Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калякін прагназуе другі тур выбараў, — калі ня будзе фальшаваньня


Сяргей Калякін, архіўнае фота
Сяргей Калякін, архіўнае фота

Улады ня ведаюць, што рабіць далей, перакананы Сяргей Калякін, таму і не праводзяць традыцыйнага перадвыбарчага Ўсебеларускага народнага сходу.

Перадаўшы дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў Цэнтральную выбарчую камісію, Сяргей Калякін адказаў на пытаньні журналістаў, у тым ліку і на пытаньні Свабоды.

Адказваючы на пытаньне, што ён бачыць найбольш адметным у цяперашняй кампаніі, Сяргей Калякін сказаў:

«Яшчэ ніколі так востра не ўставалі сацыяльна-эканамічныя пытаньні, як сёлета. І пра гэта сьведчыць тое, што ўлады не праводзяць, як яны гэта звычайна робяць, Усебеларускі народны сход. Яны не далі справаздачы людзям, чаму ня выкананыя ўсе тыя прагнозныя паказьнікі, якія плянаваліся рашэньнем апошняга Ўсебеларускага народнага сходу. Мы прагледзелі гэтыя паказьнікі і бачым, што ніводзін зь іх ня выкананы цалкам. Такога ніколі не было. У лепшым выпадку штосьці зроблена на 60–80%. І самае галоўнае, чаму, як мне падаецца, улады не праводзяць сход, — яны ня ведаюць, што рабіць далей. Цяпер улады ня маюць ніякіх выразных рашэньняў дзеля выхаду з сытуацыі. Таму яны і маўчаць. Адзінае, што яны раяць людзям, — цярпець. Але я як лідэр партыі і нашы актывісты, якія сустракаюцца зь людзьмі ў рэгіёнах, кажуць, што людзі гэтага ня хочуць і ім ужо не па сілах цярпець і зацягваць паясы».

Адказваючы на яшчэ адно пытаньне Свабоды — пра тое, што паколькі Сяргей Калякін зарэгістраваны пад другім нумарам, ці пагадзіўся б ён, каб выбары прэзыдэнта Беларусі скончыліся тым, што ён бы заняў другое месца? — Калякін сказаў:

«Ведаеце, калі б гэта было ў першым туры, то я абсалютна з такой прапазыцыяй згодны, бо я б тады перамог Лукашэнку ў другім туры. І наагул, я ўпэўнены, што гэтыя выбары, калі не дапускаць фальшаваньня, ня могуць скончыцца ў адзін тур. Ніхто з патэнцыйных кандыдатаў, я ўпэўнены, ня зможа перамагчы адразу — без другога туру сёлета не абысьціся».

***

А што вы думаеце пра выбары? Што кажуць вашыя сябры ці сваякі? Пішыце ў камэнтарах ці нам на пошту svaboda@rferl.org

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG