Дзяржабвінаваўца папрасіў суд пакараць экс-старшыню Белкаапсаюзу Сяргея Сідзько 12 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Вырак будзе вынесены 14 жніўня.
Таксама дзяржабвінаваўца папрасіў суд прызначыць для Сідзько штраф у 500 базавых велічынь з канфіскацыяй усёй маёмасьці і з пазбаўленьнем права займаць кіраўнічыя пасады тэрмінам на 5 гадоў.
23 ліпеня ў Вярхоўным судзе Беларусі на працэсе па справе былога старшыні Белкаапсаюзу Сяргея Сідзько і яшчэ шасьці абвінавачаных адбыліся спрэчкі бакоў, паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суду.
Былому кіраўніку Белкаапсаюзу было прад’яўленае абвінавачаньне ў атрыманьні хабару і злоўжываньні ўладай. Дзяржабвінаваўца папрасіў суд прызнаць Сідзько вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынстваў за неаднаразовае атрыманьне хабару, у тым ліку ў буйным і асабліва буйным памеры.
23 лiпеня 2013 году КДБ паведаміў, што выяўлена і спынена супрацьпраўная дзейнасьць групы асобаў зь ліку кіраўнікоў, супрацоўнікаў Белкаапсаюзу і прадстаўнікоў камэрцыйных структураў. Гэтыя асобы, паводле КДБ, займаліся вымагальніцтвам за прадстаўленьне аб’ёмаў працаў на аб’ектах спажыўкаапэрацыі, а таксама за продаж інвэстарам зямельных участкаў і аб’ектаў нерухомасьці. Памеры хабару дасягалі 500 тыс. даляраў ЗША.
Пры перадачы чарговай часткі хабару былі затрыманыя старшыня Белкаапсаюзу Сяргей Сідзько, начальнік упраўленьня капітальнага будаўніцтва і інвэстыцыяў гэтага саюзу Дзьмітры Калодзезны, яго намесьнік Элеанора Сізук, а таксама прадстаўнікі камэрцыйных структураў.
Дзяржабвінаваўца папрасіў прызначыць былому начальніку ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва і інвэстыцыяў Белкаапсаюзу Калодзезнаму пакараньне ў 5 гадоў і 6 месяцаў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама са штрафам 300 базавых велічынь, з канфіскацыяй усёй маёмасьці і з пазбаўленьнем права займаць кіраўнічыя пасады тэрмінам на 5 гадоў.
Дзяржабвінаваўца папрасіў прызначыць пакараньні і для іншых фігурантаў справы.