У красавіку ў Віцебску можа пачацца працэс над праваабаронцам, вынаходнікам Міхаілам Жамчужным, якога абвінавачваюць у спробе завалодаць дзяржаўнымі сакрэтамі. Працэс будзе закрыты, напісаў у лісьце на волю Міхаіл Жамчужны.
Паводле сайту «Плятформы інавэйшн», Міхаіл Жамчужны, які разам з Андрэем Бандарэнкам некалькі гадоў таму заснаваў гэтую праваабарончую арганізацыю, быў арыштаваны ўлетку 2014 году. Трымаюць былога праваабаронцу ў віцебскім СІЗА № 2. Міхаіл Жамчужны ўжо пачаў знаёміцца са сваёй крымінальнай справай і паведаміў з ізалятара некаторыя падрабязнасьці. Вытрымку зь ліста Міхаіла Жамчужнага зачытала карэспандэнту Свабоды грамадзкая актывістка Ганна Шапуцька.
«Ужо тыдзень знаёмлюся са сваёй крымінальнай справай. Скрозь усё сфальшавана і супярэчыць адно аднаму. Паспрабую гэтым скарыстацца на судзе. Законна мяне судзіць немагчыма, але для іх закон не пісаны. У любым выпадку я буду ганарыцца тым, што зрабіў, бо, нягледзячы на ўсё, мне ўдалося дамагчыся сваёй мэты. Паспрабавалі ў мяне ўзяць падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў справы, але я адмовіўся. Тое, што адбываецца, мусяць ведаць людзі. Суд празь месяц-паўтара, хутчэй за ўсё, будзе закрыты. Трымаюся. Апратэставаў у пракуратуры тое, што незаконна забралі ў мяне лісты. Пракуратура адправіла маю скаргу ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, дзе мусяць правесьці расьсьледаваньне. За гэта на мяне наклалі спагнаньне, якое я таксама апратэставаў як перасьлед за крытыку. Учора пры вобшуку ў чаравік падклалі лязо, таму чакаю чарговага спагнаньня. Настрой баявы. Усе зэкі сьмяюцца з гэтай „мышынай важданіны“, усяляк мяне падтрымліваюць».
Былы дацэнт Віцебскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту, кандыдат навук Міхаіл Жамчужны, паводле сьледзтва, з дапамогай прыладаў, якія сам зрабіў, спрабаваў выведаць дзяржаўныя сакрэты. Пра якія сакрэты гаворка, невядома, бо справа адразу была засакрэчаная. Да праваабаронцаў дайшлі зьвесткі, што першапачаткова разам з Жамчужным у справе фігураваў чалавек, якога Жамчужны, як лічыла сьледзтва, падкупіў праз хабар. Пазьней эпізод аб хабарніцтве са справы Жамчужнага нібыта быў выключаны, але ўдакладніць гэта пакуль не ўдалося. Падрабязнасьці пра справу Міхаіла Жамчужнага праваабаронцы атрымаць ня могуць. З адваката ўзялі падпіску пра неразгалошваньне.
Актывісты грамадзкай ініцыятывы «За волю» заклікаюць прызнаць, што Міхаіла Жамчужнага беларускія ўлады перасьледуюць з палітычных прычын, і дамагацца ягонага вызваленьня ці адкрытага суду.