Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заснавальніка «Плятформа інавэйшн» Жамчужнага асудзілі на 6 гадоў


Міхаіл Жамчужны
Міхаіл Жамчужны

Шэсьць гадоў зьняволеньня ва ўмовах строгага рэжыму прысудзіў Віцебскі абласны суд навукоўцу, заснавальніку праваабарончай арганізацыі «Плятформа інавэйшн» Міхаілу Жамчужнаму.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Раней было вядома, што Жамчужны абвінавачваўся ў разгалошваньні службовай таямніцы, незаконным набыцьці сродкаў праслухоўваньня і даваньні хабару, а пракурор прасіў для яго 7 гадоў зьняволеньня. Прысуд абвясьцілі 10 ліпеня, не папярэдзіўшы грамадзкасьць.

Зь якімі з інкрымінаваных Міхаілу Жамчужнаму абвінавачаньняў суд пагадзіўся, невядома. Паводле зьвестак «Плятформы інавэйшн», Міхаіл Жамчужны нязгодны з прысудам і зьбіраецца яго абскарджваць.

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў дамагаецца зьвестак пра працэс над Міхаілам Жамчужным і абскарджвае дзеяньні судзьдзяў Віцебскага абласнога суду. Тыя зрабілі закрытай справу, якую Павал Левінаў называе «шэрагам фальсыфікацыяў».

Павал Левінаў
Павал Левінаў

«На першае паседжаньне па справе Міхаіла мяне не прапусьцілі, сказалі, што суд закрыты. Я разумею, што такое закрыты працэс, але як грамадзянін я меў права на першым паседжаньні пачуць, хто абвінаваўца, хто пацярпелы, іншыя зьвесткі, якія ня могуць быць сакрэтнымі. Але гэтых зьвестак не даюць. На маю скаргу ў Вярхоўны суд прыйшоў дзяжурны адказ, які я таксама абскардзіў. Відавочна, што ўлады ня хочуць, каб мы ведалі хоць што па справе Міхаіла Жамчужнага, якая падаецца вельмі сумнеўнай. З адваката была ўзятая падпіска аб неразгалошваньні, таму ён таксама нічога не паведамляе. Зь ліста Міхаіла з ізалятара мне вядома, што ён быў працай адваката задаволены, напісаў, што адвакат „разьбіў ушчэнт“ адно з абвінавачаньняў, але што дакладна, мне невядома.

Збольшага пра справу мала што вядома, акрамя некаторых момантаў. Што ён нібыта вырабляў ці набываў нейкія тэхнічныя прылады, але дзеля чаго? Нехта нібыта пралічыў ягоныя мэты, але наколькі гэта падмацавана доказамі? Мяркую, гэта падобна да шэрагу брудных фальсыфікаваных спраў, калі нават не ўдалося пачуць пастанову суду пра тое, чаму справу вырашылі разглядаць у закрытым рэжыме», — сказаў карэспандэнту Свабоды Павал Левінаў.

Калі скаргу Міхаіла Жамчужнага на прысуд не задаволяць, яму давядзецца адбываць 6 гадоў у адной з калёніяў для тых, хто зьдзейсьніў злачынства паўторна. З 2007 па 2012 гады былы выкладчык Міхаіл Жамчужны адбыў тэрмін за эканамічнае злачынства. Пасьля калёніі Міхаілу Жамчужнаму яшчэ на 2 гады і 8 месяцаў забаронена займацца арганізацыйна-прававой дзейнасьцю.

Міхаіл Жамчужны быў арыштаваны ў 2013 годзе. Летась быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня і былы калега Жамчужнага, заснавальнік праваабарончай арганізацыі «Плятформа» Андрэй Бандарэнка, якога суд прызнаў вінаватым у злосным хуліганстве. Вядома, што падчас расьсьледаваньня справы Андрэя Бандарэнкі яго дапытвалі адносна дзеяньняў Міхаіла Жамчужнага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG