Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над віцебскім праваабаронцам ідзе ў закрытым рэжыме


Міхаіл Жамчужны, архіўнае фота, 18 сьнежня 2013
Міхаіл Жамчужны, архіўнае фота, 18 сьнежня 2013

Сёньня ў Віцебску пачаўся суд над заснавальнікам арганізацыі «Плятформа інавэйшн» Міхаілам Жамчужным.

Працэс праходзіць у Віцебскім абласным судзе ў закрытым рэжыме.

Паводле папярэдніх зьвестак, Міхаіла Жамчужнага вінавацяць па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу — 376 (часткі 1, 2), 375 (частка 1) і 431 (часткі 1, 2) — у наўмысным раскрыцьці зьвестак, якія ўтрымліваюць службовую таямніцу, незаконным набыцьці (вырабе) сродкаў для непублічнага атрыманьня інфармацыі, якая ўяўляе сабой службовую таямніцу, і ў даваньні хабару.

Што працэс будзе закрыты, было вядома загадзя. Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў, які яшчэ да пачатку прыйшоў у абласны суд, зафіксаваў працэсуальныя парушэньні.

Павал Левінаў
Павал Левінаў

«Паводле заканадаўчых нормаў, кожны працэс пачынаецца аднолькава: усіх ахвотных запрашаюць у залю, судзьдзя распачынае працу, прадстаўляецца, называе імёны і прозьвішчы ўдзельнікаў працэсу і толькі потым абвяшчае сваё рашэньне — маўляў, працэс будзе закрыты. Я прыйшоў, каб даведацца, хто сакратар на працэсе, хто дзяржаўны абвінаваўца, хто адвакат падсуднага. І, урэшце, як выглядае сам Міхаіл Жамчужны... Аднак я прастаяў пэўны час у фае суду, а ў залю ніхто нікога так і не запрасіў! Пра гэта я напісаў скаргу на імя старшыні абласнога суду. Бо інакш як непаважным стаўленьнем да грамадзян з боку работнікаў суду гэтую сытуацыю не назавеш!» — апавёў Павал Левінаў.

Убачыць падсуднага спадару Левінаву не ўдалося: машына з СІЗА, дзе ўтрымліваюць Міхаіла Жамчужнага, адразу заехала ва ўнутраны двор, і браму зачынілі.

Справу Міхаіла Жамчужнага разьбірае судзьдзя абласнога суду Валянціна Буева. Пра гэта паведаміў яшчэ адзін віцебскі праваабаронца, Леанід Сьвецік:

«Я лістуюся зь Міхаілам Жамчужным. У апошнім лісьце, напісаным напярэдадні суду, гаворыцца, што судзьдзёй прызначана Валянціна Буева. Але спачатку былі прызначаныя іншыя судзьдзі, мужчыны, зазначае Жамчужны. Аднак яны адзін за адным адмовіліся весьці справу, як толькі пазнаёміліся зь яе матэрыяламі».

Паводле зьвестак зь лістоў, якія Міхаіл Жамчужны адсылаў на волю, пачуваецца ён добра, нягледзячы на складаныя ўмовы жыцьця ў СІЗА і досыць паважны ўзрост — 60 гадоў. Настроены Жамчужны рашуча. У лісьце да грамадзкай актывісткі Ганны Шапуцькі ён пісаў: «Матэрыялы справы — спрэс фальсыфікацыя і супярэчнасьці. Паспрабую ў часе суду гэтым скарыстацца».

З прыватнай перапіскі таксама вядома, што ён адмовіўся супрацоўнічаць са сьледзтвам, спаслаўшыся на артыкул 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які дазваляе грамадзяніну адмовіцца ад любых сьведчаньняў, якія могуць быць выкарыстаныя супраць яго самога.

Арганізацыю «Плятформа інавэйшн» Міхаіл Жамчужны заснаваў разам з Андрэем Бандарэнкам, і затрымалі спадара Жамчужнага неўзабаве пасьля арышту Бандарэнкі, у жніўні 2014 году. Паколькі ў Віцебску ён ня меў блізкіх сваякоў, пра ягонае апошняе затрыманьне і арышт стала вядома не адразу.

Жаданьне займацца праваабарончай дзейнасьцю былы дацэнт Віцебскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту, кандыдат тэхнічных навук, вядомы ў акадэмічным асяродзьдзі дасьледчык і вынаходнік Міхаіл Жамчужны тлумачыў наступным чынам. Ён заўжды займаўся чыстай навукай, выкладаў ва ўнівэрсытэце, кіраваў дасьледчай лябараторыяй, якая працавала над атрыманьнем вадароду дзеля выкарыстаньня ў прамысловасьці.

Аднак у 2008 годзе на Жамчужнага завялі крымінальную справу за эканамічныя злоўжываньні. Скончылася прысудам.. Пасьля вызваленьня ў 2012 годзе Жамчужны заявіў, што справа супраць яго была сфабрыкаваная. Міхаіл спрабаваў абскардзіць свой прысуд, аднак справа была задужа складаная: яна тычылася навуковых распрацовак і вымагала вялікіх грошай на адвакатаў. Таму ад ідэі рэабілітаваць сваё імя спадар Жамчужны адмовіўся, але на працу ва ўнівэрсытэт, дзе яго абвінавацілі, прынцыпова не вярнуўся.

Адбыўшы тэрмін, ён і вырашыў далучыцца да праваабаронцаў. Да яго зьвярталіся людзі, зь якімі ён раней быў за кратамі. Яны паведамлялі яму пра тыя ці іншыя праблемы ў месцах пазбаўленьня волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG