Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб жа горш не было!»: бацька адзінай у Магілёве беларускамоўнай школьніцы пра абяцаньне Лукашэнкі разабрацца ў сытуацыі


Бацькі адзінай у Магілёве школьніцы, якая вучыцца па-беларуску, Ялінкі Салаўёвай спадзяюцца: пасьля таго як карэспандэнт Свабоды апавёў Аляксандру Лукашэнку пра стан беларускага школьніцтва ў чатырохсоттысячным горадзе, мясцовыя чыноўнікі зьвернуць на гэтае пытаньне больш увагі.

Не выключаюць, праўда, і адваротнага эфэкту. Уладзе, кажуць яны, можа закарцець ліквідаваць адзіную ў Магілёве беларускамоўную клясу з адным вучнем. «Няма клясы — няма праблемы», — гэтак выказваецца бацька Ялінкі Зьміцер Салаўёў.

Пытаньне пра самотнае навучаньне Ялінкі Салаўёвай задаў кіраўніку дзяржавы падчас сустрэчы зь ім журналістаў незалежных мэдыяў карэспандэнт Свабоды Валер Каліноўскі 4 жніўня.

«Вы хочаце быць прэзыдэнтам, пры якім зьнікне мова тытульнай нацыі? — зьвяртаўся да Аляксандра Лукашэнкі журналіст. — Дзяржава павінна ёй падставіць плячо».

Кіраўнік дзяржавы адказаў, што мова ня зьнікне і плячо ёй падставяць.

«Я не хачу, каб гэтая мова зьнікла. Паверце, для мяне гэтае пытаньне востра стаіць. Вастрэй, чым раней, — казаў журналістам Аляксандар Лукашэнка. — Я наагул закаранелы беларус. Не істотна, што я на трасянцы размаўляю і на расейскай мове. Для мяне праблемы няма, што расейская мова, што беларуская. Расейская мова прыгожая. Гэта наша мова».

«Але што нас, беларусаў, адрозьнівае ад іншых — у тым ліку і беларуская мова. Я гэта добра ведаю. Толькі я не настолькі радыкальны, як вы. Мы гэта будзем рабіць спакойна. І гэты факт — я яго праверу, і падумаем, што там можна канкрэтна зрабіць сёньня і на пэрспэктыву», — паабяцаў кіраўнік дзяржавы.

Ялінка Салаўёва вучыцца ў першай магілёўскай школе. Скончыла пяць клясаў. Паводле бацькі, Зьмітра Салаўёва, праблемаў з навучаньнем у дачкі няма.

«Калі нейкія пытаньні ўзьнікаюць, то іх вырашаюць на ўзроўні адміністрацыі школы», — заўважае Зьміцер. Абяцаньне Аляксандра Лукашэнкі разабрацца ў сытуацыі Зьміцер камэнтуе з асьцярогаю:

«Я дужа насьцярожана ўспрымаю словы кіраўніка дзяржавы, бо ведаю мясцовае чынавенства. Для іх няма клясы — няма праблемы. Калі на іх будуць моцна ціснуць зь Менску, дык яны могуць проста зьнішчыць клясу, каб не было зь ёй зусім праблемаў. Але ёсьць і другое: у чыноўнікаў ёсьць такая рыса, што калі на іх ціснуць, тады яны больш адказна пачынаюць працаваць. Таму я пакуль не гатовы казаць, чаго больш чакаць ад увагі Лукашэнкі».

Насьцярожваюць Зьмітра Саалаўёва і словы Аляксандра Лукашэнкі, што для яго і расейская мова не чужая.

«І гэта не дае падставаў спадзявацца, што чынавенства адразу кінецца размаўляць на беларускай мове і спрыяць беларускаму школьніцтву. У нас ёсьць намесьнік старшыні гарвыканкаму Андрэй Кунцэвіч, які гаворыць па-беларуску, але ад гэтага гарвыканкам ня стаў беларускамоўным і не пачаў заахвочваць адкрыцьцё беларускамоўных клясаў. Але дапускаю, што словы прэзыдэнта і дадуць нейкі плён у гэтым пытаньні», — кажа бацька адзінай беларускамоўнай школьніцы з Магілёва.

Задаючы пытаньне Аляксандру Лукашэнку, Валер Каліноўскі зьвярнуў увагу, што бацькам, якія запісваюць дзяцей у школы, настаўнікі іншым разам падказваюць, якую мову пазначаць у заяве. Найчасьцей гэта мова расейская. Кіраўнік дзяржавы адказаў, што гэта няпраўда. Зьміцер Салаўёў, у сваю чаргу, кажа, што такія выпадкі яму вядомыя, аднак галоўная прычына, якая ўплывае на выбар бацькамі мовы навучаньня для сваіх дзяцей, — гэта тое, што на беларускай мове няма вышэйшай адукацыі.

«Бацькоў вельмі хвалюе, што іхныя дзеці ня могуць атрымаць вышэйшую адукацыю зь беларускай мовай. Ня змогуць паступіць ва ўнівэрсытэт ці будуць вучыцца ў ім кепска, бо там расейская мова. У іх больш прагматычны падыход. Калі будзе больш беларускамоўных унівэрсытэтаў, то пытаньне зь беларускай мовай у школах будзе вырашацца», — мяркуе Зьміцер Салаўёў.

Што да настаўніцкіх падказак бацькам, якую мову ім выбіраць для навучаньня сваіх дзяцей, то Зьміцер заўважае:

«Пра такія сытуацыі я чуў. Я б не казаў, што бацькоў прымушаюць, але ім кажуць пра псыхалягічны стан дзіцяці, што, маўляў, ваша дзіця будзе адно і гэта будзе кепска для яго, яму трэба камунікацыя. Пад гэта чамусьці заточаныя нашы псыхолягі. Але наш досьвед паказвае, што праблемаў з гэтым няма».

Кляса зь беларускай мовай навучаньня зьявілася ў Магілёве пасьля амаль дзесяцігадовага перапынку дзякуючы намаганьням грамадзкасьці. Калі надышоў час запісваць у яе дзяцей, гэта зрабіла толькі сям’я Салаўёвых. Непрацяглы час разам зь Ялінкай вучыліся яшчэ двое дзяцей, але з-за праблемаў у сям’і іх перавялі ў іншую школу. Увесь час, што Ялінка вучыцца ў школе, бацькі шукаюць ёй аднаклясьнікаў, але безвынікова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG