Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што недалучэньне краіны да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі можа прынесьці ёй больш карысьці, чым далучэньне.
«У дадзеным выпадку мы не сьпяшаемся ўступіць у УГА. Я думаю, што нам трэба моцна прааналізаваць сытуацыю, і, можа, няўдзел Беларусі сёньня ў УГА нам прынясе карысьць большую, чым уступленьне ў УГА», — сказаў ён падчас візыту ў Сочы.
Лукашэнка не выключае, што краіна можа апынуцца пад ціскам, каб Менск яшчэ ніжэй апусьціў мытныя пошліны.
«Але гэта тады разбурыць увесь эканамічны саюз. Таму мы спыніліся, адэкватна вывучаем сытуацыю, каб не дапусьціць гэтых памылак, і нашы партнэры і калегі павінны пра гэта ведаць», — сказаў Лукашэнка.
Раней міністар эканамічнага разьвіцьця Расеі Аляксей Улюкаеў заявіў, што Расея будзе максымальна спрыяць уступленьню Беларусі ў УГА на годных умовах, перадае БелТА.
Чаму Лукашэнка кажа, што Беларусь ня будзе сьпяшацца ўступіць у УГА? І ці выгадна гэта Беларусі?
Паводле кіраўніка аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслава Раманчука, Казахстан і Расея, а таксама Ўкраіна і ўсе суседзі Беларусі ўжо ўступілі ў гэтую арганізацыю.
Насамрэч Лукашэнка ня будзе блякаваць, а будзе стымуляваць уступленьне ў УГА
«Таму нават дзеля задачы, якую Лукашэнка ставіць, а гэта дывэрсыфікацыя гандлю і краіны, уступленьне ў УГА было б мэтазгодным. Тыдзень таму кіраўнік МЗС Макей узгадніў „дарожную мапу“ па правядзеньні перамоваў для ўступленьня Беларусі ў УГА. Таму гэтыя словы Лукашэнкі — гэта спроба паказаць у Расеі перад Уладзімерам Пуціным, што нам, маўляў, патрэбна толькі Расея. А насамрэч Лукашэнка ня будзе блякаваць, а будзе стымуляваць уступленьне ў УГА. Хоць гэта не зьяўляецца чыньнікам ці маторам правядзеньня рэформаў у нашай краіне».
— А што тычыцца Эўразійскага саюзу — чаму Лукашэнка кажа, што ўступленьне Беларусі ў УГА можа разбурыць эканамічны саюз?
— Эўразійскі саюз — гэта саюз выняткаў і абмежаваньняў. Гэта нічога не разбурыць. Больш імаверна тое, што «Газпром» альбо нафтавыя бароны ці чыгунка гэта разбураць, а не УГА ці дамовы з трэцімі краінамі ў дачыненьні да Эўразійскага саюзу. Лукашэнка баіцца, што Беларусь у Эўразійскім саюзе — краіна з найбольшым мытам і бар’ерамі. Сяброўства ў УГА дае магчымасьць Казахстану ці Расеі, калі не працуюць органы змушэньня Беларусі да зьніжэньня мытных пошлінаў, зьвяртацца ў УГА, каб празь яе гэтыя рэчы прасоўваць. Так, тут трэба лібэралізаваць гандаль. І калі Лукашэнка кажа пра свабоду і незалежнасьць, то свабода найперш прадугледжвае адмену ўсіх бар’ераў на зьнешні гандаль. І для нас была б выгадна адсутнасьць гэтых бар’ераў.