— Так заявіў Свабодзе кіраўнік грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў, камэнтуючы сёньняшнія выказваньні лідэра партыі «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна:
«Я разумею расчараваньне тых, хто не сабраў 100 тысяч подпісаў. Разумею, што гэта вельмі эмацыйна цяжка. Але Тацяна Караткевіч падзякавала і спадару Калякіну, і спадару Лябедзьку і заявіла, што гатовая працаваць разам. Я магу падтрымаць гэтыя словы.
На сёньняшні дзень мы ўпэўненыя ў кожным подпісы, якія сабралі. Мы выбракавалі больш за 13 тысяч подпісаў, якія былі не прынятыя нашымі рэгіянальнымі штабамі альбо як сфальшаваныя былі выяўленыя нашай унутранай службай кантролю. Мы ўпэўненыя ў подпісах, і нам ня трэба ісьці ні на якую супрацу ні з кім.
Калі ў кагосьці ўзьнікае пытаньне, а як гэта мы сабралі такую колькасьць подпісаў — то гэта вельмі проста. Калі Сяргей Іванавіч з адной партыяй сабраў больш за 60 тысяч подпісаў, то за Тацяну Караткевіч зьбіралі подпісы і БНФ, і „Гавары праўду“, і абсалютная бальшыня сацыял-дэмакратычных партыяў, і нават шмат актывістаў зь іншых партыяў, якія афіцыйна не падтрымлівалі Тацяну Караткевіч. І праз гэта аб’яднаньне высілкаў мы здолелі выставіць больш пікетаў, больш прайсьці па кватэрах.
Мы гэта разумелі ад самага пачатку. Два гады таму мы пачалі праграму „Народнага рэфэрэндуму“. І тады таксама зьбіралі подпісы. Гэта была добрая трэніроўка для каманды. Калі б „Талака“ вылучала на гэтыя выбары ня двух кандыдатаў (Калякіна і Лябедзьку), а толькі аднаго, то, можа, і яны набралі б 100 тысяч подпісаў».
Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі Сяргей Калякін выказаў перакананьне, што прэтэндэнтка на пасаду прэзыдэнта Тацяна Караткевіч таксама не набрала неабходных для рэгістрацыі 100 тысяч подпісаў выбарцаў. І таму, калі ўлады яе зарэгіструюць, гэта будзе азначаць, што яна асабіста і кампанія «Гавары праўду» пайшлі на супрацу з уладамі. Таму Калякін будзе заклікаць сваіх паплечнікаў падчас выбараў галасаваць супраць усіх кандыдатаў.