Легендарны «паляўнічы на нацыстаў» Эфраім Зураф 21 ліпеня перадаў у дацкую паліцыю матэрыялы супраць 90-гадовага Хельмута Лейфа Расмусэна, які мог служыць ахоўнікам у лягеры прымусовай працы каля вёскі Кісялевічы пад Бабруйскам.
«Мы ня ведаем, ці ёсьць сьведкі ў Беларусі, — заявіў Зураф у інтэрвію Радыё Свабода. — Але мы іх шукаем».
«Расмусэн быў адным з дацкіх ахоўнікаў, якія ахоўвалі лягер з 1942 да вясны 1943 году. У гэты пэрыяд да паўтары тысячы габрэяў былі забітыя ў лягеры ці памерлі ад цяжкіх умоваў утрыманьня», — распавядае Зураф.
Абвінавачаньне Зурафа грунтуецца на пратаколе допыту Расмусэна 1945 году. Тэкст прыводзіцца ў кнізе дацкіх гісторыкаў Дэніса Ларсэна і Тэркель Стрэдэ «En skole i vold», якая выйшла летась, — піша дацкае выданьне Berlingske.
«У студзені-лютым 1943 [ён] праходзіў службу турэмнага ахоўніка у вайсковым лягеры Вальдлягер, і падчас службы ён бачыў, як забілі шмат габрэяў стрэлам у патыліцу. Габрэі павінны былі капаць ямы (канавы), ачышчаць дарогі ад сьнегу і выконваць іншыя працы, зьвязаныя з падтрыманьнем чысьціні ў вайсковым лягеры. [...] Тых, якія ўжо не маглі болей працаваць, заводзілі да нейкіх вялізных масавых магілаў, якія знаходзіліся на ўскраіне вайсковага лягеру. Там ім загадвалі распрануцца і легчы ніцма ў магіле. Калі яны так зрабілі, ім стралялі ў патыліцу, а потым засыпалі зямлёю і сьнегам».
У лягер каля Кісялёўшчыны звозілі габрэяў з Варшаўскага гета. Там загінула каля 1400 габрэяў — кажуць гісторыкі. Аўтары кнігі «En skole i vold» вывучылі мапы лягера ў Бабруйску.
«Тут былі шыбеніцы і дрэва, на якім вешалі (вязьняў. — РС). Кожны ранак глядзелі, могуць габрэі працаваць ці не. Яны так моцна пакутавалі ад голаду, што часта не маглі. І калі яны не маглі болей працаваць, то СС адводзілі іх у гравійны кар’ер і расстрэльвалі», — распавёў Дэні Ларсэн журналістам тэлеканалу PBS.
Другі аўтар кнігі, Тэркель Стрэдэ, сьцьвярджае, што ёсьць факты пра тое, што ахоўнікі лягера прымалі ўдзел у катаваньнях вязьняў. «Злачынствы, якія тут (у лягеры пад Бабруйскам. — РС) зьдзяйсьняліся, былі такія ж жахлівыя, як у Асьвенціме».
Зураф заявіў дацкім мэдыям, што спадзяецца знайсьці сама менш тры дзясяткі ахоўнікаў, якія служылі ў добраахвотным дацкім батальёне. Хэльмут Расбёль (раней Расмусэн) у інтэрвію прызнае, што служыў у батальёне, калі яму было 17. Але кажа, што толькі ахоўваў пэрымэтар лягера.
«Немцы ставіліся да габрэяў вельмі кепска. Але што мы маглі зрабіць, апроч як глядзець? У нас не было аніякага ўплыву на гэта. Калі табе 17 год, што ты можаш зрабіць? На гэта было цяжка глядзець. Яны білі іх бітамі. Я ніколі ня бачыў, як немцы забівалі габрэяў. Але я бачыў мёртвых габрэяў», — распавядае ён і кажа, што памрэ раней, чым пачнецца суд.
66-гадовы Эфраім Зураф, дырэктар ізраільскага аддзяленьня цэнтру Сымона Візэнталя, мае рэпутацыю зацятага «паляўнічага на нацыстаў». Пад ягоным кіраўніцтвам рыхтуецца штогадовая справаздача сусьветных дадзеных па расьсьледаваньні і абвінавачаньні нацысцкіх злачынцаў. У інтэрвію для Радыё Свабода Зураф, які знаходзіцца цяпер у Капэнгагене, тлумачыць, чаму так важна ставіць перад судом нават шараговых удзельнікаў нацысцкіх злачынцаў:
«Гэта не перасьлед, а абвінавачаньне. Перасьлед — гэта тое, што яны рабілі з вязьнямі лягеру. Абвінавачаньне — гэта паставіць іх перад судом. Міжнароднае права прызнае адказнасьць кожнага чалавека, які зьдзейсьніў ваеннае злачынства. Іншымі словамі, нават калі гэтыя людзі не займалі высокіх пасадаў і не аддавалі загады забіваць нявінных людзей, яны мусяць падзяліць іх адказнасьць. Яны ня Генрых Гімлер ці іншыя высокія нацысцкія чыны, але яны мусяць падзяліць адказнасьць зь імі».
Зураф прыводзіць прыклад «бухгальтара Асвэнцыму» Оскара Герынга, які днямі быў асуджаны ў Нямеччыне да 4 гадоў зьняволеньня за «спрыяньне забойству як найменш 300 тысяч габрэяў».
«Ён быў асуджаны..., хаця не прымаў удзелу ў фізычным зьнішчэньні габрэяў. Ягонай задачай было скрасьці іх грошы і адправіць іх у Бэрлін. Яго асудзілі, бо ён быў часткай апарату масавага забойства, створанага нацыстамі, каб забіць усіх габрэяў па ўсёй Эўропе».
Паводле Эфраіма Зурафа, у паліцыі дастаткова матэрыялаў, каб распачаць справу супраць Хельмута Лейфа Расмусэна.