Дваццацімэтровая падводная лодка, выяўленая на дне Балтыйскага мора, прыкладна за 1,5 марской мілі ад усходняга ўзьбярэжжа Швэцыі, вельмі падобная да расейскай падводнай лодкі ўзору 1916 году, паведаміла швэдзкая газэта «Дагенс Нюхэтэр». Камэрцыйная вадалазная фірма Ocean X Team, якая выявіла падлодку на дне Балтыкі, мела каардынаты судна яшчэ ў 2014 годзе.
На відэаздымку, зробленым швэдзкімі дайвэрамі, выразна бачны корпус патанулага судна. Захавалася яно выдатна.
Некаторыя спэцыялісты мяркуюць, што гэта субмарына клясы «Сом», пабудаваная пад назвай Fulton у ЗША ў 1904 годзе і прынятая на ўзбраеньне Балтыйскім флётам у 1915 годзе. Вядома, што менавіта такая падлодка патанула 10 траўня 1916 году ад сутыкненьня са швэдзкім гандлёва-пасажырскім суднам «Інгерманлянд». Тады загінулі 18 расейскіх падводнікаў.
У кастрычніку мінулага году швэдзкія вайскова-марскія сілы на працягу некалькіх дзён шукалі ў Стакгольмскіх шхерах неапазнаны падводны аб’ект. Падставай паслужыў перахоп радыёперадачы са швэдзкіх тэрытарыяльных вод. Паводле крыніцаў у швэдзкай берагавой абароне, гэта быў незашыфраваны сыгнал бедзтва з расейскай падлодкі, перададзены на базу ў Калінінград.
Расейскае вайсковае ведамства тады заявіла, што ніякіх «няштатных або аварыйных сытуацыяў» з расейскімі караблямі не адбывалася.