Заяўку на доўгатэрміновую акцыю мэрыя Кішынёва пацьвердзіла яшчэ 1 верасьня — пра гэта заявіў Андрэй Нэстасе, адзін зь лідэраў грамадзянскай плятформы «Годнасьць і праўда» (DA), якая арганізоўвае пратэсты на плошчы Вялікага Нацыянальнага Сходу ў Кішынэве.
Чарговы антыўрадавы мітынг на плошчы заплянаваны на 13 верасьня.
«У гэты дзень, у нядзелю, адбудзецца новая масавая маніфэстацыя, каб пацьвердзіць яшчэ раз нашы патрабаваньні да ўлады. Мы ня бачым іншых перашкодаў, мы будзем стаяць тут, на плошчы...» — заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў сераду 9 верасьня Нэстасе.
Пратэстоўцы выступаюць за адстаўку дзейнага ўраду, парлямэнту і прэзыдэнта і патрабуюць датэрміновых выбараў. Прэзыдэнт Малдовы Нікалае Цімафці і прэм’ер-міністар Валеры Стралец заявілі, што іхная адстаўка яшчэ больш дэстабілізуе сытуацыю. У сераду, 9 верасьня, кіраўнікі DA сустракаліся з прэм’ер-міністрам Валерыем Стральцом і спікерам парлямэнту Адрыянам Конду. Пра вынікі сустрэчы Радыё Свабода распавяла актывістка DA, адна з арганізатарак пратэсту Інга Грыгорыю:
«Мы сёньня былі ва ўрадзе, размаўлялі з прэм’ерам (Валерыем Стральцом. — РС). Дыялёг спачатку быў зь іхнай „высокай“ пазыцыі. І ў выніку яны ніяк не далі нам зразумець, што яны хочуць супрацоўнічаць і разумеюць нас. Былі некаторыя нават абвінавачаньні ў зьмене ўлады, хоць тут пратэстуюць толькі грамадзяне Малдовы.
Пасьля была сустрэча ў парлямэнце, мы сустракаліся са сьпікерам Андрыянам Канду. Гэтая сустрэча прайшла на іншым узроўні, больш схільным да супрацоўніцтва і дыялёгу. У асноўным яны паказвалі, што яны працуюць. Нас гэта не задавальняе. Столькі гадоў прайшло, а краіне ўсё горш і горш. Усе тэрміны, што яны даюць, — ёсьць уражаньне, што яны хочуць дацягнуць, пакуль ня стане холадна, людзі замерзнуць і сыйдуць адсюль.
Дабіліся двух пунктаў асноўных. Калі ў іх будзе ў парлямэнце першае паседжаньне, то можа быць адстаўка кіраўніка Нацбанку і генэральнага пракурора».
Паводле Грыгорыю, намётавы лягер насупраць Дому ўраду толькі разрастаецца.
«У нас вельмі шмат валянтэраў. Людзі толькі пытаюцца: чым вам дапамагчы? Сёньня ўсталёўваем палатку для мерапрыемстваў для прэсы. Усталявалі мэдпункт, на кухні працуюць людзі ад душы, — кажа актывістка. — Але гэта ўсё ня сьвята — гэта пратэст. Пратэст супраць улады. Усе людзі аб’ядналіся супраць іх, супраць тых, хто нас проста трымае ў сваіх інтарэсах, выкарыстоўвае нас для сваёй грашовай выгады. Мы проста нейкі інструмэнт, каб яны пасьля сабе будавалі дамы, каталіся на дарагіх машынах, мелі маёмасьць за мяжой. У выніку гэта ўсё адбіваецца і на малым бізнэсе. Усе грошы, якія мы сплочваем у выглядзе падаткаў, усё гэта проста раскрадаецца з нашых банкаў і выводзіцца ў афшорныя прадпрыемствы».
Грыгорыю, мабыць, мае на ўвазе і скандальны інцыдэнт, які часткова стаў падставай для выхаду людзей на малдаўскую «Плошчу». У лістападзе 2014 году з банкаўскай сыстэмы Малдовы зьнік 1 млрд даляраў — чацьвёртая частка ВУП краіны. Тры малдаўскія банкі выдавалі грошы афшорным кампаніям, у тым ліку ў выглядзе крэдытаў, пра якія адпачатку было зразумела, што іх ніколі ня вернуць. Кампаніі лічаць афіліяванымі з малдаўскім бізнэсмэнам габрэйскага паходжаньня Іланам Шорам — цяпер ён мэр буйнога малдаўскага гораду Архей (Аргееў).
Актывістка DA Інга Грыгорыю ўпэўненая, што пратэсты працягнуцца. Мы папрасілі Інгу пракамэнтаваць распаўсюджанае сярод малдаўскіх пратэстоўцаў меркаваньне пра Аляксандра Лукашэнку як добрага кіраўніка.
«Ня веру, што ўсе так гавораць, — кажа Інга. — Тое, што мы чуем пра рэжым, усталяваны ў Беларусі, — гэта тое, што там ёсьць прэзыдэнт, які трымае ў сваіх руках амаль усё грамадзтва. У вас таталітарны рэжым. Ня ведаю, наколькі беларусам лёгка ад таталітарнага рэжыму. Можа, там чыста, але гэта не дэмакратычна. Таму людзі павінны змагацца, выйсьці з гэтай клеткі. Гэта маё меркаваньне. Я не была ў Беларусі, можа, вам там і добра. Але думаю, што таталітарны рэжым не азначае лепшае жыцьцё».