Прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнэсу Беларусі ацанілі ўзровень карупцыі ў краіне як умераны — на ўзроўні іншых краін.
Такая выснова зьмешчаная ў дакладзе Дасьледчага цэнтру ІПМ пра стан карупцыі ў Беларусі ва ўспрыманьні малога і сярэдняга бізнэсу.
Хоць успрымальнасьць беларускага бізнэс-асяродзьдзя да карупцыі, на думку міжнародных спэцыялістаў, застаецца параўнальна высокай, каля траціны апытаных прадпрымальнікаў кажуць, што ў іхнай сфэры дзейнасьці карупцыі альбо зусім няма, альбо яна распаўсюджаная вельмі нязначна. Толькі 14,7% бізнэсоўцаў лічаць, што ў іхнай сфэры дзейнасьці карупцыя паўсюль.
Цікава, што больш за ўсё на карупцыю скардзяцца бізнэсоўцы ў Віцебскай вобласьці. Як вышэйшая за сярэдні ўзровень карупцыя ўспрымаецца ў Магілёўскай і Гарадзенскай абласьцях. А вось найлепш сытуацыю з карупцыяй ацанілі прадпрымальнікі зь Берасьцейскай вобласьці.
Пры гэтым, з пункту гледжаньня прадпрымальнікаў, карупцыя — ня самая значная праблема для вядзеньня бізнэсу ў Беларусі. Больш актуальныя праблемы для беларускіх бізнэсмэнаў — інфляцыя, падатковае і валютнае рэгуляваньне, доступ да фінансаў, а таксама неэфэктыўнае дзяржаўнае кіраваньне.
З пункту гледжаньня прадпрымальнікаў, найбольш распаўсюджаная карупцыйная зьява ў Беларусі — ценявы абарот. За ім ідуць хабары і адкаты.
Часьцей за ўсё карупцыя выяўляецца пры дзяржаўных заказах і тэндэрах, атрыманьні дазволаў у мясцовых органах улады, а таксама ў санітарным наглядзе.
Найбольш карумпаваная сфэра ў эканоміцы — прамысловасьць і будаўніцтва. Толькі 11,1% прадпрымальнікаў не сутыкаліся тут з карупцыяй, а палова апытаных кажуць пра частую або паўсюдную карупцыю ў гэтых сфэрах. Фінансавая дзейнасьць (у тым ліку апэрацыі зь нерухомай маёмасьцю) займае трэцяе месца па ўзроўні ценявога абароту і адкатаў.
Да намаганьняў дзяржавы па барацьбе з карупцыяй малы і сярэдні бізнэс ставіцца скептычна.
Андрэй Скрыба: пасадкамі ўсяго ня вырашыш
Аўтар дасьледаваньня, эканаміст ІПМ Андрэй Скрыба ў інтэрвію Радыё Свабода адзначыў, што ва ўспрыманьні прадпрымальнікаў сытуацыя з карупцыяй у Беларусі за апошняе дзесяцігодзьдзе істотна не зьмянілася.
— Сытуацыя за апошнія 10 гадоў зьмянілася нязначна. Калі ўлічыць, што барацьба з карупцыяй у краіне ўсё ж ідзе, то ствараецца ўражаньне, што варта перамагчы адну схему, як узьнікае іншая. Але мы павінны разумець, што гэта нармальная сусьветная практыка, у тым ліку ў разьвітых краінах.
— У дакладзе адзначаецца, што ў цэлым прадпрымальнікі схільныя ацэньваць узровень карупцыі ў Беларусі як умераны, «на ўзроўні іншых краін». Пра досьвед якіх краін у дадзеным выпадку ідзе гаворка?
— Гаворка тут ідзе пра Ўсходнюю Эўропу плюс краіны СНД. Асабліва нядрэнна мы выглядаем на фоне Ўкраіны.
— У дасьледаваньні робіцца выснова, што карупцыя ў Беларусі — гэта ў асноўным ценявы абарот, а ня хабары і адкаты. Што канкрэтна маецца на ўвазе пад «ценявым абаротам»? І чаму ценявы абарот найбольш распаўсюджаны?
— Ценявы абарот — гэта тая дзейнасьць прадпрыемства, якая разьвіваецца па-за дзяржаўным улікам і кантролем. Напрыклад, тыя апэрацыі, якія праводзяцца без адлюстраваньня ў бухгальтарскай справаздачнасьці, альбо гэтае адлюстраваньне не адпавядае рэчаіснасьці. Адпаведна, паколькі гэтыя патокі ня ўлічваюцца, яны могуць выкарыстоўвацца (а, як паказвае сусьветная практыка, часьцяком так і ёсьць) у тым ліку і для карупцыйных дамоўленасьцяў зь дзяржаўнымі службоўцамі.
Кажучы пра тое, што ценявы абарот найбольш распаўсюджаны ў Беларусі (сярод іншых відаў карупцыі), я б адзначыў, што яго перавага ўсё ж нязначная. Чаму ён усё ж ёсьць — хутчэй за ўсё, прычына ў тым, што ў Беларусі дастаткова жорсткі кантроль за карупцыйнымі зьдзелкамі, і ажыцьцявіць іх у адкрытую (хабары, адкаты) часта бывае складаней, чым празь ценявыя апэрацыі.
— З пункту гледжаньня прадпрымальнікаў — ці магчыма пасьпяхова займацца бізнэсам у Беларусі без удзелу ў карупцыйных мэханізмах? Ці ёсьць магчымасьць ухіліцца ад карупцыйных схем і пры гэтым быць пасьпяховым бізнэсоўцам?
— Зразумела, гэта магчыма. Але тут мы ўступаем у досыць доўгую
Бізнэсмэны ў ліку адміністрацыйных прычын карупцыі называюць на першым месцы карысьлівасьць дзяржаўных служачых
дыскусію пра закантраляванасьць розных сфэр дзейнасьці і пра тое, што ў шэрагу выпадкаў карупцыя застаецца (на думку ўсё тых жа прадпрыемстваў) ледзь не адзіным шляхам разьвіцьця. Ёсьць сфэры, дзе гэтая зарэгуляванасьць ніжэйшая (г.зн. можна дамагчыся посьпеху). То бок у цэлым магчыма, таму што праблема для разьвіцьця прадпрыемстваў у дадзеным выпадку — не сама карупцыя і ня толькі хцівасьць чыноўнікаў, а складанасьці з умовамі вядзеньня бізнэсу плюс, вядома, памяркоўнасьць самога грамадзтва да такога вядзеньня спраў. Бізнэсмэны ў ліку адміністрацыйных прычын карупцыі называюць на першым месцы карысьлівасьць дзяржаўных служачых, а на другім — памяркоўнасьць грамадзтва.
— Ці з пункту гледжаньня апытаных прадпрымальнікаў карупцыя ўплывае на эканамічныя паказчыкі?
— У цэлым уплывае, але лічбы не завоблачныя. На разьвіцьцё бізнэсу, я б сказаў, уплывае ў крыху большай ступені, і вось чаму: для ўжо існуючых і вопытных фірмаў карупцыя — гэта і перашкода, і магчымасьці, то бок разьвіцьцю яна перашкаджае на ўмераным узроўні. А вось для новых фірмаў, для маладых прадпрымальнікаў, якія толькі выходзяць на рынак, першыя сутыкненьні з такімі фактамі, вядома, могуць адбіць усялякае жаданьне наагул чымсьці займацца.
— Якія аспэкты вынікаў дадзенага дасьледаваньня сталі для вас нечаканасьцю?
— Напэўна, кожны год прыемная нечаканасьць — што ня стала горш (нягледзячы на новыя цяжкасьці), а непрыемная — што ня стала лепш (нягледзячы на ўсе захады).
Крыху сумна, што грамадзтва ў якасьці галоўнага выхаду бачыць узмацненьне жорсткасьці крымінальнага заканадаўства і скептычна ставіцца да мер па зьніжэньні карупцыягеннасьці заканадаўства. З аднаго боку, гэта вытлумачальна: колькі ўжо гаварылася пра барацьбу з карупцыяй, а яна па-ранейшаму дзесьці побач. Але, зь іншага боку, мы зноў вяртаемся да таго, што адзіны, хто можа ад яе ўратаваць, — гэта моцная дзяржава, якая сочыць за ўсімі і ўсім. А пачынаць трэба зь сябе, магчыма, з паляпшэньня судовай сыстэмы, то бок з будаўніцтва якаснага прававога поля. Пасадкамі ж усяго ня вырашыш. А калі і вырашыш праблему карупцыі, то могуць прыйсьці іншыя праблемы, яшчэ горшыя за гэтую. Але гэта ўжо, хутчэй, філязофія.
Сяргей Балыкін: трэба скарачаць паўнамоцтвы дзяржавы
Кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, юрыст і эканаміст Сяргей Балыкін у інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што вельмі цяжка адназначна ацаніць узровень карупцыі ў Беларусі.
«Самае галоўнае — што лічыць карупцыяй у Беларусі. Калі казаць пра хабарніцтва нейкае, то, магчыма, яно і ня так распаўсюджана. Але калі казаць пра тое, каб без асабістых кантактаў пабудаваць бізнэс у Беларусі, то гэта амаль што немагчыма. Тады ўзровень карупцыі можна лічыць вышэйшым», — кажа ён.
На думку Балыкіна, тое, што прамысловасьць і будаўніцтва апынуліся ў ліку самых карумпаваных сфэр эканомікі, — гэта цалкам прадказальна:
«Будаўніцтва ва ўсіх краінах — найбольш карумпаваная галіна, бо атрыманьне будаўнічых падрадаў зьвязанае ў тым ліку і з хабарам, і зь неабходнасьцю мець свайго чалавека ў дзяржаўных або калядзяржаўных структурах. А ў нашай краіне гэта яшчэ і надзвычай зарэгулявана. А чым больш дзяржава ўмешваецца ў нейкую галіну, тым больш там будзе карупцыі».
Балыкін упэўнены, што, каб зьнізіць узровень карупцыі ў Беларусі, дзяржава перш за ўсё павінна адмовіцца ад рэгуляваньня эканомікі.
«Ніводная краіна ня вырашыла цалкам праблему карупцыі. Нават сталінскі СССР гэтую праблему ня вырашыў. Але абмежаваць карупцыю, зьменшыць яе памеры можна толькі адмовай дзяржавы ад рэгуляваньня эканомікі. Калі дзяржава будзе менш умешвацца ў эканоміку — і месца для карупцыі застанецца менш. Там, дзе ёсьць дзяржава, там, дзе ёсьць дзяржаўнае рэгуляваньне, там, дзе вырашэньне праблемы залежыць ад чыноўніка (а наша краіна, на жаль, краіна чыноўнікаў), там вялікае поле для карупцыі. Таму трэба скарачаць паўнамоцтвы дзяржавы. Гэта агульнавядомы факт, але, на жаль, сапраўднай лібэралізацыі ў нашай краіне не адбываецца, нягледзячы на тое, што пра лібэралізацыю заўсёды гаворыць вышэйшае кіраўніцтва», — адзначае экспэрт.