Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская будучыня: асаблівасьці перакладу


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Кірха ў Горадні – адзіная ў Беларусі. Гэта цешыць шчуплага невысокага пастара, да якога зьвяртаюцца з павагай – Уладзімер Уладзімеравіч, гэта цешыць гарадзенцаў.

І замкі каралеўскія толькі тут, і вялікі вежавы гадзіньнік, якому пяцьсот гадоў, і нават лютэранская бажніца.

І на адкрыцьцё арганнага фэсту прыехаў зь Вільні амбасадар сапраўднай лютэранскай краіны Фінляндыі. Ён гаварыў зь незвычайным, нібы гартанным акцэнтам па-ангельску, але калі ўцягваесься, можна было зразумець, што перакладчык часам скарачаў ці, скажам, спрашчаў. Прынамсі аднойчы, калі дыплямат аптымістычна сказаў, што ў Беларусі ня толькі відавочнае эўрапейскае мінулае, але таксама – эўрапейская будучыня. У перакладзе аптымізм наконт будучыні не прагучаў, быў змазаны ці завуаляваны. Дыплямат дабіраўся ўжо нават да Воршы і Гомеля, але ў Горадні пабываў упершыню. І гаварыў нам камплімэнты, што архітэктурай горад вельмі нагадвае Вільню. Я асабіста ня вельмі згаджаюся, але чуць было прыемна. Я нават машынальна падлічыў, калі дыплямат сказаў – ад Горадні да Хэльсынкі ўсяго семсот кілямэтраў, проста па-суседзтву жывем, што да Масквы таксама семсот.

Арган зь Нямеччыны – вялізная драўляная скрыня ў левай частцы кірхі. (Напэўна такімі гаргарамі некалі былі першыя савецкія ЭВМ). Зьверху дзьверы з адтулінай для ключа, але без дзяржаньня. Калі паставіць лескі, думалася мне, і адчыніць, то напэўна ўбачыш лес труб і трубак. Не, як ні круці, арган – складаная інжынэрная вынаходка на музычнай глебе, зь іншымі інструмэнтамі няможна нават параўноўваць – са смычковымі, ня кажучы аб турэцкім «бухале».

На сьцяне паміж мною і арганам самотна вісеў партрэт самога Марціна Лютэра. Здалёк наперадзе была намаляваная застоліца. Першае ўражаньне: ці ня бюргеры ў «бірхале» з куфлямі? Але то была, вядома ж, тайная вячэра, зробленая ў нямецкім стылі.

Пераважала, зразумела, як і на любым канцэрце, жаночая публіка. Затое не адзін мужчына, напэўна, мог усьцешана падумаць, зірнуўшы на сьцяну: няхай жонка пабачыць, тут таксама не даведзена да ладу – не пафарбаваныя трубы, разэткі вісяць наогул наўскасяк, у мяне такога дома няма. Пастар паабяцаў, што ўнутраныя работы даробяць.

Ці задаволены канцэртам? Музыка была абраная даволі аднастайная, калі шчыра: кампазытары другой паловы ХІХ – першай паловы ХХ-га. Відавочным быў брак сьвежых музычных ідэяў, яркіх фарбаў. Усё ж, як на мяне, альбо сямейства Бах, Гендэль, альбо ўжо Uriah Heep, зразумела, перш «July morning», «Gypsy». Праўда, цікава было слухаць, калі да аргану падлучаўся альт, выходзіў яшчэ адзін музыкант. Паяўляўся таксама майстар сур’ёзнай пантамімы, маладзён у чорнай кашулі, зашпіленай на ўсе гузікі. Вырабляў розныя танцоўныя фігуры на тэму музыкі. Часам мне здавалася, што ён робіць рэвэрансы, часам – што размахвае нібы ўлан шабелькай. Кабета ззаду, як толькі паяўляўся маладзён, уставала з месца, каб лепш бачыць.

Наш замежны знаёмы, бываючы ў Горадні заўсёды зьдзіўляецца: немцы столькі нарабілі тут у апошнюю вайну, а кірху пасьля перамогі над імі не зруйнавалі, не адпомсьцілі. Напэўна ж заходзілі фрыцы пасьля варты ў гета ці пасьля службы ў якім гестапа, конча. Але што тут сказаць? Не чапалі кірху, сапраўды. Затое пасьля вайны каля паловы астатняй гістарычнай забудовы зьнішчылі. Непадалёк ад кірхі стаяў выдатны палац часоў апошняга караля. Яго разбурылі, каб паставіць зьверху ўнівэрсытэцкую хрушчовачку са сталоўкай.

Гарадзенская кірха сёньня
Гарадзенская кірха сёньня

Сакрэт увогуле просты: у кірсе зрабілі архіў, яна прыдалася начальству. На высокіх стэляжах жаўцелі і пыліліся калгасныя сьпісы з загнанымі прымусам у калгасы, затым з адробленымі працаднямі, зь пераселенымі хутарамі і гэтак далей. За надоямі і намалотамі ў начальства не заўжды хапала думак і часу, каб узарваць чарговы помнік архітэктуры. Такім вось выпадковым чынам кірха ацалела.

Я сяджу ў ёй і ўспамінаю: дасьледчыкі любяць пісаць, што яна стаяла ў пабудаваным Антоніем Тызэнгаўзам прадмесьці Гарадніца, і што яе перабудавалі з карчмы (нездарма мне ўспомніліся бюргеры з куфлямі), храмам пачала лічыцца з 1795 году. Я сяджу ў кірсе на арганным канцэрце і ўсьведамляю сабе ў рэтраспэкцыі гісторыю нашага былога каралеўскага гораду, я сяджу ў куточку і смакую яе, і адчуваю сябе на сваім месцы. І мне вядома, што на сьцяне перад выхадам вісіць бляклая копія дакумэнту, зьверху якога наш герб «Пагоня», герб Рэспублікі Беларусь. Пачатак 1995 году. У паперы тагачасны старшыня гарвыканкаму Генрых Крупенка просіць абласное начальства дазволіць перадачу кірхі лютэранскай абшчыне. Было такое, было. Можа й сапраўды існуе эўрапейская будучыня ў рэспублікі, можа напраўду меў рацыю той амбасадар? Не зважаючы на падазроную абачлівасьць перакладчыка, які не палічыў словы наконт яе вартымі перакладу. Пэсыміст? Фама няверуючы? Ці, можа, самацэнзар перакладу?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG