Паводле экспэрта, існуе шэраг фактараў, якія падштурхоўваюць даляр да росту адносна беларускага рубля.
Па-першае, гэта адток валюты з краіны, які апярэджвае прыток.
«Ня толькі дзяржава вяртае даўгі, але і прадпрыемствы, і банкі. Мы цяпер вярнулі 1 мільярд даляраў за пазыку на рынку эўрабондаў. Так ці інакш, гэты мільярд сышоў з краіны. Гэта значыць, валюты стала менш, на рынку валюты прапанова стала меншая, чым попыт», — падкрэсьлівае эканаміст.
Па-другое, як адзначае Злотнікаў, на падзеньне беларускага рубля ўплывае дэвальвацыя расейскага.
«Мы адстаем ад Расеі паводле ступені дэвальвацыі свайго рубля, што стварае дадатковую нагрузку на валютны курс. З аднаго боку, імпарт з Расеі становіцца таньнейшым, і насельніцтва купляе расейскія тавары, што таксама стварае адток валюты. А з другога боку, даходы ад экспарту зьніжаюцца ў выпадку, калі беларускі рубель не дэвальвуецца ўсьлед за расейскім. Гэта значыць, каб умовы гандлю зусім не пагоршыліся, трэба таксама дэвальваваць беларускі рубель», — кажа ён.
Нарэшце, трэцім фактарам зьяўляецца зьніжэньне выгаднасьці захоўваньня дэпазытаў у беларускіх рублях з улікам рызык, што павялічвае попыт на валюту.
«Усе гэтыя фактары працуюць на дэвальвацыю беларускага рубля, а значыць мы ўбачым, і, думаю, хутка курс 16 тысяч рублёў за даляр», — прагназуе Злотнікаў.
Сёньня Нацыянальны банк Беларусі ўсталяваў курсы валют на 11 жніўня: даляр вырас на 125 пунктаў і дасягнуў узроўню 15 805 рублёў. Гэта ўжо чацьвёрты гістарычны максымум за 7 дзён.
Падзеньне беларускага рубля зноў супала з падзеньнем расейскага. Сёньня ў Расеі афіцыйны курс эўра ўпершыню зь лютага пераваліў за 70 рублёў, а даляр — за 64 рублі.