Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаіл Жамчужны напісаў адкрыты ліст Лукашэнку і чакае суду


Міхаіл Жамчужны
Міхаіл Жамчужны

Сьледзтва па справе актывіста «Плятформы» Міхаіла Жамчужнага, які знаходзіцца пад вартай у Віцебскім СІЗА, працягнута да 19 красавіка генэральным пракурорам.

Пра гэта Міхаіл паведаміў у лісьце да Тацяны Севярынец, каардынатаркі аргкамітэту па стварэньні БХД.

Спадарыня Тацяна лістуецца зь Міхаілам Жамчужным, аднак ня ўсе лісты да яе даходзяць:

«У апошнім допісе ад Міхаіла так ён гаворыць: „Няхай не засмучае, што лісты прыходзяць рэдка, бо іх забірае адміністрацыя. Я пра гэта расьпісваюся ў актах“. Аднак адкрыты ліст да прэзыдэнта праз „Народную волю“ 17.02.2015 усё-ткі ўдалося адправіць, на 10 аркушах».

Паводле спадарыні Тацяны, у лісьце ад Міхаіла Жамчужнага ёсьць і такі радок:

«Ваша інтэрвію для „Свабоды ў турмах“ павялічыла мае сілы ў дзесяць разоў і дало адзіную надзею на вызваленьне».

Паводле ранейшай інфармацыі, суд над актывістам «Плятформы» павінен быў распачацца яшчэ ў студзені. Аднак цяпер, калі генэральны пракурор працягнуў тэрмін сьледзтва да 19 красавіка, з улікам часу на вывучэньне справы, пісаньне скаргаў у выпадку нязгоды і рэагаваньне пракуратуры, судовага працэсу трэба чакаць не раней як напрыканцы траўня або нават на пачатку чэрвеня.

Былы дацэнт Віцебскага тэхналягічнага інстытуту, вынаходнік, аўтар шэрагу навуковых прац, кандыдат тэхнічных навук Міхаіл Жамчужны, які раней адседзеў пяць гадоў паводле эканамічнага артыкула, быў арыштаваны ў жніўні 2014 году, неўзабаве пасьля працэсу над дырэктарам «Плятформы» Андрэем Бандарэнкам. Яго ўтрымліваюць у Віцебскім СІЗА-2 і вінавацяць паводле некалькіх вельмі сур’ёзных артыкулаў КК Беларусі — арт.376 (ч.1, ч.2), арт.375 (ч.1), арт.431 (ч.1, ч.2). Гэта наўмыснае выдаваньне службовых сакрэтаў, незаконнае набыцьцё (выраб) сродкаў для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, а таксама даваньне хабару.

У 2012 годзе Міхаіл Жамчужны, выйшаўшы на волю пасьля першага тэрміну, пачаў актыўна аказваць дапамогу актывістам «Плятформы», пагадзіўся стаць заснавальнікам арганізацыі «Плятформа інавэйшн» — нашчадка закрытай уладамі «Плятформы». Актывісты групы «За волю» мяркуюць, што Андрэя Бандарэнку і Міхаіла Жамчужнага беларускія ўлады перасьледуюць з палітычных прычынаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG