Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі адкінуць усе дэнамінацыі, 1 даляр каштуе 155 000 000 беларускіх рублёў


Беларускі рубель чарговым разам узяў гістарычны максымум: па выніках таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы і пазабіржавых зьдзелак курс нацыянальнай валюты зьнізіўся на 76 рублёў і зафіксаваўся на адзнацы 15 488 за даляр. Папярэдні рэкорд быў пастаўлены на пачатку лютага, калі курс склаў 15 450 рублёў за даляр.

Пакуль ня спраўджваюцца запэўніваньні аналітыкаў, якія называюць новую формулу курсаўтварэньня «тэхнічнай працэдурай» — маўляў, яна ніяк не ўплывае на вартасьць грашовай адзінкі. Апэрацыі, не зьвязаныя з абавязковым продажам прадпрыемствамі 30% валютнай выручкі, Нацыянальны банк абавязаў ажыцьцяўляць на пазабіржавым сэгмэнце — наўпрост паміж кліентамі і банкамі. Такім чынам, ад 1 чэрвеня дзеля ацэнкі стану валютнага рынку Беларусі выкарыстоўваецца ня толькі біржавы курс рубля, але і курсы, паводле якіх банкі прадаюць валюту прадпрыемствам ці гандлююць ёю паміж сабой.

З улікам вынікаў сёньняшніх валютных зьдзелак камэрцыйныя банкі купляюць даляр за 15 560 рублёў, продаж сягае нават за 15 800. На аслабленьне рубля адрэагавалі найперш пастаўшчыкі і гандляры, якія працуюць з імпартаваным таварам. Менскі прадпрымальнік Вячаслаў Піліпук удакладняе, што да кошту прадукцыі ў сярэднім дадаецца 10%:

Вячаслаў Піліпук
Вячаслаў Піліпук

«Цяпер кошт закладаецца такім чынам: афіцыйны курс плюс 5–10% зьверху. Раней валюта набывалася на біржы, цяпер у банках, але ў любым выпадку ўсе атрымліваюцца закладнікамі бягучага валютнага курсу. Зрэшты, так было заўсёды, бо тавар пераважна замежны, імпартаваны. То бок людзі вымушаныя сачыць, як расьце курс на біржы і па-за ёй, і, як я ўжо казаў, у выпадку такіх вось ваганьняў да 10% адпачатку закладаецца ў кошт тавару. Само сабой, усё гэта ў комплексе ўдарыць па пакупніцкай здольнасьці, якая зьнізіцца яшчэ больш. З ростам курсу прадпрымальнікам нічога не застаецца, як рэгуляваць кошт, тады як заробак у людзей не падвышаецца, не індэксуецца на гэты валютны рост. І пакуль нічога не паказвае на тое, што можа быць лепш».

Тэндэнцыя на аслабленьне беларускага рубля непазьбежна падвышае трывожныя настроі ў грамадзтве: як паказвае практыка папярэдніх фінансавых крызісаў, рэзка ўзрастае попыт на даляры і эўра, трымальнікі банкаўскіх дэпазытаў намагаюцца зьняць грошы і канвэртаваць іх у валюту. Пакуль дэфіцыту ў абменных пунктах не назіраецца, але, як лічыць кандыдат эканамічных навук Віктар Цярэшчанка, урокі, ня вынесеныя з ранейшых падзеяў, могуць прывесьці да паўтарэньня мінулага:

Віктар Цярэшчанка
Віктар Цярэшчанка

«Яшчэ 10 лютага 2011 году, неўзабаве пасьля выбараў, я як эканаміст папярэджваў: будзе дэвальвацыя, будзе дэфолт. Усё гэта ўрэшце наступіла. Так, хтосьці дапамог мільярдам, хтосьці даў 500 мільёнаў, пражылі яшчэ 4 гады. Але дагэтуль так і няма рэальнай праграмы выхаду з замарожанага крызісу, які пэрманэнтна „адтайвае“. Паказваюць па тэлевізары ўсясьветны крызіс і да таго падобнае, насамрэч шукаючы адгаворкі безгаспадарнасьці і няздольнасьці ўраду даць людзям сацыяльную абарону, заработную плату і рост рэальных прыбыткаў. Вось наша бяда. Але галоўнае, ідуць гады, а нічога не зьмяняецца. Прабачце за эмацыйнасьць, але гэта сапраўдная праблема для краіны — што заўтра? Магчыма, прыдумаецца нейкая грашовая адзінка „мытнай прасторы“ ці „саюзнай дзяржавы“. Вынікаў, зноў жа, не атрымаем, але ў нас чарговым разам скрадуць час, скрадуць гады».

Па выніках сёньняшніх таргоў і вылічэньня ўсярэдненага курсу з улікам пазабіржавых зьдзелак беларускі рубель аслабеў да кошыка валютаў на 0,82%. Умоўны кошык складаецца з даляра, эўра і расейскага рубля, а прыярытэтнай у ім вызначаная менавіта расейская валюта. Наколькі апраўданая такая стратэгія з улікам абясцэньваньня грашовай адзінкі Расейскай Фэдэрацыі? Адкаціўшыся нейкі час таму да псыхалягічнай рысы ў 50 за даляр, расейская валюта зноў траціць у вартасьці, наблізіўшыся да лічбы 56. Меркаваньне выказвае кіраўнік Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан:

Валянцін Лопан
Валянцін Лопан

«Для нашага валютнага кошыка нічога кардынальным чынам ня зьменіцца. Мала таго, беларускі рубель можа яшчэ ўзмацніцца. Бо калі эўра аслабеў, а потым крыху падрос, расейскі рубель адносна стабільны, але рызыкуе ў любы момант зноў заваліцца, то ў суме, атрымліваецца, толькі даляр моцны. Таму тут суадносіны могуць быць такія, што для нашага рубля ў гэтым сэнсе асабліва нічога не адбудзецца. Зрэшты, тут ужо патрабуюцца вельмі дакладныя і глыбокія разьлікі, якія трэба рабіць, арыентуючыся на канкрэтныя лічбы, так з ходу ня скажаш. Аднак валютны кошык дзеля таго і закладаецца, каб быў балянс пэўных інтарэсаў і балянс найважнейшых валютаў, каб не было занадта рэзкіх скачкоў. Тым больш што даляр з эўра ў кошыку ўсё ж маюць большую долю, чым расейскі рубель, разам — 60% на двох супраць 40% расейскіх. Таму паглядзім, як падзеі будуць разьвівацца далей».

Такім чынам, калі адкінуць усе дагэтулешнія дэнамінацыі, 1 амэрыканскі даляр сёньня каштуе без малога 155 000 000 рублёў Рэспублікі Беларусь. У найноўшай гісторыі такім імклівым абясцэньваньнем могуць «пахваліцца» ўсяго некалькі нацыянальных фінансавых сыстэмаў. Сумнеўны лідэр сярод іх — афрыканская краіна Зымбабвэ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG