Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэстоўцы ў Малдове: Калі б у нас быў такі прэзыдэнт, як Лукашэнка, мы б тут не стаялі


Увечары 8 верасьня на цэнтральнай плошчы Вялікага нацыянальнага сходу пратэстоўцы ўсталявалі 226 намётаў. Людзі патрабуюць адстаўкі ўраду, прэзыдэнта Нікалае Цімафці і датэрміновых выбараў. Жыхары намётавага мястэчка кажуць, што імі ж абраныя кіраўнікі іх падманулі, адмаўляюцца ад параўнаньняў з Майданам, спачуваюць Украіне і вельмі хваляць беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнку.

Намётавы гарадок на плошчы не падобны да кіеўскага Майдана нават вонкава. Збольшага тут лёгкія, малыя турыстычныя намёты, балазе надвор’е стаіць цёплае. Што падобна да Майдана — людзі падтрымліваюць дэманстрантаў ежай, пітвом і ўсім, што трэба. За арганізацыю жыцьця гарадку і захаваньне парадку гэтаксама ўзяліся вэтэраны войнаў у Аўганістане і на Днястры. Намёты пранумараваныя, каб ведаць, дзе хто жыве. Часта на намёце шыльда з назвай мясцовасьці, адкуль прыехалі ягоныя жыхары. Шмат нацыянальных сьцягоў і сьцягоў Эўразьвязу.

З абодвух бакоў лягера — «сталовыя», ёсьць два біятуалеты, сьмецьце зьбіраюць арганізавана. З 12 ночы да 6 раніцы ў гарадку абвяшчаюць «ціхую гадзіну», хоць людзі ўсю ноч гамоняць паміж сабой, сьпяваюць песьні і гуляюць па лягеры. Праўда, староньніх просяць на ноч лягер пакінуць.

На відэа: спевы ў лягеры пратэстоўцаў у Кішынёве, вечар 9 верасьня

Лягер пратэстоўцаў у Кішынёве, вечар 9 верасьня
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:15 0:00

Звычайная справа — людзі начуюць у лягеры, адсюль ідуць на працу і зноў вяртаюцца.

Размаўляюць амаль татальна па-румынску. На расейскую мову пераходзяць спакойна, але выбачаюцца за магчымыя памылкі — карыстаюцца ёю ня так часта, і відаць, што для пераважнай большасьці яна зусім ня родная.

Жыць цяжка, а гэтага кіраўніцтва мы ня хочам

Ва ўсім лягеры спрэс кажуць пра цяжкае жыцьцё, малыя пэнсіі і заробкі, высокія цэны на ўсё. Пэнсіянэры, па словах пратэстоўцаў, маюць па 700–800 лей у месяц (каля 35 эўра), а за камунальныя паслугі ўзімку можна заплаціць і 2000 лей.

Віялета і Сяргей, бізнэсоўцы з Кішынёва, застаюцца тут у намёце па чарзе
Віялета і Сяргей, бізнэсоўцы з Кішынёва, застаюцца тут у намёце па чарзе

«Нам не падабаецца, што робіцца з кіраўніцтвам нашай краіны. Яны нам паабяцалі і слова свайго не стрымалі, крадуць усё. Пэнсіі 700–800 лей — у чалавека, які ўсё жыцьцё працаваў. Ня ведаю, як гэтыя пэнсіянэры ўзімку выжываюць. Зараз падвысілі цэны на газ, на сьвятло. І грошы, якія яны скралі з банкаў, — хто іх верне?» — кажа Віялета.

«Хочам зьмяніць кіраўніцтва. Нам не падабаецца такое», — пацьвярджае Сяргей.

Праўда, на каго мяняць чыноўнікаў, якія ўжо не падабаюцца, тут яшчэ ня ведаюць.

«Але гэтых ня хочам пакідаць, — адказвае Віялета. — Мы за іх галасавалі, але яны нас падманулі».

Мікалай толькі скончыў юрыдычны факультэт. Цяпер беспрацоўны
Мікалай толькі скончыў юрыдычны факультэт. Цяпер беспрацоўны

«Вельмі малы заробак — 200 эўра, я не магу за такія грошы працаваць, — хлапец сядзіць на плошчы сярод групы маладых людзей, якія чаргуюць размовы са сьпевамі. — Калі не знайду працы, буду вымушаны зьехаць. Я дакладна ня ведаю, як гэта памяняць. Але спадзяёмся, што ў будучым будзе нешта мяняцца. Сядзець дома — гэта не варыянт. Людзі, якія тут, яны проста незадаволеныя. А палітычнае пытаньне — гэта іншае. Я асабіста за Эўразьвяз, але ёсьць тут людзі нэўтральныя — яны проста хочуць жыць у Малдове, але жыць добра. Моладзь хоча эўраінтэграцыі. Мы думаем, што ў Эўропе лепш жыць, чым у Малдове».

Пра тое, што з Малдовы зьяжджаюць пры першай магчымасьці, таксама кажуць часта. У бізнэсмэна Сяргея зь сямі сясьцёр зьехалі пяць. Усе добра ўладкаваліся ў розных краінах Заходняй Эўропы.

Хоць кажуць, што на плошчы ёсьць і прыхільнікі расейскага вэктару, але сустрэць іх не давялося.

«Мы незалежная рэспубліка! Што нам дала Расея за 24 гады незалежнасьці?! Толькі кепскае. Яна нас разьяднала з Прыднястроўем. Пасеяла варажнечу сярод нас. Мы ня супраць расейцаў, але супраць гэтай варажнечы», — кажа Віялета.

33-гадовы Адрыяну з Кішынёва паказвае каляжы, дзе галоўныя «аб’екты нянавісьці» пратэстоўца — алігархі і прадажныя, на ягоную думку, палітыкі.

Адрыяну
Адрыяну

«Тут адбываецца грамадзянскі пратэст. Мы не перасьледуем палітычных ці ідэалягічных мэтаў. Наша краіна захопленая, мы хочам яе вызваліць. Гэта ўжо ў горле стаіць. Алігархат захапіў усю ўладу ў краіне. Людзі зьяжджаюць, сёлы пусьцеюць. Апошнім часам здавалася, што грамадзтва расчаравалася. Дзякуючы граматным дзеяньням „Грамадзянскай плятформы“ ўдалося абудзіць у людзях іскру і ўзьняць сьцяг перамогі над гэтымі крымінальнікамі», — натхнёна распавядае хлапец. Лідэраў Грамадзянскай плятформы DА (Demnitate şi Adevăr — «Годнасьць і справядлівасьць») — непарлямэнцкага фармаваньня, якое нібыта стаіць за арганізацыяй пратэсту, — уначы тут не відаць або не апазнаць замежнаму журналісту. Ва ўсякім разе, іхніх імёнаў сярод тых, хто мог бы ўзначаліць Малдову ў выпадку новых выбараў, на плошчы нам не называюць.

У лягеры перакананыя, што пратэставаць яны маюць права. На пытаньне, ці не баяцца, што іх арыштуюць ці выганяць з працы ці вучобы, рэагуюць зьдзіўлена. «Мы нават ня думалі пра такое», — адказвае бізнэсмэн Сяргей.

Ваш «Бацька» кажа, што будзе змагацца да апошняга дыху

За Ўкраіну тут перажываюць. Кажуць, што ім гэта ўсё знаёма па Прыднястроўі.

«Хто там вінаваты? Расея! — кажа будаўнік Іван. Сам Іван за тое, каб Малдова аб’ядналася з Румыніяй і ўвайшла ў Эўразьвяз. Тлумачыць, што жыў у Савецкім Саюзе і больш такога ня хоча.

Наўпроставы лінк

«Мы вельмі спачуваем, падтрымліваем іх. Глядзім усе навіны, — апавядае бізнэсмэнка Віялета. — Так у іх атрымалася, што Расея ўмяшалася ў іхнае жыцьцё. Мы лічым, што там вінаватая Расея. Хоць ёсьць у нас людзі, якія лічаць, што вінаватыя самі ўкраінцы, што Расея ні пры чым. Але большасьць лічыць, што Расея. Ня дай Бог, каб у нас такое. Мы за тое, каб пратэставаць мірна. Ня дай Бог, каб тут быў нейкі Майдан».

Пра мірны характар пратэсту людзі паўтараюць увесь час. Кровапраліцьця ня хочуць усе, і ўсе моцна абураюцца, што ўлада адмаўляецца зь імі гаварыць.

Самыя цікавыя і важныя людзі, прынамсі ў начным жыцьці лягера — вэтэраны Аўгану і вайны на Днястры
Самыя цікавыя і важныя людзі, прынамсі ў начным жыцьці лягера — вэтэраны Аўгану і вайны на Днястры

«Мы, апроч Бога, ужо нікога не баімся, нас не запужаць. Усе нашы рэгаліі мы заслужылі крывёю і потам», — кажа палкоўнік Георге Слуту. У момант нашай размовы ладзяць «начны дазор», разьмяркоўваюць тое, што ў лягер прыносяць людзі, сочаць за парадкам. Кажуць, што ёсьць людзі, якія хочуць арганізаваць тут правакацыі.

Пра вайну ва Ўкраіне Слуту выказваецца рэзка. Ён яшчэ і выканаўчы дырэктар Саюзу вэтэранаў вайны за незалежнасьць:

«Мы праз гэта прайшлі. Яны нам ня верылі, ня раіліся з намі, падтрымлівалі сэпаратыстаў. Вось яны цяпер ведаюць, што такое сэпаратызм», — кажа палкоўнік.

Сярод пратэстоўца людзі рознага веку
Сярод пратэстоўца людзі рознага веку

«Я не падтрымліваю палітыку Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны. Нельга пайсьці вайной на свайго брата і нельга казаць заўжды, што я брат, але я старэйшы брат. Мы ўсе роўныя. Сэпаратызм падтрымлівае заўжды Расея», — заключае ён і тут жа пачынае хваліць Аляксандра Лукашэнку:

«Я не хачу пяяць дытырамбы Лукашэнку, бо кажуць, што ён нейкі сатрап, але я ведаю, што там, дзе ёсьць дысцыпліна і парадак, там і народу добра жывецца. Хай знойдуць больш годнага. Калі б ва Ўкраіне ці ў нас быў такі прэзыдэнт, вайны б там не было. Калі б у нас быў такі прэзыдэнт, мы б тут не стаялі. Скажыце дзякуй, што ў вас нешта ёсьць».

Вольны час на плошчы
Вольны час на плошчы

Пра тое, што ў Беларусі «жыць добра», тут кажуць усе. Нармальныя заробкі і рэгулярныя пэнсіі, дагледжаныя гарады і прэзыдэнт, які здольны забясьпечыць парадак — з кішынёўскай пратэстнай плошчы Беларусь глядзіцца як вырай.

«Мне не падабаецца, што ён столькі гадоў пры ўладзе, — толькі кажа бізнэсмэн Сяргей. — Так быць не павінна».

Але тут ідзе тэлеканал «Беларусь 24», і асноўныя навіны пра беларускае жыцьцё людзі атрымліваюць зь яго. Дзякуючы гэтаму ж тэлеканалу ў палкоўніка Слуту склалася думка, што беларускі кіраўнік — сапраўды гарант незалежнасьці:

«Я ненавіджу сэпаратызм. Гэта ніколі да дабра не даводзіць, — кажа ён. — У нас самы разьвіты рэгіён рэспублікі быў Прыднястроўе, а цяпер — галеча, горш, чым мы, жывуць. Яны не прызнаюць права прыватнай уласнасьці. Там у іх нібыта нейкія калгасы, саўгасы, але нічога ў іх няма насамрэч. Нібыта плацяць менш за камунальныя паслугі, але гэта за кошт датацыяў з Расеі...

Дзякуй Богу, што ў вас ёсьць крэпкі прэзыдэнт, які гэтага не дапусьціць. Я бачу, у мяне ёсьць беларускае тэлебачаньне, ваш „бацька“ кажа, што будзем змагацца да апошняга дыху, але не дапусьцім такога. Моцныя дзяржавы павінны мець моцных людзей».

Ягоны паплечнік, старшы прапаршчык Міхаіл Карп, скончыў калісьці ў Беларусі вучэльню супрацьпаветранай абароны, мае жонку-гарадзенку і ў Беларусі бывае часта. Пра тое, што не застаўся ў нас пасьля службы, моцна шкадуе, але на плошчу Вялікага нацыянальнага сходу прыйшоў дзеля перакананьняў:

«Мы сюды выйшлі з адной мэтай — перамагчы, — тлумачыць ён. — Сюды прыйшло 100 тысяч чалавек. І гэтыя людзі — яны ж выбарцы, яны ўдзельнічалі ў гэтым. І яны вырашылі, што больш гэтую карупцыю немагчыма трываць».

«Але мы ня хочам кровапраліцьця, як ва Ўкраіне. У нас мірны пратэст», — кажа старшы прапаршчык Міхаіл Карп.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG