Напярэдадні прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што Кантактная група абмяркуе пытаньне правядзеньня мясцовых выбараў на Данбасе:
«На сустрэчы Трохбаковай кантактнай групы, якая пройдзе заўтра ў Менску, мы за тое, каб выбары ў Данецку і Луганску былі вельмі добра падрыхтаваныя, і былі выкананыя ўсе папярэднія ўмовы адносна дзейнасьці ўкраінскіх СМІ, украінскіх выбарчых камісіяў, адносна таго, каб прыбраць узброеных людзей, таму што пад рулямі кулямётаў выбары ня робяцца», — сказаў Парашэнка на сумеснай з генсекам НАТО Енсам Столтэнбэргам прэс-канфэрэнцыі ў Львове пасьля адкрыцьця міжнародных вучэньняў па ліквідацыі наступстваў надзвычайных сытуацыяў тэхнагеннага характару «Ўкраіна-2015».
Сэпаратысты ДНР і ЛНР прызначылі даты правядзеньня выбараў у мясцовыя органы ўлады (гарадзкія і раённыя адміністрацыі).
Як паведамляюць сайты сэпаратыстаў, выбары ў ЛНР прызначаныя на 1 лістапада, выбары ў ДНР — на 18 кастрычніка.
Раней прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што выбары на Данбасе павінны прайсьці ў рамках украінскага заканадаўства. Мясцовыя выбары ва Ўкраіне прызначаныя на 25 кастрычніка.
Апрача мясцовых выбараў, на Данбасе актуальным зьяўляецца пытаньне парафаваньня дамовы пра адвод ад лініі судакрананьня зброі калібрам меней за 100 мілімэтраў, дыскусія пра якую ідзе зь ліпеня, але пакуль безвынікова.