Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі праваабарончы дэсант у Харкаве дапамагае ўцекачам з Данбасу


Каардынатар кампаніі “Праваабарончая Гуманітарная Місія ва Украіне” Зміцер Салаўёў (крайні зьлева)
Каардынатар кампаніі “Праваабарончая Гуманітарная Місія ва Украіне” Зміцер Салаўёў (крайні зьлева)

Сёньня стартавала ініцыяваная Праваабарончым цэнтрам «Вясна» Праваабарончая гуманітарная місія ва Ўкраіне. Асноўная яе мэта — дапамога ўкраінскім перасяленцам з зоны канфлікту.

Месцам дысьлякацыі місіі будзе Харкаў, дзе ўжо знаходзяцца трое беларускіх праваабаронцаў. Апроч Харкава, у якім толькі афіцыйна зарэгістравана ўжо больш за 100 тысяч перасяленцаў, Праваабарончая гуманітарная місія ва Ўкраіне ахопіць Чарнігаў, Львоў, Чаркасы і Адэсу.

Кіраўнік ініцыятывы Зьміцер Салаўёў сказаў Радыё Свабода, што беларускія праваабаронцы-валянтэры ўжо пачалі працу на харкаўскім вакзале:

«Я і яшчэ два беларускія праваабаронцы цяпер знаходзімся ў залі чаканьня цэнтральнага вакзалу Харкава, дзе ёсьць пункт грамадзянскай ініцыятывы „Станцыя Харкаў“, у межах якой аказваецца інфармацыйная дапамога перасяленцам і ўцекачам. Апроч нас тут ёсьць украінскія юрысты, ратавальнікі і супрацоўніца дзяржаўнай службы занятасьці, якая інфармуе па пытаньнях пошуку працы».

Разам са Зьмітром Салаўёвым у Харкаве працуюць Маргарыта Вялічкіна і Аляксей Кочын.

Зьміцер Салаўёў кажа, што большасьць просьбаў, зь якімі перасяленцы зьвяртаюцца ў пункт «Станцыя Харкаў», зьвязаныя зь пісаньнем заяваў і пошукам інфармацыі пра неабходныя дакумэнты.

«Людзі зьвяртаюцца з самымі рознымі просьбамі. Напрыклад, цяпер я шукаю інфармацыю пра тое, як атрымаць пропуск у зону АТА. Трэба распрацаваць узор такой заявы, скласьці сьпіс неабходных дакумэнтаў, якія патрабуюцца для выдачы пропуску. Шмат рутыннай мэтадычнай працы, на якую не хапае рук сярод украінскіх валянтэраў. Вядома, юрыдычныя кансультацыі павінны даваць украінскія юрысты, але наша дапамога ў мэтадычнай і арганізацыйнай працы вельмі дарэчы. Мы выкарыстоўваем свой праваабарончы досьвед, у нас ёсьць юрысты ў складзе місіі. Але большасьць просьбаў, зь якімі зьвяртаюцца ў пункт „Станцыя Харкаў“, — пра тое, каб знайсьці інфармацыю і напісаць заяву з просьбамі. Дзеля гэтага нават не абавязкова мець юрыдычную адукацыю, проста трэба ведаць, куды званіць і дзе шукаць».

Беларускія праваабаронцы і валянтэры цэнтру «Вясна» будуць працаваць ва Ўкраіне паводле вахтавага мэтаду. Кожны будзе знаходзіцца ва Ўкраіне два тыдні. Місія працягнецца два месяцы, увесь час будуць працаваць як мінімум 3–4 беларускія валянтэры.

«Галоўная наша мэта — аказаньне дапамогі перасяленцам і ўцекачам. У такіх арганізацыях, як „Станцыя Харкаў“, працуюць валянтэры, якія маюць сталую працу, і таму часта не хапае працоўных рук. Наша мэта — стаць гэтымі рукамі».

Стрыжак: украінскім валянтэрам бракуе рук

Беларускі валянтэр Андрэй Стрыжак, які ў Чарнігаўскай вобласьці арганізуе збор сродкаў для перасяленцаў і сем’яў загінулых, кажа, што юрыдычная і праваабарончая дапамога з боку беларусаў дапоўніць дапамогу ў выглядзе рэчаў, грошы на якія зьбіраюцца ў Беларусі:

Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак

«Я ведаю сытуацыю з валянтэрскімі арганізацыямі ва Ўкраіне — там часта бывае брак людзей, якія б маглі дапамагаць зь юрыдычнымі справамі. Гэта па-першае. Па-другое, гэта вельмі добрая практыка для беларускіх праваабаронцаў, бо праца ў экстраных сытуацыях загартоўвае і дае новы досьвед. Спадзяюся, што мы спалучым нашы намаганьні з праваабарончым цэнтрам „Вясна“ для таго, каб максымальна і шматбакова дапамагчы Ўкраіне. Я вельмі ўсьцешаны тым, што становіцца ўсё больш публічных ініцыятываў, скіраваных зь Беларусі на Ўкраіну. Гэта паказвае стаўленьне прынамсі часткі беларускага грамадзтва да сытуацыі, а таксама паказвае, што Беларусь ня толькі можа існаваць у фарватэры Расеі, але мае сваю думку».

У красавіку Андрэй Стрыжак ды іншыя валянтэры перадалі ў Першы добраахвотны шпіталь імя Міколы Пірагова рэанімабіль, на якім брыгада мэдыкаў ратуе пацярпелых падчас баёў у зоне канфлікту. Цяпер, кажа грамадзкі актывіст, рыхтуецца перадача ў гэты ж шпіталь яшчэ аднаго аўто — гэтым разам джыпа.

«Зразумела, што гэта ня новая машына, але яна ў добрым стане і паслужыць для ўкраінскіх мэдыкаў. Прыгнаны з Эўропы, гэты джып каштуе 3000 даляраў. Да нас зьвярнуўся ананімны дабрадзей, які сказаў, што ахвяруе на яе палову кошту, калі другую палову мы зьбяром самастойна. У выніку — уся сума сабраная, машына набытая. Гэты джып будзе называцца „Мая“, так пажадаў ананімны дабрадзей».

Паводле Андрэя Стрыжака, у Чарнігаве цяпер каля 2100 перасяленцаў і ўцекачоў з зоны канфлікту, а ва ўсёй Чарнігаўскай вобласьці такіх каля 10 тысяч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG