Удзельнікі: незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін і палітоляг Андрэй Фёдараў.
Што стаіць за гэтымі плянамі Масквы?
Валер Карбалевіч: «Размовы пра дысьлякацыю на тэрыторыі Беларусі расейскай вайсковай авіябазы ідуць яшчэ з 2013 году, калі ў Менск прыяжджаў міністар абароны РФ Сяргей Шайгу. То бок пытаньне паўстала яшчэ да ўкраінскага крызісу, да пачатку новай „халоднай вайны“ паміж Расеяй і Захадам. А цяпер пытаньне актуалізавалася. Навошта Масква ўцягвае Беларусь у свой канфлікт з Захадам?»
Аляксандар Алесін: «Першапачаткова расейская вайсковая база ў Беларусі павінна была супрацьдзейнічаць базе супрацьракетнай абароны ў Польшчы. А пасьля таго, як абвастрылася супрацьстаяньне паміж Расеяй і Захадам з-за Ўкраіны, у прылеглых да Расеі і Беларусі краінах НАТО сталі стварацца сілы хуткага рэагаваньня, стварацца штабы, пытаньне пра авіябазу актуалізавалася. Расея хоча атрымаць сродкі нэўтралізацыі НАТО».
Андрэй Фёдараў: «Расея выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі ў сваім супрацьстаяньні НАТО. Масква хоча ці то прадэманстраваць Захаду сваю гатоўнасьць даць адказ, ці то насамрэч даць адказ».
Пазыцыя Беларусі
Карбалевіч: «А навошта ўсё гэта Беларусі? Афіцыйны Менск, скарыстаўшыся ўкраінскім крызісам, пачаў нармалізацыю адносін з Захадам. Вызвалены палітвязьні. Беларускія ўлады вельмі ганарацца, што Менск стаў цэнтрам міратворчых высілкаў па замірэньні ва Ўкраіне. А разьмяшчэньне тут расейскай авіябазы ў значнай ступені разбурае ўсю замежнапалітычную канструкцыю, якую беларускае кіраўніцтва будавала апошнія паўтара года. І вайсковы сувэрэнітэт Беларусі апынецца пад пытаньнем. Падвіснуць усе запэўніваньні Лукашэнкі, што зь беларускай тэрыторыі ня будзе ваеннай пагрозы Ўкраіне».
Алесін: «У Беларусі вялікі дэфіцыт грошай, патрэбная расейская фінансавая дапамога. Прычым Масква, у адрозьненьне ад Захаду, не патрабуе дэмакратыі, рынкавых рэформаў. Дастаткова разьмясьціць авіябазу і за гэта атрымаць грошы.
Яшчэ ў кастрычніку 2013 году міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу заявіў, што міждзяржаўная дамова аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай авіябазы ўзгоднена. Але Менск сабатаваў гэты працэс цэлыя два гады. Цяпер працэс падштурхнула нярадасная эканамічная сытуацыя ў Беларусі».
Карбалевіч: «Але зь беларускага боку пакуль ніякага пацьверджаньня няма».
Алесін: «Урад Расеі прапанаваў прэзыдэнту РФ да падпісаньня гэтае пагадненьне. Відавочна, такі дакумэнт ляжыць і ў Менску. Інфармацыя пра разгляд гэтага пытаньня ва ўрадзе РФ — гэта сродак ціску на Менск, каб пазбавіць Беларусь прасторы для адступленьня».
Яно непрыемнае, па-першае, таму, што беларускае кіраўніцтва ведае, як Расея выкарыстала сваю базу ў Крыме, каб яго захапіць. Па-другое, Менск ня хоча псаваць адносіны з Захадам.
Фёдараў: «Беларусі гэтая авіябаза зусім не патрэбная, і беларускае кіраўніцтва гэта разумее. Таму і зацягвае пытаньне цэлыя два гады. Яно непрыемнае, па-першае, таму, што беларускае кіраўніцтва ведае, як Расея выкарыстала сваю базу ў Крыме, каб яго захапіць. Па-другое, Менск ня хоча псаваць адносіны з Захадам.
Сапраўды, інфармацыя ў прэсе пра абмеркаваньне расейскім урадам гэтага пытаньня — гэта бесцырымонны ціск на Беларусь. Думаю, Менску ня будзе куды падзецца, ён вымушаны будзе пагадзіцца. Бо ў Расеі моцныя рычагі ўплыву».
Ці зможа Лукашэнка супраціўляцца?
Карбалевіч: «Апошнія 20 гадоў мы шмат чулі, што Расея атрымае ў адносінах зь Беларусьсю ўсё што хоча, што Лукашэнку няма куды падзецца. Але факты паказваюць, што гэта не зусім так. Лукашэнка пасьпяхова адбіваецца ад плянаў расейскага капіталу наконт прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў. Шмат гадоў Лукашэнка сабатаваў рэальнае стварэньне сумеснай супрацьпаветранай абароны. Як цяпер будзе выкручвацца Лукашэнка? Запатрабуе ад Расеі вялікіх грошай?»
Алесін: «У Лукашэнкі няма ня толькі грошай, але і часу. Тэрмінова трэба грошы, каб закрыць дзіркі. Вось цяпер Менск спрабуе выкарыстаць Кітай у якасьці супрацьвагі Расеі. Думаю, працэдуры юрыдычнага афармленьня дамовы аб авіябазе (падпісаньне, ратыфікацыя ў парлямэнце) зацягнуцца да сярэдзіны 2016 году. А палітычнае рашэньне будзе прынятае».
Фёдараў: «Так, раней Лукашэнка мог эфэктыўна супраціўляцца Расеі. Але цяпер сытуацыя для Лукашэнкі значна горшая. Найперш з-за эканомікі. Таму ціск Расеі цяпер будзе значна мацнейшы».
Карбалевіч: «Але пры такім разьвіцьці падзей Беларусь страціць ваенны сувэрэнітэт, ня зможа больш кантраляваць сваю вайсковую, паветраную прастору. Цяпер вайсковыя самалёты Расеі будуць дзейнічаць па камандзе расейскіх генэралаў з Масквы. Лукашэнка больш ня будзе Галоўнакамандуючым на тэрыторыі Беларусі? І імідж Лукашэнкі як самастойнага кіраўніка, як міратворцы ў справе ўрэгуляваньня ўкраінскага крызісу псуецца».
Насамрэч яны будуць падпарадкоўвацца камандуючаму вайскова-паветранымі сіламі і сіламі супрацьпаветранай абароны Беларусі. Бяз згоды беларускага камандаваньня расейскія самалёты ня змогуць падняцца ў паветра нават з тэхнічных прычын.
Алесін: «Не, гэта няправільнае цьверджаньне, што гэтымі самалётамі будуць кіраваць з Масквы. Насамрэч яны будуць падпарадкоўвацца камандуючаму вайскова-паветранымі сіламі і сіламі супрацьпаветранай абароны Беларусі. Бяз згоды беларускага камандаваньня расейскія самалёты ня змогуць падняцца ў паветра нават з тэхнічных прычын. Бо без наземных службаў кіраваньня і абслугоўваньня самалёт ня зможа ўзьляцець, а гэтыя службы — беларускія. Вось жа, у беларускага боку шмат сродкаў, каб не дапусьціць выкарыстаньня расейскіх самалётаў, калі ён гэтага не захоча. А вось іміджавыя страты Лукашэнкі будуць вялікія».
Карбалевіч: «Але тут узьнікае другое пытаньне: навошта Расеі вайсковая база на чужой тэрыторыі, якой яна ня можа скарыстацца на сваё жаданьне?»
Фёдараў: «Я таксама гэта ня вельмі разумею. Амэрыканцы, калі ствараюць свае замежныя базы, то карыстаюцца імі на свой одум. Так, імідж Лукашэнка губляе. Але ў яго цяжкі выбар: страта іміджу — ці эканамічны крах з драматычнымі наступствамі. І асноўная маса насельніцтва ня вельмі абурыцца зьяўленьнем гэтай авіябазы. А вось сацыяльна-эканамічны стан большасьць беларусаў хвалюе значна больш. Ну, апазыцыя пашуміць — і ўсё. Таму з двух ліхаў Лукашэнка выбера меншае».
Ці ўдасца атрымаць грошы?
Карбалевіч: «Як мяркуе аглядальнік нашага радыё Юры Дракахруст, Менск паспрабуе атрымаць грошы і ад Расеі, і ад Захаду. Расеі будзе абяцаць разьмясьціць базу, а Захаду — наадварот, будзе абяцаць яе не разьмяшчаць. Наколькі рэальная такая гульня? Ці будзе вынік?»
Алесін: «Лічу малаімаверным нейкі вынік ад такой тактыкі. З Расеяй у нас існуюць пагадненьні аб ваенным супрацоўніцтве. А з Захадам такіх дамоваў няма.
Цяпер Беларусь атрымлівае ад Расеі новую вайсковую тэхніку па льготнай цане. Гэта зэнітна-ракетныя комплексы „Тор“, вучэбныя зьнішчальнікі „Як-130“ і інш. То бок Лукашэнка ўжо часткова атрымаў плату за базу. Таму я ня ведаю, як ён зможа адмовіцца. І што ён павінен атрымаць ад Захаду, каб пайсьці на рызыку псаваньня адносін з Расеяй».
Фёдараў: «Ня думаю, што Захад моцна спужаецца гэтай авіябазы. І таму менавіта за гэтую базу Захад плаціць ня будзе».