Старшыня Цэнтравыбаркаму Беларусі ў інтэрвію тэлеканалу «Беларусь 1», паказаным увечары 23 жніўня, патлумачыла, чаму лідэр АГП Анатоль Лябедзька і лідэр партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін не змаглі сабраць 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты, а Тацяна Караткевіч — актывістка кампаніі «Гавары праўду» — змагла.
Ярмошына зьвярнула ўвагу на тое, што на Лябедзьку і Калякіна працавалі «асабістыя партыі і асабістае, адданае ім атачэньне». У Караткевіч жа была магутная падтрымка шэрагу палітычных партыяў. «На Караткевіч працавалі зусім розныя палітычныя сілы», — канстатавала яна.
«Тое, што яны сабралі подпісы пад бел-чырвона-белым сьцягам, прыцягвала да іх, цалкам магчыма, тых людзей, якія прытрымліваюцца падобных поглядаў, падобнай палітычнай арыентацыі», — адзначыла кіраўнік ЦВК.
«Іншая. Маладая сымпатычная жанчына. Сьвежы твар, не зьвязаны са скандаламі, кампраматам. Яна яшчэ нікому не пасьпела надакучыць. Яна проста падабаецца людзям. Я думаю, што моладзі прыемна, што ў іх зьявіўся малады лідэр, не зьвязаны са старой намэнклятурай. І кампанію яна сваю праводзіла вельмі інтэлігентна: нікога не абвінавачваючы, нікога не абражаючы. У яе ўмераная рыторыка», — ацаніла Караткевіч Ярмошына.
Лідзія Ярмошына ў ідэале лічыць правільным асабісты ўдзел кожнага кандыдата ў прэзыдэнты ў дэбатах.
«Але гэта, напэўна, правільна, калі зьбіраюцца асобы раўназначныя, дзесьці прыкладна раўназначныя, як у Злучаных Штатах Амэрыкі, — адзначыла кіраўнік ЦВК. — Але калі дэбатуюць беспрацоўны і дзейны кіраўнік дзяржавы, гэта ўсё ж такі ня ўзровень дэбатаў» .
Тое, што ўдзельнікі дэбатаў, кандыдаты, якія набралі больш за 100 тысяч подпісаў, заручыліся ўсё ж падтрымкай грамадзян, Ярмошына пракамэнтавала так:
«У нас грамадзяне вельмі талерантныя. Яны ставяць подпіс па прынцыпе „няхай будзе канкурэнцыя“. І правільна робяць. Гэта ня кажа аб экспэртызе дадзенай фігуры або дадзеных фігураў, якія будуць удзельнічаць ... Таму ёсьць пэўная няроўнасьць».
Ярмошына лічыць, што, калі і праводзіць дэбаты, то толькі парамі, як было на выбарах 1994 году:
«Таму што прыходзіць, да прыкладу, кіраўнік дзяржавы і яшчэ шэсьць за сьпінай. Што гэта будзе? Гэта будзе масавая бойка — ушасьцёх на аднаго. Вось як гэта будзе выглядаць. Наўрад ці гэта можна назваць дэбатамі наогул», — канстатавала кіраўнік ЦВК.