Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску разьвіталіся з Аляксеем Каралём


У Палацы мастацтва ў Менску адбылася цырымонія разьвітаньня з палітыкам, палітолягам, навукоўцам і журналістам Аляксеем Каралём. Ён памёр 12 верасьня пасьля працяглага лекаваньня ў Сынгапуры, дзе жыве сям’я сына. Там жа адбылася крэмацыя. У актавай залі палаца ўсталявалі урну з прахам нябожчыка і ягоны партрэт.

Разьвітацца з Аляксеем Каралём прыйшлі вядомыя ў краіне палітыкі, журналісты, грамадзкія актывісты, навукоўцы. Яны несьлі бел-чырвона-белыя кветкі. Каб выказаць спачуваньне родным, выстройваліся ў чаргу. Усе ахвотныя маглі пакінуць словы спачуваньня ў кнізе памяці пры ўваходзе і ўзяць апошні нумар «Новага Часу», прысьвечаны Аляксею Каралю.

Жалобную імпрэзу вёў журналіст Аляксандар Старыкевіч.

Першым слова ўзяў паплечнік Аляксея Караля ў сацыял-дэмакратычнай партыі Мечыслаў Грыб, які назваў нябожчыка адданым партыі, чалавекам, які шмат рабіў, каб аб’яднаць сацыял-дэмакратычны рух:

«Шкада, што на аднаго шчырага барацьбіта за свабоду, за незалежнасьць нашай краіны, за сацыял-дэмакратыю ў нашай краіне стала менш. Але ягоная справа будзе жыць вечна».+

Мечыслаў Грыб
Мечыслаў Грыб

Уладзімер Някляеў у сваёй прамове ўзгадаў свае юнацкія са спадаром Аляксеем гады і прамовіў:

«Незвычайны лёс і чалавек незвычайны. Для мяне, бадай, найпершая адметнасьць палягае ў тым, што ў нашых стасунках — не заўсёды простых — было тое, што называецца даверам. Калі ён нешта даводзіў, то гэта тое, што ён гатовы адстойваць. Ён ня пойдзе ў суседні пакой казаць штосьці іншае. Пайшоў Кароль — нават каралі сыходзяць. Але засталіся тыя людзі, якім у душу і сэрца заклаў Аляксей Кароль тое каралеўскае, высакароднае — з чым ён пражыў сваё годнае жыцьцё».

Уладзімер Някляеў (у цэнтры)
Уладзімер Някляеў (у цэнтры)

Аляксей Кароль быў сярод заснавальнікаў Партыі народнай згоды і лідэраў сацыял-дэмакратаў. У 2004 годзе балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў. Але шмат каму ён вядомы як выдавец газэты «Згода», галоўны рэдактар газэты «Новы Час». Гэтую газэту літаратары таксама назвалі адзінай незалежнай літаратурнай пляцоўкай. У сваёй прамове пісьменьнік Уладзімер Арлоў адзначыў:

«Сыход Аляксея Караля — гэта вялікая страта для ўсёй журналісцкай супольнасьці. Тут нічога не запярэчыш, але я б сказаў, што сыход Аляксея — гэта цяжкая страта для ўсёй нашай краіны і для ўсёй нацыі. Бо Аляксей заўсёды мысьліў у нацыянальных катэгорыях і ў адпаведнасьці з гэтым будаваў сваё жыцьцё. Ён быў ня толькі рэдактарам, палітолягам, вучоным. Ён ня проста адчуваў і дасьледаваў гісторыю зь яе непрадказальнасьцю і парадаксальнасьцю. Аляксей быў сярод тых, хто сваімі ўчынкамі ствараў гэтую гісторыю і плоць найноўшага часу».

Намесьніца Аляксея Караля ў газэце «Новы час» Аксана Колб ад імя журналістаў выданьня зазначыла, што ягоная справа будзе прадоўжаная і газэта будзе выходзіць па-ранейшаму.

Алена Анісім ад імя Таварыства беларускай мовы дадала:

«Праз год будзе дзесяцігодзьдзе, як Аляксей Кароль падхапіў выданьне „Новага часу“. Ён надаў другое дыханьне газэце, і за гэта яму вялікая ўдзячнасьць. Усе мы рана ці позна пакінем гэты сьвет, але пасьля нас застануцца нашы справы. І па гэтых справах нас будуць узгадваць. І я вельмі ўдзячная, што ён быў з намі ў гэтым жыцьці. Бо такія людзі дазваляюць нам зразумець: жыцьцё даецца недарэмна — яно мае сэнс».

Пасьля разьвітаньня жалобная працэсія рушыла да месца пахаваньня Аляксея Караля — на Паўночныя могілкі Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG