Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партызаны ў Беларусі – нязручнае пытаньне


У апошняй сваёй вандроўцы ў вёску Воўцу я каторы раз пачуў пра забойства беларускай сям’і савецкімі партызанамі.

Забілі гаспадара, Уладзімера Блакіцкага, ягоную жонку Еўдакію, сястру, і чацьвярых дзяцей. Наймалодшай дачцэ было 3 гады. За што расстралялі – невядома.

Гэта ня першая падобная гісторыя на шляху маіх падарожжаў. У Багданаве на Валожыншчыне я чуў ад людзей, як у красавіку 1943-га савецкімі партызанамі была расстраляная сям’я солтыса Вайгяніцы. Забіта было 5 дзяцей. У вёсцы Чарвякі на Вялейшчыне старая Валіна Войцік распавядала мне, як савецкія партызаны забілі сям’ю яе цёткі. Толькі за тое, што цётчын муж служыў лесьніком. Расстраляна было шэсьць чалавек, зь якіх двое дзяцей. У мястэчку Варонча старыя памятаюць, як напярэдадні першамая 1943-га была замардаваная сям’я шляхціцаў Чарноўскіх. Сярод загінулых была маладая цяжарная жанчына. У вёсцы Міхалова, якую паглынуў Менск, старажылка памятае настаўніка беларускай мовы, забітага партызанамі. Школу, дарэчы, да гэтае пары ня зьнесьлі. У Крывічах, ужо пасьля адступленьня немцаў, настаўнік спрабаваў угаварыць партызан не паліць будынак школы. Бо дзецям жа трэба будзе недзе вучыцца. Спалілі. Перад гэтым расстраляўшы таго настаўніка. Зрэшты, настаўнікаў палеглі тады дзясяткі. Я пра дзяцей. Іх, са словаў бягомальца Канстанціна Гайдука, загінула шмат у сьнежні 1942-га пад Бягомлем, дзе камандзір Сьцяпан Манковіч наладзіў «чыстку» цывільнага насельніцтва. Гінулі дзеці і ў Дражне, дзе жыхары памятаюць, як быў разгромлены паліцэйскі гарнізон.

Гэта не былі забойствы сьведак рабаваньня. Як здарылася зь няшчаснай сям’ёй сястры Максіма Танка. Гэта былі выкананьні загадаў камандзіраў. Усе гэтыя факты я здабыў не з кнігі «Памяць». Пра ўсё гэта я ведаю толькі са словаў маіх суразмоўцаў. Іншых крыніц папросту не існуе ў прыродзе.

І як гэта ўсё называць? Як называць выканаўцаў гэтых загадаў? Партызанамі? Абаронцамі? Ваеннымі злачынцамі? Як назваць тых, хто аддаваў гэтыя загады? Чым яны адрозьніваюцца ад нямецкіх карнікаў?

Сярод тысяч удзельнікаў партызанскага руху былі, напэўна, розныя людзі. Ідэйныя камуністы і безыдэйныя мсьціўцы, сапраўдныя героі і сапраўдныя садысты, змагары з марадзёрамі і звычайныя рабаўнікі. Але ўсе яны яшчэ да перамогі атрымалі індульгенцыю на ўсё, што адбывалася на акупаванай немцамі тэрыторыі. Усе сталі героямі. Многія аўтаматы памянялі на ўладныя партфэлі. І спатрэбілася 70 гадоў, каб людзі адкрыта пачалі гаварыць пра ваенныя злачынствы.

А, можа, ня будзем «пераглядаць гісторыю» і мяняць ацэнкі. Бо ці былі злачынцамі камандзір Іван Чумачэнка, які расстраляў сям’ю Чарноўскіх, ці Васіль Сякірка, які забіваў трохгадовую дачку Блакіцкіх? Мо яны, згодна зь лёгікай вайны, дзейнічалі абсалютна правільна? Ну не дзеля абароны ж мясцовага насельніцтва НКВД стварала партызанскі рух. А дзеля нанясеньня максымальнай шкоды праціўніку. І тады ніякія яны не злачынцы. А воіны, якія эфэктыўна праводзілі акцыі застрашэньня. Ад выгляду прашытага кулямі маленькага цельца мала каму захочацца заняць вызваленае месца солтыса ці лесьніка?

Але лягчэй ад гэтага не становіцца. Як гэта ўсё называць? А галоўнае – як называць гэтых няшчасных, пра якіх маўчыць кніга «Памяць»? Быццам ніколі іх і не было.

Меркаваньне аўтара можа не супадаць зь меркаваньнем рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG