Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін падпісаў распараджэньне пра авіябазу ў Беларусі

абноўлена

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін падпісаў распараджэньне аб падпісаньні пагадненьня паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Рэспублікай Беларусь аб расейскай авіяцыйнай базе на тэрыторыі Беларусі.

У дакумэнце гаворыцца:

«Прыняць прапанову ўраду Расейскай Фэдэрацыі аб падпісаньні пагадненьня паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Рэспублікай Беларусь аб расейскай авіяцыйнай базе на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

Пуцін даручыў міністэрству абароны Расеі правесьці з удзелам расейскага МЗС перамовы зь беларускім бокам.

«Пасьля дасягненьня дамоўленасьці падпісаць ад імя РФ згаданае пагадненьне, дазволіўшы ўносіць у яго праект, ухвалены ўрадам РФ, зьмены, якія ня маюць прынцыповага характару», — гаворыцца ў распараджэньні Пуціна, якое ён падпісаў 18 верасьня.

Раней прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што пагадненьне аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскай авіябазы будзе падрыхтавана і падпісана ў камфортныя для Менску і Масквы тэрміны.

Урад Расеі 2 верасьня прыняў праект пастановы аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай авіяцыйнай базы. Паводле расейскага боку, пагадненьне будзе «спрыяць арганізацыі супольнай аховы зьнешняй мяжы Саюзнай дзяржавы».

Беларуская апазыцыя выступае супраць разьмяшчэньня ў краіне расейскай авіябазы.

Янукевіч: «Расейская авіябаза — гэта Рубікон, гэта як расейская база ў Крыме»

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Лідэр БНФ Аляксей Янукевіч заяўляе, што тыя кандыдаты ў прэзыдэнты, якім важныя нацыянальныя інтарэсы, у сваіх выступах па тэлебачаньні павінны закрануць тэму расейскай авіябазы

Цыганкоў: Уладзімер Пуцін падпісаў сваё распараджэньне наконт авіябазы, відавочна, разумеючы, што гэтая тэма прыносіць унутрыпалітычныя непрыемнасьці Аляксандру Лукашэнку. Пра што гэта кажа?

Янукевіч: Гэта кажа пра яшчэ большу страту хаця б інімальнага даверу паміж кіраўнікамі Расеі і Беларусі. На сёньня пазыцыя і падтрымка Расеі Лукашэнку вельмі патрэбная, і Пуцін відавочна імкнецца выкарыстаць гэты момант, каб праціснуць вельмі важны для Крамля пункт. Бо няма ў Масквы ўпэўненасьці, як далей будзе паводзіць сябе нібыта галоўны саюзьнік. Лукашэнка і Пуцін адзін адному не давяраюць, і імкнуцца скарыстацца зручным момантам для рэалізацыі ўласных інтарэсаў.

Цыганкоў: Беларуская апазыцыя неаднаразова заяўляла, што выступае супраць гэтай базы. Ці можа гэтая тэма аб’яднаць беларускія нацыянальныя сілы?

Януковіч: Я лічу, што гэтае пытаньне павінна аб’яднаць беларускую апазыцыю — прынамсі, тых, для каго нацыянальныя інтарэсы сапраўды важныя. Гэта ня проста нейкая фармальная авіябаза — гэта пэўны Рубікон, перайшоўшы які, назад вярнуцца будзе вельмі складана і каштаваць гэта будзе вельмі дорага. Мы бачым, чым абярнулася расейская марская база ў Крыме для Ўкраіны, і тым самым можа абярнуцца такая база для Беларусі.

Таму апазыцыі важна аб’яднацца вакол гэтага пытаньня, важна тлумачыць грамадзтву, чым гэта небясьпечна. Прычым у грамадзтве існуе пазыцыя большасьці, якая лічыць, што гэтая база нам не патрэбная. Пазыцыя грамадзтва, я лічу, можа паўплываць на Лукашэнку, каб гэтыя пагадненьні нейкім чынам адцягнуць і ўрэшце пахаваць. І тут якраз ёсьць магчымасьць, пакуль выступаюць кандыдаты ў прэзыдэнты на тэлебачаньні. Я лічу, што гэтая тэма вельмі ясна і канкрэтна павінна прагучаць у выступах тых кандыдатаў, якія заяўляюць, што ім нацыянальныя інтарэсы важныя.

Мельянцоў: Выдадзенае Пуціным распараджэньне не зьяўляецца падпісанай дамовай аб авіябазе

Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў

У размове з Радыё Свабода палітоляг Дзяніс Мельянцоў зьвяртае ўвагу, што выдадзенае Пуціным распараджэньне зусім не зьяўляецца падпісанай дамовай аб авіябазе. Гэта толькі даручэньне працягваць працу, прэзыдэнт Расеі даручае міністэрству абароны Расеі правесьці з удзелам расейскага МЗС перамовы зь беларускім бокам.

Мельянцоў: «Дакумэнт ня ўтрымлівае канкрэтных дэталяў авіяцыйнай базы, якую расейскі бок прапаноўвае стварыць на тэрыторыі Беларусі. Там няма ані колькасьці кантынгенту, ані месца дысьлякацыі — можна сказаць, гэта чарнавік.

Той факт, што расейскі бок выкінуў яго ў публічную прастору, — гэта сьведчыць, што няма кансэнсусу паміж Менскам і Масквой. І гэта можна лічыць сродкам ціску — калі да канца ня ўзгоднены дакумэнт укідваецца ў публічную прастору, для грамадзкасьці. Гэта нібы дэманстрацыя — вось пазыцыя расейскага боку, неяк рэагуйце на гэта.

Распараджэньне Пуціна якраз сьведчыць, што перамоўны працэс ня скончаны, ён будзе працягвацца. Прадметам далейшых перамоваў зьяўляецца і колькасны склад гэтай авіябазы — бо дасюль невядома, ці гэта будзе полк, ці іншы кантынгент, колькі яго будзе абслугоўваць людзей.

Відавочна, што ў інтарэсах Беларусі як мага далей зацягваць гэты працэс, бо стварэньне такой базы супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі і таму палітычнаму кантэксту, які склаўся ва ўмовах украінскага крызісу.

Цыганкоў: Калі Крэмль наўмысна выносіць гэты дакумэнт у публічную прастору падчас выбарчай кампаніі — то якія мэты ён ставіць перад сабой?

Мельянцоў: Крэмль ставіць мэту як мага хутчэй даціснуць Менск і прыняць гэта рашэньне. Бо ягоная задача — зрабіць хуткі адказ на крокі НАТО ў рэгіёне, перадысьлякацыю тэхнікі і магчымасьць разгортваньня натаўскіх штабоў у краінах Усходняй Эўропы.

Таму стварэньне гэтай базы варта разглядаць не ў кантэксьце двухбаковых расейска-беларускіх адносінаў, а ў кантэксце новай халоднай вайны паміж Расеяй і Захадам. І тут стварэньне гэтай базы на тэрыторыі Беларусі — гэта расейскі адказ на дзейнасьць НАТО ў рэгіёне. Таму Масква зацікаўленая зрабіць гэта як мага хутчэй».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG