Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нябачныя цуды Данюшава


Два каменныя, стогадовай даўніны слупы колішняй брамы на ўезьдзе ў шляхецкую сядзібу — і тут жа абрыўкі ржавага калючага дроту, які ўжо, праўда, не «гудзець» і не «іграець». Менавіта на гэтым месцы быў адзін са шматлікіх савецкіх лягераў.

Скрозь па дарогах, па палёх
На ўсход і на заход,
Як вокам скінуць, па слупох
Заведзен доўгі дрот.

Ці дзень, ці вечар настаець,
Як арфа, як фагот,
Усё іграіць і пяець
Безь перапынку дрот.

Ці сьвет засьцеліцца імглой
У час асеньніх слот,
Вядзе размову сам з сабой,
Гудзець-іграець дрот.

Гэтыя радкі напісаў салдат, удзельнік Першай усясьветнай вайны, забыты сёньня паэт Станіслаў Шыманоўскі. Ён нарадзіўся ў Данюшаве, у Данюшаве і памёр. Вось толькі магіла ягоная даўно згубілася на мясцовых могілках. Але засталіся вершы. І працытаваныя мною радкі як найлепей падыходзяць да той карціны, якую падарожнік бачыць адразу, як пад’едзе пад Данюшава.

Два каменныя, стогадовай даўніны слупы колішняй брамы на ўезьдзе ў шляхецкую сядзібу — і тут жа абрыўкі ржавага калючага дроту, які ўжо, праўда, не «гудзець» і не «іграець». А выклікае невясёлыя асацыяцыі. Менавіта на гэтым месцы быў адзін са шматлікіх савецкіх лягераў. За брамай засталіся рэшткі колішняга саду. Сам сядзібны дом шляхціцаў Кярсноўскіх згарэў па вайне, падпалены мясцовым злодзеем. Вязьні жылі ў гаспадарчых пабудовах, ад якіх таксама не засталося і знаку. Засталася толькі памяць пра іх. Расказвае старажылка Данюшава Ганна Найдзіч, у чыёй хаце ў 41-м годзе жылі вохраўцы.

Данюшава Ганна Найдзіч
Данюшава Ганна Найдзіч

— З Расеі прывезьлі людзей. Хто бульбіну скраў, хто бурак з калгасных палёў. У нашай хаце жыў начальнік іхны. І прыходзіла да яго прыбірацца адна зьняволеная. За два бурачкі пасадзілі. Іх калі ганялі па вуліцы, так стройна пяялі яны. Мы, дзеці, выйдзем, слухаем. «Выхадзіла на бераг Кацюша». Так стройна пяялі! Яны тут аэрадром рабілі. Хадзілі пад канвоем з сабакамі, і мужчыны, і жанчыны. У гумно панскае іх загналі. Як яны галасілі, на ўсю вёску. Нашы бабы, сабраўшыся, плакалі — бедныя людцы якія. За бурак — турма. Там жа ў Расеі былі калгасы, а ў нас яшчэ свае землі былі.

Памятае той лягер і стары Ян Скробат, які кожнае лета праводзіць на радзіме, у Данюшаве. Сам пан Ян, высокі, статны, арыстакратычнага выгляду спадар, працуе арганістам у віленскім Сьвятадухавым касьцёле. Ягоны бацька летам сорак першага, калі лягер сьпешна пагналі на Ўсход, быў апошні, хто трымаў у руках лягерныя дакумэнты, асабістыя справы вязьняў. Лёс саміх зэкаў невядомы.

Ян Скробат
Ян Скробат

— Там было шэсьць тысяч вязьняў. Чатыры тысячы мужчын і дзьве тысячы жанчын. З усяго Савецкага Саюзу. Яны будавалі аэрадром. У 41-м годзе, калі пачалася вайна, пачалі вывозіць дакумэнты. Сабралі падводы з усёй вёскі. Мой бацька вывозіў нейкія асабістыя справы вязьняў. Тата завёз іх аж за Вілейку. А немцы ўжо бамбілі Маладэчна. Ніхто нічога ня ведае, што рабіць. А поўны воз гэтых кніг. Дык кажа — адну ўправа, другу ўлева. Павыкідаў, і ўсё.

Мясцовы Траецкі касьцёл, драўляны, зграбны, двухвежавы храм, дайшоў да нашых дзён нейкім цудам. Ён пабудаваны яшчэ да напалеонаўскай вайны! І прастаяў некранутым два стагодзьдзі!

Зрэшты, не зусім «некранутым». Да нашай размовы далучыўся сын старога Яна, таксама музыка і таксама Ян. Які памятае, як у 60-я гады ён з хлапцамі-аднагодкамі «краналі» стары касьцёл, у якім у той час было зернясховішча. Піянэры разьбіралі па трубах стары арган.

— Мы, дзеці, разьбіралі гэтыя трубы. Мне было гадоў восем. Возьмеш трубу і трубіш. Алтар увесь разламаны. Што там шукалі? Золата ці што? Разламалі ўсё. Шукалі дасканальна. А раптам нешта схавана?

— Гэты арган прывезьлі зь Вільні.З Вострай Брамы. А там пабудавалі новы арган.

Вось дык дзіва. У старым беларускім касьцёле — арган зь віленскай Вострай Брамы. І грошай, каб яго аднавіць, данюшаўцы не шкадавалі. Ганна Найдзіч, напрыклад, дала тысячу. Ня сёньняшнюю тысячу. А тую, па якой, згарэлай у пажары інфляцыі, яе аднагодкі часта праліваюць сьлёзы. Ганна ж зрабіла адзіна правільны на той час грашовы ўнёсак. І не яна адна.

— Арган зрабілі добры. Я тысячу дала, Ядзя дала тысячу, Стася дала тысячу. Астатнія давалі таксама. Менш за сотню ніхто не даваў. А раней жа дарагія грошы былі. Тысяча — вялікія грошы былі.

Скульптура Божай Маці
Скульптура Божай Маці

У першую вайну ў касьцёле быў нямецкі шпіталь. У памяць аб памерлых салдатах немцы паставілі перад храмам скульптуру Божай Маці. Як яе скідалі з пастамэнта, Ганна добра памятае. Яна зь сяброўкамі не дала ўтапіць скульптуру ў Вяльлі.

— Была такая Сурусіха. З Усходу. Тут усходніх пасьля вайны шмат было людзей. Дык яны выйшла, накінула пятлю на шыю той скульптуры і скінула яе на зямлю. І ўжо хацелі Матку Боску ў Вяльлі ўтапіць. А мы, дзеці, не далі. Яна цудоўная, гэтая Матка Боска. Немцы, калі паставілі яе, празь Вяльлю пераяжджалі. І ні з адным транспартам нічога не зрабілася.

Сёньня на пастамэнце стаіць іншая скульптура. Тую старую, у чыю цудадзейнасьць верылі данюшаўцы, вывез адзін з ксяндзоў.

Але славутасьці Данюшава на гэтым не сканчаюцца. Побач з касьцёлам пабудавалі новую званіцу. Але звон, які на ёй вісіць, мае ўнікальную гісторыю. Замовіў яго адмыслова для гэтага касьцёла Ян Курчэўскі, сам родам з Данюшава. Сьвятар, гісторык, тэоляг. Першыя немцы гэты звон вывезьлі ў Нямеччыну. Але дзякуючы настойлівасьці ксяндза і данюшаўцаў, а таксама ўнікальным надпісам на звоне, яго ўдалася вярнуць. За саветамі яго скінулі, вырвалі язык і затым аддалі ў Смаргонскі музэй. Напрыканцы 80-х звон вярнуўся ў свой храм.

— Вывезьлі ў Германію яго. Прэлат Курчэўскі пісаў і пісаў. І вярнулі. На чатырох конях везьлі яго. Цяжкі. А пасьля саветы ізноў забралі. Дык хіба ён цяпер так звоніць, як раней званіў? Раней у Смургонях чуваць было, як звон данюшаўскі зазвоніць. А цяпер ціха. Нейкую іншую балдаву зрабілі на заводзе. Не такая, як была. Ціха стаў званіць. Такі звон!

Старая кажа, што звон ужо ня той. Я падышоў і разгайдаў ягоны цяжкі язык. Па маляўнічых пагорках, за Вяльлю паплыў ягоны цяжкі гук. Можа, і ня той. Але ўсё адно прыўкрасны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG