Як прайшоў у Расеі першы дзень зьнішчэньня санкцыйных прадуктаў?
500 кіляграмаў канфіскаванага нямецкага сыру і 215 кіляграмаў літоўскага мяса зьнішчаныя 6 жніўня ў печы пецярбурскага аэрапорта «Пулкава». Прадукты захоўваліся ў Марскім рыбным порце Пецярбурга, паведамляе Інтэрфакс.
Паводле карэспандэнта Свабоды, на сьметніку пад Арэнбургам зьнішчана больш за 20 тон сыру з Латвіі. Сыр пад маркай «Расейскі» затрымалі на мяжы з Казахстанам. Паводле Арэнбурскай мытні, ён быў ўвезены ў Беларусь і там аформлены як транзытны груз ў Казахстан, адкуль яго спрабавалі правезьці ў Маскоўскую вобласьць.
Усю партыю канфіскаванага сыру прывезьлі на палігон цьвёрдых бытавых адкідаў, скінулі на зямлю, па ім некалькі разоў праехаў трактар, зьмяшаў раздушаны сыр з зямлёй, а затым яго скінулі ў падрыхтаваную загадзя яму і залілі адмысловым хімікатам. Працэдура цягнулася некалькі гадзін.
У Навасыбірску «мэханізаваным спосабам» зьнішчаны 650 кіляграмаў яблыкаў з Польшчы, паведамляе Рассельгаснагляд.
Карэспандэнт «Газеты.ру», перадаў з месца падзей, што на пункце санітарнага кантролю паміж Расеяй і Беларусьсю раніцай затрыманыя некалькі фур і мікрааўтобусаў з гароднінай і садавінай. Малдаўскія і беларускія фірмы, у якіх нібыта былі набытыя прадукты, гэтага не пацьвердзілі. Гародніна і садавіна будуць зьнішчаны.
Як паведаміў радыёстанцыі «Руская служба навін», памочнік кіраўніка Рассельгаснагляду Аляксей Аляксеенка, прадукты будуць зьнішчаць у Калінінградзе, Пецярбургу, Бранску, Смаленску, Пскове, у Растоўскай і Арэнбургскай абласьцях, у Саратаве і на Алтаі. Калі незаконна ўвезеныя тавары выявяць ў Маскве або Маскоўскай вобласьці, іх зьнішчаць і там, адзначыў Аляксеенка. Паводле чыноўніка, такія працы будуць праводзіць штодня. Паводле РИА Новости, 6 жніўня ў Расеі выявілі і часткова спалілі ці раздушылі трактарамі больш за 250 тон яблыкаў, пэрсікаў, сьвініны, таматаў і сыру.
Расспажыўнагляд прыгразіў чыноўнікам вялізнымі штрафамі за «паяданьне» санкцыйных прадуктаў і ўдакладніў, што такі спосаб зьнішчэньнем не залічваецца.
Супрацоўнікі ўпраўленьня Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласьцях зьнішчаць больш за 60 тон пэрсікаў, нэктарынаў і таматаў. Яны былі затрыманыя на адміністрацыйнай мяжы з Рэспублікай Беларусь.
Таксама больш за 40 тон санкцыйных пэрсікаў і нэктарынаў будзе зьнішчана ў Пецярбургу. Яны прыбылі транзытам зь Беларусі, паводле Рассельгаснагляду, па сумніўных сэртыфікатах. «Сумневы выклікаў маршрут перамяшчэньня грузу транзытам з Марока праз Рэспубліку Беларусь у Расею.
Падчас праверкі сапраўднасьці прад’яўленых дакумэнтаў Рассельгаснаглядам устаноўлена, што Нацыянальным упраўленьнем па санітарнай бясьпецы харчаваньня (ONSSA) Марока гэтыя фітасанітарныя сэртыфікаты не афармляліся, што зьяўляецца падставай для прызнаньня прадукцыі незаконна ўвезенай», — гаворыцца ў паведамленьні Рассельгаснагляду.
На мінулым тыдні прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін падпісаў указ аб зьнішчэньні з 6 жніўня на мяжы РФ забароненых да ўвозу прадуктаў. Ужо больш за 280 тысяч расейцаў падпісалі пэтыцыю супраць зьнішчэньня імпартнага харчаваньня, патрабуючы адмяніць указ прэзыдэнта і прыняць закон аб бязвыплатнай перадачы прадуктаў і тавараў народнага спажываньня грамадзянам Расеі, якія жывуць у нястачы. Пэтыцыя разьмешчана на сайце change.org актывісткай Вольгай Савельевай.