Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як будуць адсейвацца подпісы. «Верагодна, тысяча-другая адпадзе і можа апынуцца менш за 100 тысяч»


Тэрытарыяльныя камісіі завяршылі прыём подпісаў ад ініцыятыўных груп — пачынаецца праверка сапраўднасьці аўтографаў.

«Усе подпісы паступаюць у раённыя камісіі, пры гэтым іх прыёмка адзначаецца ў журнале, дзе расьпісваецца член камісіі, які іх прымае. Здаваць подпісы павінен каардынатар па дадзеным раёне», — патлумачыла Лідзія Ярмошына агенцтву БЕЛТА.

Пасьля акту здачы-прыёмкі лісты аглядаюцца, выключаюцца тыя подпісы, якія не падлягаюць праверцы. Далей па кожнай групе адбіраецца аднолькавы працэнт пакінутых аўтографаў.

«Выкажам здагадку, што група здала ў раённую выбарчую камісію 6 тыс. подпісаў — адпаведна, у яе павінна быць адабрана для праверкі не менш за 20% (1,2 тыс.)», — кажа Ярмошына ЦВК.

Па выніках праверкі выяўленыя дэфэкты будуць ануляваныя. Калі больш за 15% правераных подпісаў будуць прызнаныя несапраўднымі, усе подпісы, сабраныя па дадзеным раёне, ня ўлічацца.

«Іх быццам бы няма. Але адразу магу сказаць, што ў нас падобнага прэцэдэнту на прэзыдэнцкіх выбарах не было ніколі. Выключаецца толькі нейкая колькасьць подпісаў», — сказала Лідзія Ярмошына.

Праўда, паводле яе, ініцыятыўныя групы, якія прадставілі для праверкі роўна 100 тыс. подпісаў ці крыху больш за гэтую колькасьць, рызыкуюць.

«У выніку, верагодна, тысяча-другая адпадзе і можа апынуцца менш за 100 тысяч. Не хацелася б, таму што сабраць і прадставіць такую колькасьць подпісаў — вельмі складаная праца», — упэўненая старшыня Цэнтрвыбаркаму.

Калі подпісы будуць падлічаныя, раённая камісія складзе пратакол аб іх колькасьці па кожным кандыдаце і прадставіць у абласную камісію.

«Пры жаданьні абласная камісія таксама можа нешта праверыць (калі будуць нейкія скаргі або падазрэньні), а затым ужо складзе пратакол па вобласьці».

Потым усе лічбы будуць сумаваныя Цэнтральнай выбарчай камісіяй. Ярмошына запэўнівае, што маніпуляцый з колькасьцю подпісаў быць ня можа.


«Калі хтосьці пачынае сумнявацца ў выніках збору, а потым — у выніках выбараў, адразу магу сказаць, што хоць якая маніпуляцыя тут выключана. Ніводзін з раёнаў ня ведае, колькі прадстаўлена подпісаў у суседні раён і якая ў канчатковым ліку атрымаецца лічба на тэрыторыі вобласьці», — сказала Ярмошына.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG