Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хашчавацкі: Ніхто столькі не зрабіў для пахаваньня апазыцыі, як незалежныя журналісты


«Выбары фрыкаў» — наколькі справядлівае гэтае вызначэньне адносна сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў? Якое значэньне будзе мець адмова ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Статкевіча? Ці супадае меркаваньне сацыяльных сетак з голасам народу? Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць сацыёляг Сяргей Нікалюк, кінарэжысэр Юры Хашчавацкі і аглядальнік Радыё Свабода Віталь Цыганкоў.

Лежачы на канапе, актыўныя людзі нічога не дамогуцца

Хашчавацкі: Я мяркую, што некаторыя журналісты перабольшваюць клоўнскую сытуацыю на гэтых выбарах. З аднаго боку, мы ведаем, чым гэта скончыцца, ведаем узровень фальсыфікацыяў.

З другога боку, на мой погляд, удзельнічаць усё роўна неабходна. Бо лежачы на канапе, актыўныя людзі нічога не дамогуцца.

Можна грэбаваць гэтай уладай за ўсё, што яна робіць, але нельга нічога ёй не супрацьпастаўляць.

Магчымасьць выходзіць да людзей, размаўляць зь імі, каб пры гэтым цябе не арыштавалі, бывае рэдка.

Я абсалютна разумею людзей, якія ня пойдуць на выбары. Але я не разумею палітыкаў, якія таксама кладуцца на канапу і нічога не зьбіраюцца рабіць на гэтых выбарах.

Я — прыхільнік праграмы АГП «Мільён новых працоўных месцаў». Там напісана тое, што трэба зрабіць у нашай краіне.

Лябедзька і Калякін — «цяжкавагавікі» апазыцыі, лідэры найбуйнейшых партыяў, яны — постаці на ўзроўні Саньнікава, Статкевіча і Някляева

Цыганкоў: Мне здаецца, што людзі, якія называюць гэтую кампанію «выбарамі фрыкаў», гэтак жа называлі б гэтую кампанію, калі б у ёй удзельнічалі іншыя фігуры. Тут справа не ў асобах, а ў стаўленьні да ўдзелу ў выбарах як такога.

Напрыклад, актывісты КХП БНФ такія фармулёўкі ўжываюць даўно ў дачыненьні да любых выбараў.

Якія грамадзкія і палітычныя фігуры вышэйшыя за тых, якія пайшлі на выбары? Прынамсі, Лябедзька і Калякін — «цяжкавагавікі» апазыцыі, лідэры найбуйнейшых партыяў, яны — постаці на ўзроўні Саньнікава, Статкевіча і Някляева.

А якія значныя асобы не пайшлі на выбары? Хіба Алексіевіч, але яна ня ўдзельнічае ў палітыцы. Пасьля сьмерці Быкава, Бураўкіна, Барадуліна цяжка назваць постаць з высокім маральным аўтарытэтам у грамадзтве.

Аргумэнтацыя за байкот мае пераважна маральна-этычныя пасылы, але, на маю думку, ня мае ніякіх палітычных вынікаў. Гэта як чарговы раз сказаць, што мы ня любім гэтую ўладу, не прымаем яе, што ўлада не легітымная? Але гэта ўжо сто разоў сказана з 1996 году. Што зьменіцца ў грамадзтве, калі паўтараць гэта зноў і зноў? Байкот быў бы вартым, калі б гэта было як у Польшчы часоў «Салідарнасьці» ці як падчас байкоту, наладжанага косаўскімі альбанцамі ў Сэрбіі, якія пабудавалі свае аўтаномнае грамадзтва. У нас няма такога актыўнага непрыманьня ўлады з боку большасьці народу. Ёсьць пасіўнае непрыманьне, калі апалітычныя людзі, напрыклад, ня хочуць ісьці на выбары — але якраз гэта прыхільнікі байкоту і запішуць у свой актыў.

Мэтай удзелу ў выбарах для апазыцыі зараз можа быць толькі дыскрэдытацыя дзейнай улады

Нікалюк: А хто на гэтых выбарах галоўны фрык? Мне здаецца, той, хто будзе браць удзел у гэтым мерапрыемстве ўжо пяты раз. Ён сам заяўляе, што гэта ня выбары, а іспыт.

Да іспыту дапускаюць на падставе працы ў сэмэстры. А заданьні на «сэмэстар» былі запісаныя ў рашэньнях Усебеларускага народнага сходу. Трэба паглядзець, ці можна гэтага чалавека дапускаць да выбараў. Па-мойму, не.

Нашая сыстэма — гэта электаральны аўтарытарызм. У ёй выбары праводзяцца дзеля ўмацаваньня цяперашняй улады. Цяпер улада дастаткова кансалідаваная, зьмяніць яе немагчыма.

Рэйтынгі ўсіх альтэрнатыўных кандыдатаў — у межах статыстычнай памылкі, але нават калі б яны былі на ўзроўні 40-50%, гэта ня мела б ніякага значэньня.

Калі Юры казаў, што трэба ісьці да людзей, тут пытаньне, з чым ісьці. Грамадзтва не гатовае чуць альтэрнатыву. Таму, на мой погляд, трэба ісьці з крытыкай цяперашняй улады. Мэтай удзелу ў выбарах для апазыцыі цяпер можа быць толькі дыскрэдытацыя дзейнай улады. Дракахруст: На думку некаторых, галоўная падзея сёлетняй кампаніі ўжо адбылася — ЦВК адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групе па вылучэньні Міколы Статкевіча. Але масавага абурэньня, пратэстаў з гэтай нагоды не назіраецца. Дык наколькі значная гэтая падзея для грамадзтва ў цэлым, а ня толькі для прыхільнікаў Статкевіча? Ці адсутнасьць пратэстаў — не крытэр?

70% зьбіраюцца ўдзельнічаць у тым, што я ахарактарызаваў як «нявыбары»

Нікалюк: Я ня думаю, што гэта падзея. Апошнія апытаньні паказваюць, што 70% зьбіраюцца ўдзельнічаць у тым, што я ахарактарызаваў як «нявыбары». А да выбараў гэтая лічба яшчэ павялічыцца.

Пра адмову Статкевічу большасьць проста ня ведае, бо атрымлівае інфармацыю з афіцыйных крыніцаў. А актыўная меншасьць і да таго была супраць, і што ў іх стаўленьні зьменіць гэтая інфармацыя? Яны скажуць: мы так і ведалі, што не зарэгіструюць. А дзе тут падзея?

Для большасьці беларусаў няма тэмы палітвязьняў

Цыганкоў: Тое, што Статкевічу адмовяць, пралічвалася ўсімі адэкватнымі людзьмі.

Мы жывем у асяродзьдзі палітычна актыўных людзей і не заўсёды ўяўляем сабе, як нашы каштоўнасьці ўспрымаюцца большасьцю беларускага грамадзтва. У прыватнасьці, для гэтай большасьці няма тэмы палітвязьняў.

Мы часам праецыруем на нашу сытуацыю міжнародны досьвед — таго самага Мандэлы, Гаўла, якія адседзелі турэмныя тэрміны і рабіліся сымбалямі пераменаў. Беларуская гісторыя апошніх 20 гадоў не пацьвярджае тэзу пра тое, што зьняволеньне — шлях да народнай папулярнасьці. Пачынаючы ад галадоўкі Хадыкі і Сіўчыка і канчаючы адседкай і галадоўкай Казуліна. Калі Казулін, не пайшоўшы ні на якія кампрамісы, быў вызвалены, ён ня стаў лідэрам ні для апазыцыі, ні для грамадзтва.

У нас, на жаль, яшчэ слабое само грамадзтва, а ня лідэры

Хашчавацкі: Я чалец ініцыятыўнай групы ня толькі Лябедзькі, але і Статкевіча. Я захапляюся ягонай стаічнай мужнасьцю.

Мы ведалі, што незаконным спосабам ён будзе пазбаўлены законных магчымасьцяў балятавацца ў прэзыдэнты. Гэта ня стала падзеяй.

Гэты стаіцызм — гэта яшчэ ня ўсё. Неабходна, каб ім захапілася грамадзтва. Пры гэтым, дарэчы, мужнасьць — гэта яшчэ ня ўсё, што трэба, каб стаць прэзыдэнтам. Неабходна прывабіць нейкімі новымі ідэямі.

Праблема ў тым, што грамадзтва ня вабяць новыя ідэі. Яны прывабліваюць малую актыўную частку грамадзтва.

У нас часта гавораць, якая ў нас слабая апазыцыя, слабыя яе лідэры. Але хіба на Майдан у Кіеве вывела людзей апазыцыя? Не. Толькі потым людзі дазволілі апазыцыі выйсьці на першыя месцы. Напачатку яны выганялі апазыцыянэраў з Майдану.

У нас, на жаль, яшчэ слабое само грамадзтва, а ня лідэры. І Статкевіч, і Саньнікаў, і Някляеў, і Лябедзька, і Калякін — яны маглі б і павінны стаць лідэрамі ў нашым грамадзтве.

Ніхто столькі не зрабіў для пахаваньня апазыцыі, як незалежныя журналісты. Параўнайце, што пра іх піша дзяржаўны друк, і што — недзяржаўны.

Можна было б марыць пра тое, што не зарэгіструюць Статкевіча і мільён людзей выйдзе на вуліцу. Але гэтага ж няма, на жаль.

Дракахруст: На ваш погляд, у якой ступені сацыяльныя сеткі, Байнэт адлюстроўваюць настроі ўсяго беларускага грамадзтва? У прыватнасьці, палітычныя настроі, стаўленьне да выбараў і кандыдатаў на іх. Беларусь жа даволі інтэрнэтызаваная краіна. Дык голас Інтэрнэту (Фэйсбуку) — гэта голас народу?

Калі «шырокія народныя масы» прыйдуць у Фэйсбук, палітычна актыўныя людзі будуць шукаць іншага месца для камунікацыі

Цыганкоў: Я некалі спытаўся ў Юрыя Зісера, уладальніка самага папулярнага ў краіне парталу, якая самая папулярная рубрыка на TUT.BY. Ён сказаў, што гэта «Надвор’е».

Так што я схільны разглядаць інтэрнэт як выключна тэхнічны сродак. Нехта шукае ў ім зьвесткі пра інтымнае жыцьцё зорак, дык гэта тое, што ёсьць і ў расейскім ТБ. І калі чалавек пры гэтым кажа: «Я не гляджу ТБ, я гляджу інтэрнэт», гэта ня робіць яго больш прагрэсіўным.

Калі казаць пра Фэйсбук, то ён адрозьніваецца як ад інтэрнэту ў цэлым, гэтак і ад такіх сетак, як «Одноклассники» і «Вконтакте». Але мяркую, што агульныя тэндэнцыі закрануць і яго, і калі «шырокія народныя масы» прыйдуць у ФБ, ён стане такім самым, як і іншыя сеткі, і палітычна актыўныя людзі будуць шукаць іншага месца для камунікацыі.

Правядзеньне тэлефону ў вёскі зьмяніла жыцьцё людзей, але не сказаць, што зрабіла іх палітычна больш пісьменнымі, зьмяніла іх погляды.

Калі б Сахараў, Салжаніцын, Быкаў, Адамовіч жылі ў наш час, як бы іх палівалі на інтэрнэт-форумах

Хашчавацкі: Я ў жаху, калі чытаю розныя форумы, у тым ліку і ў сацыяльных сетках. Інтэрнэт мае супрацьлеглыя якасьці. Ён можа быць выкарыстаны як сродак арганізацыі, і мы гэта бачылі на прыкладзе «маўклівых дэманстрацыяў» у 2011 годзе. Але інтэрнэт таксама дае магчымасьць людзям жыць у прыдуманым віртуальным сьвеце, і яны ўсю сваю апазыцыйнасьць выкладаюць туды.

Чалавек выплюхвае ў інтэрнэт бруд на ўладу ці на апазыцыю ці на адно і другое і з адчуваньнем выкананай грамадзянскай місіі кладзецца і засынае.

У выніку грамадзтва страціла маральныя аўтарытэты, такія, якімі былі ў свой час Сахараў, Салжаніцын, у нас — Быкаў, Адамовіч.

Калі б яны жылі ў наш час, як бы іх палівалі на інтэрнэт форумах. І ня толькі тролі. Гэта, на жаль, нашае грамадзтва.

Сёньня рабочы на прадпрыемстве, які на няпоўным працоўным тыдні, пад пагрозай звальненьня, значна больш апазыцыйны, чым многія з тых, хто сядзіць у сацыяльных сетках і лае ўсіх.

Інтэрнэт — гэта моцны інструмэнт далейшай атамізацыі грамадзтва

Нікалюк: Мы кажам пра грамадзтва, неяк яго крытыкуем, але ў заходнім разуменьні грамадзтва ў нас няма. У нас ёсьць сума атамізаваных грамадзянаў. НІСЭПД пэрыядычна задае пытаньне: «Ці можна давяраць людзям?». І станоўча адказваюць толькі 24%. У той час як у скандынаўскіх краінах такі адказ даюць прынамсі 80%.

Да таго ж у нас унёсак у гэтыя 24% робяць у асноўным пэнсіянэры. Вось мая цешча скажа, што людзям, зразумела, можна давяраць. А сярод моладзі так лічаць толькі 11%.

Інтэрнэт мае шэраг перавагаў, але гэта і моцны інструмэнт далейшай атамізацыі грамадзтва. Палітыка ўзьнікае там, дзе ёсьць калектыўнае дзеяньне. Адзінства мэтаў і думак недастатковае.

Інтэрнэт амаль не стварае калектыўных дзеяньняў, а зводзіць людзей у віртуальны сьвет.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG