Рэзкае падзеньне расейскага рубля на тле нізкіх коштаў на нафту выклікала ланцуговую рэакцыю і абвальваньне нацыянальных валют у іншых краінах СНД. Курс рубля толькі за апошні месяц зьнізіўся да бівалютнага кошыку валют (даляр плюс эўра) амаль на 15%, а ўсяго за год расейская валюта патаньнела амаль удвая. На таргах у Маскве ў сераду рубель ушчыльную падыходзіў да ўзроўню 66 рублёў за даляр, абнавіўшы паўгадавы максымум.
*****
Беларускі рубель усьлед за расейскім ў жніўні напаткала новая хваля дэвальвацыі. За апошнія 15 дзён даляр дасягнуў у Беларусі гістарычных максымумаў за апошнія 9 гадоў, эўра таксама дасягнуў гістарычнага максымуму за чатыры гады. З 4 жніўня рубель дэвальваваўся на 7% адносна даляра і амаль на 8% адносна эўра,
Усяго ад сьнежня 2014 г беларускі рубель абясцэніўся амаль на 50%.
****
Рэзкае падзеньне чакала ў чацьвер і казахскі тэнге. Курс тэнге ў адносінах да даляра раніцай у чацьвер зьнізіўся больш чым на траціну, склаўшы каля 255 тэнге за даляр.
У сераду за даляр давалі 188 тэнге. Такім чынам, менш чым за суткі долар падаражэў адразу на 67 тэнге або на 35%.
Паніку яшчэ больш падагрэла заява прэзыдэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева, які папярэдзіў, што краіне неабходна рыхтавацца да коштаў на нафту на ўзроўні $ 30-40 за барэль на працягу бліжэйшых пяці гадоў. Для сыравіннай эканомікі Казахстана гэта азначае дэфіцытны бюджэт і далейшае паслабленьне нацыянальнай валюты.
****
Паводле паведамленьня Цэнтральнага банку Азэрбайджану, з моманту адмовы ад прывязкі маната да даляра і ўвядзеньня бівалютнага кошыка (гэта здарылася 16 лютага) азэрбайджанская валюта патаньнела да даляра на 33,733%, а да бівалютнага кошыку — на 36,525%. Па паведамленьнях з Азэрбайджану, у краіне на працягу апошніх некалькіх дзён ідзе віток харчовай інфляцыі. Кошты на гарбату, цукар, цукровы пясок, макароны, алей, курыную і малочную прадукцыю вырасьлі за кароткі тэрмін на 15-35%.
****
Аналягічнае падзеньне нацыянальнай валюты назіраецца і ў Грузіі. Аднак прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Гарыбашвілі заявіў, што ў тым, што лары не ўмацоўваецца, вінаватае зусім не падзеньне рубля або цяжкая эканамічная сытуацыя ў краіне, а грузінскія бізнэсоўцы, якія прыхоўваюць і не марнуюць даляры.
Прэм’ер спаслаўся на меркаваньне экспэртаў, якія заяўляюць, што крызісны пэрыяд ваганьняў курсу лары ўжо мінуў.
«У людзей стварыліся ілжывыя чаканьні таго, што курс лары зноў абясцэніцца ўвосень, а гэта няправільна. На думку экспэртаў, такога ў бліжэйшы час не адбудзецца, бо крызісны пэрыяд мы ўжо прайшлі. Але бізнэсоўцы захоўваюць даляры і менавіта гэтым абумоўлена тое, што лары не ўмацоўваецца», — патлумачыў прэм’ер.
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1