Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абрынуўся казахстанскі тэнге. Назарбаеў: Такога ў нас не было


Курс тэнге ў адносінах да даляра раніцай у чацьвер зьнізіўся больш чым на траціну, склаўшы каля 255 тэнге за даляр.

У сераду за даляр давалі 188 тэнге. Такім чынам, менш чым за суткі долар падаражэў адразу на 67 тэнге або на 35%.

Абвальваньне тэнге адбылося ў першы ж дзень пасьля пераходу Казахстану да свабоднага курсу валюты.

Улады краіны прызналі, што ня маюць досьведу працы з рэжымам свабоднага курсу, аднак ўпэўненыя ў неабходнасьці такога кроку.

Да 20 жніўня дапушчальны калідор ваганьня курсу тэнге ўсталёўваў нацыянальны банк Казахстану. У апошні дзень працы валютнага калідору яго межы былі ўсталяваныя на ўзроўні ад 170 да 188 тэнге за даляр.

Напярэдадні ў Астане ў часе сэлектарнага пасяджэньня ўраду прэм’ер-міністар Казахстану Карым Масімаў абвясьціў аб адмене зь сёньняшняга дня валютнага калідору і аб пераходзе да свабоднага абменнага курсу.


«Нацыянальны банк і ўрад Казахстану прынялі рашэньне прыступіць з 20 жніўня 2015 да рэалізацыі новай грашова-крэдытнай палітыкі, заснаванай на рэжыме інфляцыйнага таргетаваньня, адмяніць валютны калідор і перайсьці да свабодны абменны курс, — сказаў Масімаў. — Зьмены абменнага курсу могуць адбывацца як у бок паслабленьня, так і ў бок ўмацаваньня, што будзе вызначацца сытуацыяй у сусьветнай эканоміцы і на ўнутраным валютным рынку».


Масімаў заявіў, што Нацбанк ня будзе ўмешвацца ў фарміраваньне рынкавага ўзроўню абменнага курсу тэнге, але «пакідае за сабой магчымасьць удзелу на ўнутраным валютным рынку шляхам правядзеньня валютных інтэрвэнцый» у выпадку ўзьнікненьня пагрозы дэстабілізацыі фінансавай сыстэмы краіны.

Масімаў таксама сказаў, што зьніжэньне экспартных даходаў аказвае нэгатыўны ўплыў на даходы рэспубліканскага бюджэту і плацежны балянс краіны.

Падзеньне кошту нацыянальнай валюты Казахстану абумоўлена падзеньнем коштаў на нафту, ад экспарту якой моцна залежыць эканоміка краіны, а таксама аслабленьнем расейскага рубля.

У часе ўчорашняй нарады ў Астане прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў заявіў пра нэгатыўныя чыньнікі, якія ўплываюць на эканоміку Казахстану. Назарбаеў сказаў, што нізкія цэны на нафту і мэталы могуць захавацца на працягу некалькіх гадоў, а доступ краін, якія разьвіваюцца, да інвэстыцый і капіталу будзе значна абмежаваны.


«Сьціскаецца рынак збыту казахстанскай прадукцыі з-за слабога попыту з боку нашых асноўных партнэраў, перш за ўсё Расеі і Кітаю», — сказаў Назарбаеў. Ён падкрэсьліў, што ў бюджэце назіраецца недахоп сродкаў, у сувязі з гэтым выдаткі на новыя праекты, як заявіў Назарбаеў, будуць строга абмежаваныя. Назарбаеў указаў на неабходнасьць усталяваць мараторый на «розныя ініцыятывы да 2018 году». «Гэта вымушаная мера, выкліканая сёньняшняй рэальнасьцю, — сказаў Назарбаеў. — Наступае час складанай інтэлектуальнай працы... Цяперашні крызіс зьяўляецца сэктаральным, закранаючы практычна ўсе прамысловыя прадпрыемствы Казахстану. Такога ў нас не было».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG