Месца дысьлякацыі місіі — харкаўскі вакзал, дзе пункт дапамогі ўцекачам. Апроч Харкава, у якім толькі афіцыйна зарэгістравана ўжо больш за 100 тысяч перасяленцаў, Праваабарончая гуманітарная місія ва Ўкраіне мае ахапіць Чарнігаў, Львоў, Чаркасы і Адэсу.
Удзельнік місіі Аляксей Колчын сказаў Свабодзе, што самая цяжкая праца, якую давялося выканаць беларускім праваабаронцам, — гэта разгрузка 21 тоны гуманітарнага грузу з Чэхіі.
— Чым цяпер займаецеся ў межах Праваабарончай гуманітарнай місіі?
— Сёньня анкетуем перасяленцаў па пытаньнях, зьвязаных з атрыманьнем дапамогі ў сацыяльных установах горада Харкава. Анкетаваньне патрэбнае, каб выявіць праблемныя кропкі і спрасьціць працэдуру атрыманьня гэтай дапамогі для ўцекачоў.
— Ці запатрабаваная ваша праца на пункце дапамогі ўцекачам «Станцыя Харкаў»?
— Я лічу, што вельмі запатрабаваная. Тут ёсьць і мясцовыя валянтэры, але не хапае свабодных рук. Прычым мясцовыя людзі яшчэ працуюць, маюць клопаты дома, а мы ўвесь час прысьвячаем толькі валянтэрству. Увогуле, мы тут робім усё, што просяць мясцовыя валянтэры. Напрыклад, некалькі дзён таму мы прымалі званкі па «гарачай лініі», а ўчора цэлы дзень разгружалі гуманітарны груз.
— Што гэта за груз? Хто яго прыслаў? І каму ён будзе разьмеркаваны?
— Гэта гуманітарная дапамога, якая прыбыла з Чэхіі, дзе яе сабралі тамтэйшыя актывісты. Усяго прыбыла 21 тона гэтага грузу. Большая частка гэтай дапамогі застанецца ў Харкаве, але нешта накіруюць у гарады, якія знаходзяцца каля зоны АТА, — гэта Шчасьце, Славянск, некаторыя іншыя. У асноўным у гуманітарны груз уваходзяць рэчы хатняга ўжытку, а таксама вопратка і пампэрсы.
— У Харкаве больш за 100 тысяч уцекачоў. Адкуль гэтыя людзі?
— З зоны АТА. З Луганскай і Данецкай вобласьці. З гарадоў, дзе ішлі баявыя дзеяньні і якія цяпер пакінутыя ўкраінскай арміяй.
— Гэтыя людзі пакідаюць свае гарады часова ці назаўсёды?
— Гэта тыповыя ўцекачы. Яны зьяжджаюць і ня маюць асаблівага спадзеву на вяртаньне, бо ведаюць рэальную сытуацыю, якая складаецца ў іх родных мясьцінах. Уцекачы абсалютна не падрыхтаваныя да перасяленьня. Фактычна яны проста бяруць пад пахі дзяцей і выяжджаюць. Ёсьць выпадкі, калі людзі вяртаюцца назад, у зону АТА, каб паглядзець на свае кватэры. Але жыць там немагчыма, таму зноў едуць у Харкаў ці які іншы горад.
— Куды разьмяркоўваюць уцекачоў у Харкаве? Дзе яны жывуць?
— Некаторыя маюць сваякоў, некаторыя — сродкі, каб наняць жыльлё. А тыя, у каго нічога няма, засяляюцца ў адмыслова абсталяваныя месцы, так званыя лягеры. Звычайна гэта сацыяльныя ўстановы, якія раней пуставалі, а цяпер выкарыстоўваюцца для ўцекачоў. Вядома, жыльлё — гэта самая асноўная цяжкасьць, бо яно дарагое, а грошай ва ўцекачоў, як зазвычай, небагата. Як і варыянтаў знайсьці працу.
— А вашу працу можа рабіць любы чалавек ці ўсё ж патрабуецца праваабарончы досьвед?
— Тут асабліва складанага нічога няма. Але мы як праваабаронцы, вядома, падрыхтаваныя да пісаньня скаргаў, складаньня заяваў, бо робім такое і ў Беларусі. Ну, а каб разгружаць гуманітарную дапамогу, вялікіх ведаў ня трэба, толькі сіла.
— Як вы лічыце, ці будзе калі-небудзь патрэбны ў Беларусі досьвед працы з уцекачамі?
— Я вельмі спадзяюся, што ў Беларусі ня будзе зьявы масавага ўцякацтва. Але гэтая праца надзвычай важная ў тым сэнсе, што мы павінны распавядаць беларускаму грамадзтву пра тое, што адбываецца ва Ўкраіне.