Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Рагачова пра арыштаванага старшыню райвыканкаму: Пры ім развалілася тое, што яшчэ заставалася


Сяргей Якаўлеў
Сяргей Якаўлеў

Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў пра арышт старшыні Рагачоўскага райвыканкаму, якога падазраюць у злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі. Паводле сьледзтва, чыноўнік, калі будаваў прыватнае жыльлё, загадваў падначаленым яму арганізацыям перадаваць яму таварна-матэрыяльныя каштоўнасьці па заніжанай цане, а таксама прадстаўляць паслугі бяз поўнай аплаты.

Рагачоўскі райвыканкам апошнія два гады ўзначальваў Сяргей Якаўлеў. Што кажуць мясцовыя жыхары пра магчымую датычнасьць яго да карупцыі, пра стыль кіраваньня і магчымыя прычыны крымінальнага перасьледу?

Грамадзкі актывіст, рэдактар парталу «Рагачоў онлайн» Дзяніс Дашкевіч згадаў, што першыя зьвесткі пра магчымы арышт Сяргея Якаўлева ў Рагачове зьявіліся яшчэ ў чэрвені ў сувязі са справай іншага падазраванага ў карупцыі чыноўніка, былога намесьніка старшыні Гомельскага аблвыканкаму Віктара Банчука.

Дзяніс Дашкевіч
Дзяніс Дашкевіч

«Банчук жа ад нас „пайшоў“ у Гомель. У Рагачове ён два гады таму быў старшынём райвыканкаму, да прызначэньня Сяргея Якаўлева. Цяпер кажуць, што Банчук пачаў супрацоўнічаць са сьледзтвам, актыўна дае паказаньні, у тым ліку і на былых калегаў. Яго прывозілі ў Рагачоў на сьледчыя дзеяньні, вадзілі па горадзе, у тым ліку па цэнтры, дзе павінны былі зрабіць парк. Грошы на парк выдзелілі вялікія, але нічога не пабудавалі, толькі яму выкапалі. Таму ня выключана, што ў справе Якаўлева будуць і іншыя эпізоды, а ня толькі дом, які ён будуе. Дарэчы, дом гэты ня надта і вялікі, два паверхі, у мікрараёне Задруцьце. А жыў ён у ведамасным доме, дзе раней жыў Банчук — той дом добры, вялікі, за агароджай, з садам. Але вось вырашыў яшчэ і свой пабудаваць. Аднак, паводле нашых зьвестак, там не такія і вялікія сумы яму інкрымінуюць».

Чаму на чыноўніка вырашылі завесьці крымінальную справу, а ня проста адправілі ў адстаўку? Дзяніс Дашкевіч не выключае, што гэтак цэнтральная ўлада адводзіць ад сябе ўсё большае незадавальненьне жыхароў раёну.

Людзі ўзлаваныя, бо фактычна стаяць усе прадпрыемствы — 90% ужо не працуюць

«Людзі ўзлаваныя, бо фактычна стаяць усе прадпрыемствы — 90% ужо не працуюць. Мэблевая фабрыка цалкам спыненая, цагляны завод — зьнішчаны, на „Дыяпраектары“ раней працавала каля 5 тысяч працаўнікоў — цяпер каля тысячы. Скарачэньні ідуць на мясцовым малочным камбінаце, заробкі ў людзей упалі ў некалькі разоў. У горадзе вялікія праблемы з інфраструктурай — нават няма вялікай крамы. Пачалі будаваць гандлёвы цэнтар, але ўжо 3 гады ня могуць дабудаваць. Вось з усіх гэтых цаглінак і складаецца незадавальненьне. Прычым, відаць, незадавальненьне ідзе на адрас і паважанага прэзыдэнта, таму вырашылі гэтак перанакіраваць гнеў людзей».

Што кажуць жыхары Рагачова пра стыль кіраваньня Сяргея Якаўлева?

Мясцовы грамадзкі актывіст Уладзімер Мельнікаў кажа, што адмоўных момантаў у працы Сяргея Якаўлева ў Рагачоўскім райвыканкаме хапала.

«Пра яго на пасадзе да прызначэньня ў Рагачоў казалі, што прынцыповы чалавек, патрабавальны, пунктуальны. А тут ужо сталі казаць, што нібыта хамаваты, мог і брыдкасловіць, і прынізіць. Расказваюць, што неяк на жанчыну казаў пры ўсіх, што „...паставіць“. Не прысутнічаў пры гэтым, таму дакладна ня ведаю, ці так было. Але ж гэта агульная тэндэнцыя. І вось аказалася, што і домік нейкі... Ну, як заўсёды».

Што робіць улада, якую прызначаюць зьверху? Займаецца карупцыяй. Калі будзем іх абіраць, дык будуць падкантрольныя

Паводле Ўладзімера Мельнікава, у Рагачове ўжо шмат гадоў не было ніякіх апазыцыйных акцыяў. «Запужалі людзей, зацюкалі гэтак, што ніхто ўжо і не зьвяртаецца, дый месца правядзеньня акцыяў дагэтуль ня вызначылі. На мясцовых выбарах два гады таму ішло чалавек 5 незалежных кандыдатаў. Не апазыцыянэры, а проста людзі не ад улады, пэнсіянэры, якія іх бы хоць маглі пакрытыкаваць. Дык нікога не прапусьцілі. Маніпулююць вынікамі, як хочуць. Наш мясцовы актывіст Уладзімер Тамковіч злавіў іх за руку, выклаў у інтэрнэт, як насамрэч было на тых выбарах. Што паводле пратаколу на датэрміновае галасаваньне прыйшло 307, а напісалі — 640. У дзень асноўнага галасаваньня прыйшло 485, а 615 напісалі. Тамковіч пайшоў да пракурора, каб правялі праверку. Правялі і далажылі, што нібыта ўсё нармальна. І які вынік? А вось які. Што робіць улада, якую прызначаюць зьверху? Займаецца карупцыяй. Калі будзем іх абіраць, дык будуць падкантрольныя. А так ён будзе ўсіх далей пасылаць і ў позу „ставіць“ тую жанчыну».

Паводле незалежнага парталу «Рагачоў онлайн», Сяргея Якаўлева арыштавалі ў ягоным доме неўзабаве пасьля лінейкі ў мясцовай школе, дзе ён раздаваў ранцы першаклясьнікам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG