Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рассельгаснагляд»: Беларусь ня хоча, каб нашы экспэрты прысутнічалі на зьнешняй мяжы Мытнага саюзу


«Рассельгаснагляд» паведамляе пра ўсё новыя факты зьнішчэньня санкцыйнай прадукцыі, якая трапляе на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі ў абыход харчовага эмбарга.

«Геаграфія помсты» за санкцыі з боку краін Эўразьвязу, ЗША, Канады ды іншых раскінулася ад анэксаванага Крыму да Сыбіры. Паляць у печах і трушчаць каткамі «забароненыя» прадукты і ля беларускіх межаў: днямі ў Пскоўскай вобласьці на беларуска-расейскім адміністрацыйным участку зьнішчана амаль 40 тон садавіны, у Смаленскай вобласьці бульдозэрам раструшчылі 60 тон гародніны і садавіны. Кантралёры сьцьвярджаюць, што суправаджальныя дакумэнты падробленыя: памідоры, яблыкі, пэрсікі ды іншыя прысмакі — не турэцкія, а гішпанскія ці польскія.

Адметна, што ў бальшыні выпадкаў харчы трапляюць на тэрыторыю Расеі празь Беларусь. Пры тым, што, згодна з дамоўленасьцямі ў рамках Мытнага саюзу, менавіта беларускія мытнікі мусяць стаць сьцяной на шляху «шкоднай» прадукцыі.

Зрэшты, прадстаўніца Фэдэральнай мытнай службы Расеі Натальля Сямікіна дае зразумець, што на беларускіх калегаў разьлік ня вельмі вялікі — Беларусь не далучалася да харчовага эмбарга супраць заходніх вытворцаў і можа сабе дазволіць выбарковую праверку транзытных грузаў:

«Наколькі я ведаю, Беларусь не далучалася да эмбарга. Адпаведна, няма ўказу па санкцыйных таварах, ваш прэзыдэнт не прымаў ніякіх захадаў супраць эўрапейскіх вытворцаў, як прынята ў нас. Таму выснова напрошваецца сама сабой: паколькі ў вас гэтая прадукцыя не забароненая, значыць, яна

А тое, што многае з санкцыйнага сьпісу трапляе празь Беларусь? Мабыць, нейкай жорсткай дамоўленасьці пакуль няма

дазволеная. А вось на тэрыторыі Расеі існуе пэўнае абмежаваньне па таварах з Эўропы, якое, згодна з указам, распаўсюджваецца на мяса-малочную, расьлінную, ляктозную і безьляктозную ды іншую прадукцыю. А тое, што многае з санкцыйнага сьпісу трапляе празь Беларусь? Мабыць, нейкай жорсткай дамоўленасьці пакуль няма. Вышэйшае кіраўніцтва, урады дзьвюх краінаў мусяць гэта вырашаць; я як выканаўца, як мытнік такія пытаньні не камэнтую — чаму не дамовіліся, або чаму дамоўленасьці ёсьць, але не выконваюцца. Я ведаю, што ў Расею пэўную групу тавараў мы з Эўропы не прапускаем — паводле ўказу расейскага прэзыдэнта. Што тычыцца беларускага боку, пытаньне, напэўна, трэба адрасаваць ва ўрад».

Як удакладняе суразмоўніца, санкцыйныя тавары выяўляюць экспэрты, якія прадстаўляюць розныя ведамствы. І калі раней машыны з падазроным грузам проста заварочвалі назад, то вось ужо некалькі дзён як харчы спальваюць у печах і зьнішчаюць на прамысловых сьметніках:

«У нас на расейскай тэрыторыі дзейнічаюць мабільныя групы, якія складаюцца з прадстаўнікоў мытных органаў, „Рассельгаснагляду“ ды некаторых іншых ведамстваў. Яны і выяўляюць санкцыйныя тавары, у адносінах да якіх ёсьць абмежаваньні на перамяшчэньне па тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. І ад 6 жніўня, згодна з прэзыдэнцкім указам, усе тавары, якія падпадаюць пад санкцыйны сьпіс, павінны быць зьнішчаныя. „Рассельгаснагляд“ ужо правёў некалькі акцыяў — асьвятлялася ў прэсе, як сыр зьнішчалі, садавіну, гародніну. Фэдэральная мытная служба яшчэ нічога не зьнішчала, таму пакуль мы ўстрымліваемся ад камэнтароў на гэты конт — як будзем абыходзіцца з кантрабандай надалей. Але тое, што мы дзейнічаем у адпаведнасьці з указам прэзыдэнта, каб санкцыйныя тавары не траплялі на тэрыторыю Расеі, — так, мы гэта выконваем».

А вось у «Рассельгаснаглядзе» наўпрост абвінавачваюць беларускіх партнэраў у фактычным сабатажы дасягнутых дамоўленасьцяў. Як кажа прадстаўнік ведамства Аляксей Аляксеенка, расейскі бок ня раз прапаноўваў дапамогу, каб выяўляць санкцыйны асартымэнт яшчэ на подступах да межаў Мытнага саюзу, але да паразуменьня так і не дайшло:

«Безумоўна, беларуская мытня павінна перахопліваць такую прадукцыю. Мы нават прапаноўвалі сваю дапамогу, каб нашы спэцыялісты таксама прысутнічалі на зьнешняй мяжы Эўразійскага эканамічнага саюзу. На жаль, беларускія калегі на гэта не пайшлі,

Беларускія структуры папросту дыстанцыююцца ад праблемы

а кантрабанда тым часам не спыняецца. Прычым праверыць сапраўднасьць сэртыфікатаў досыць нескладана, у нас ёсьць дамоўленасьці са службамі краінаў-пастаўшчыкоў, і праўдзівасьць зьвестак рэальна пацьвердзіць у рэжыме рэальнага часу. Але, зноў жа, нічога ня робіцца, і мы сутыкаемся з кантрабандай, якую ўжо выяўляем на сваёй тэрыторыі. Беларускія структуры папросту дыстанцыююцца ад праблемы. Вядома, усё гэта несур’ёзна, таму што ад гэтага цярпіць гандаль, у тым ліку паміж Расеяй і Беларусьсю. Мала таго, перавозка нярэдка ажыцьцяўляецца і на беларускіх транспартных сродках. Таму гэта значная праблема, і вырашыць яе можна толькі сумеснымі, сыстэмнымі мэтадамі».

Зацікаўленыя беларускія ведамствы захоўваюць маўчаньне адносна свайго ўдзелу ў выяўленьні санкцыйнай прадукцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG