,2% рэспандэнтаў. Бо яна здабыла падтрымку пратэстнага электарату.
Варта зазначыць, што апытаньне праводзілася фактычна яшчэ да пачатку агітацыйнай кампаніі, да выступаў кандыдатаў па тэлебачаньні. Можна меркаваць, што на сёньня, у выніку мабілізацыі і палярызацыі электарату, рэйтынг Караткевіч стаў яшчэ большы. Дарэчы, думаю, што рэйтынг і Міколы Статкевіча пасьля дзьвюх вулічных акцыяў таксама павысіўся.
20,7% грамадзян лічаць сябе ў апазыцыі да ўлады, 15,5% — падтрымліваюць байкот. Вось гэта цьвёрды апазыцыйны электарат. А ўдзельнічаць у галасаваньні зьбіраюцца 72,5%. То бок прыхільнікі няўдзелу ў выбарах топчуцца ў тым самым апазыцыйным гета, як і шмат гадоў дасюль. І выходзіць за яго межы не зьбіраюцца. Можна меркаваць, што адносна высокі рэйтынг Караткевіч утварыўся дзякуючы падтрымцы з боку нэўтральнага электарату, «балота».
Калі апазыцыйны электарат ня пойдзе на выбары, на выбарчыя ўчасткі прыйдуць у асноўным прыхільнікі Лукашэнкі, і ў выніку дзейны кіраўнік атрымае большасьць у першым туры. Законы арытмэтыкі і ніякага дзіва. Апытаньне НІСЭПД толькі пацьвердзіла гэта.
Прыкладна палова выбаршчыкаў (47,6%) лічаць, што цяперашнія выбары прэзыдэнта будуць свабоднымі і справядлівымі, а ня згодныя з гэтым 34,4%. Людзей, якія жывуць у сацыяльных сетках і камунікуюць толькі з аднадумцамі, гэтыя лічбы могуць шакаваць. Але гэта звычайныя, стандартныя паказчыкі, якія сьведчаць пра тое, што палітычная структура беларускага электарату не мяняецца шмат гадоў.
Тут цікава вось што. Толькі 36,4% лічаць, што ў ходзе цяперашняй выбарчай кампаніі ўмовы ва ўсіх кандыдатаў у прэзыдэнты роўныя. А ня згодныя з гэтым — 48,9%. Менш за 40% выбаршчыкаў лічаць, што ЦВК — гэта «бесстароньні орган, які кіруецца ў сваёй працы толькі законам», а палова — што гэта «орган, які кіруецца ў сваёй працы перш за ўсё ўказаньнямі прэзыдэнта». То бок каля 10% тых, хто прызнае беларускія выбары свабоднымі і справядлівымі, бачаць парушэньні, няроўныя ўмовы, гульню ЦВК на баку Лукашэнкі, але не ацэньваюць гэта як крамолу. Яны лічаць цалкам справядлівым, што кіраўнік дзяржавы выкарыстоўвае сваю ўладу сабе на карысьць! Найбольш важнай праблемай дэмакратыю назвалі толькі 15,5% грамадзян. На гэтым тле апэляцыя апазыцыі да свабодных выбараў ня мае водгуку. Бо самая важная праблема, на думку 47,6% рэспандэнтаў, — гэта мір і стабільнасьць. Якраз тое, што прапануе Лукашэнка.
Праблема ў грамадзтве. А выбары — трохі скрыўленае люстэрка. Выснова ня новая, але з-за гэтага ня менш актуальная.
PS. Хто ня верыць самому апытаньню, просьба не распачынаць бессэнсоўныя спрэчкі на гэты конт.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.