Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця быццам лакмусавая паперка праявіла факт пячорнага дзікунства: беларускія пісьменьнікі амаль ці зусім не чытаюць творы сваіх калег. Прыкладам, Таццяна Барысік і Андрэй Гуцаў у інтэрвію Радыё Свабода паведамілі, што цалкам прачыталі адну-адзіную кнігу — «Час зьбіраць косьці» Віктара Казько; Антон Францішак Брыль, па ягоных словах, адолеў раман Альгерда Бахарэвіча «Дзеці Аліндаркі» і «крыху больш чым проста ўрывак з Гуцава». Толькі Сяргей Дубавец палічыў заганай тое, што не пасьпеў прачытаць кнігі іншых прэтэндэнтаў на прэмію — астатнія літаратары не пабачылі ў сваім нечытаньні прычынаў для прылюдных выбачэньняў.
Дарэчы, калі паглядзець, што пішуць на форумах і ў сацыяльных сетках чытачы, дык і яны, высьвятляецца, прачыталі ў сярэднім адну-дзьве кнігі з лонг/шорт-ліста прэміі Гедройця. (І гэта ўлічваючы, што сёлета прэмія як ніколі раней вызначылася значнай колькасьцю выкшталцоных літаратурна-мастацкіх тэкстаў, большасьць зь якіх нават «паядналася» між сабою ў межах аднаго жанру — «магічнага рэалізму».) Багата ў нас і такіх гора-чытачоў, якія проста прабеглі па дыяганалі некалькі кніжных рэцэнзіяў дый і тое дзякуючы пераважна канфлікту, звязанаму з адкрытым лістом Малгажаты Бухалік. Атрымліваецца, з творчасьцю ўсіх намінантаў давялося пазнаёміцца толькі крытыкам. Чытаць літаратуру — гэта іх прафэсійны абавязак, тут не выкруцісься, так. Тады як пісьменьнікі і чытачы — птушкі вольныя, чытаюць столькі, колькі захочуць, і тое, што пажадаюць.
Вось такое сёньня разьмеркаваньне працы на літаратурнай ніве! Але гэтак было не заўсёды.
Я ня буду зараз цытаваць акадэмікаў-літаратуразнаўцаў, якія цьвердзяць, што ў трыядзе «пісьменьнік-крытык-чытач» знаёміцца з кнігамі мусяць усе і на роўных дзеля правільнага, здаровага крыватоку мастацкай літаратуры. Ня буду інтэлігентна сароміць пісьменьнікаў, прыводзячы словы мудрага Хорхэ Луіса Борхеса: «Хтосьці ганарыцца кожнай напісанай кнігай, я — любой прачытанай». Я хачу цяпер прама, мінаючы надакучлівую празьмерную аргумэнтацыю, сказаць пісьменьнікам, што іх паводзіны — ненармальныя. Вельмі непрыемна чуць вашыя спасылкі на жыцьцёвыя абставіны і занятасьць, якія нібыта заміналі вам прачытаць кнігі вашых калег — спрэс невялікія па памеры (такія сёньня ў нас выданьні). Непрыемна, таму што гэта няправільна, бескультурна, нахабна. Таму што ва ўсе часы беларускім пісьменьнікам было цяжка (скрайні прыклад: бяззубы Вацлаў Ластоўскі ў высылцы за некалькі месяцаў да расстрэлу стварае беларускую «Калевалу», дрыжачы ад холаду ў саратаўскай бібліятэцы), але ніхто зь іх цягам XX стагодзьдзя ня жаліўся на адсутнасць часу на чытанне «чужых» кніг — старых ці новых, замежных ці айчынных. Бо ўсе былі прафэсіяналамі. Сапраўды, як гэта так — кніг не чытаць, калі на цябе глядзяць чытачы, уважліва слухаюць і спрабуюць у цябе, пісьменьніка, вучыцца разуменьню кніжнай мудрасьці і прыгажосьці? (Наагул уявіце абсурднасьць сытуацыі: Ядвігін Ш. не чытаў, «бо так склаліся жыцьцёвыя абставіны», Максіма Багдановіча, Уладзімер Жылка — Тодара Кляшторнага, Янка Брыль — Алеся Адамовіча і д. п.)
Больш за тое, усьведамленьне грамадзянскай адказнасьці, сацыяльнай значнасьці сваёй прафесіі падштурхоўвала беларускіх літаратараў да самаадданай працы ў галіне так званай пісьменьніцкай крытыкі. Мала таго, што яны кнігі чыталі дзясяткамі запар, дык яшчэ дзесяцігодзьдзямі неадрыўна артыкулы пра кнігі і сваю асноўную прафэсію пісалі! І гэта нягледзячы на жыцьцёвую неўладкаванасьць, нішчыміцу — я зараз не пра «чыноўнікаў ад літаратуры» кажу, а пра звычайных літаратараў. Аднойчы я ўжо прыводзіў параўнаньне: беларускія пісьменьнікі-крытыкі даглядалі родную літаратуру нібы клапатлівыя садоўнікі. І рабілі гэта дзеля таго, каб сад не зьдзічэў і чытачы маглі кожны год мець свой ураджай, лепшы за чужы. Акром таго, пісьменьнікамі-крытыкамі варушыла жывая цікавасьць да таямніцаў «прыгожага пісьменства», гарачае жаданьне спасьцігнуць сакрэты пісьменьніцкай працы і падзяліцца сваімі здабыткамі, ведамі зь іншымі. Таму ў перыёдыцы зьяўляліся ня толькі іх рэцэнзіі, артыкулы і гадавыя агляды літаратуры, але і нарысы, эсэ — дый што казаць, цэлыя кнігі літаратурна-мастацкай крытыкі ў Беларусі рэгулярна выходзілі, і цікавасьць да тагачасных думак, ацэнак дасюль высокая. У букіністаў такія выданьні на вагу золата — паспрабуйце сёньня знайсьці ў продажы, прыкладам, «Загадку Багдановіча» Міхася Стральцова ці «Ветразі Адысэя» Ўладзімера Калесніка.
Новыя пакаленьні беларускіх пісьменьнікаў больш ня лічаць патрэбным весьці адкрытую гаворку аб нацыянальнай літаратуры, ладзіць і падтрымліваць дыялёг з чытачом, палемізаваць з крытыкамі (яны, пісьменьнікі, самі так вырашылі, а не жыццё за іх!), і робяць усё гэта толькі, калі ўлады моцна прыціснуць і трэба пажаліцца. Па добрай волі, безь зьнешняга прымусу — амаль ніколі. (Прыгадайце, калі ў нас адбылася апошняя шырокая дыскусія па праблемах літаратуры — ці здолееце?) Не займаюцца цяпер пісьменьнікі і крытыкай — ня тое, што ацэнкай агульнага стану сучаснай літаратуры сябе не абцяжарваюць, але нават элемэнтарным кропкавым «адшуканьнем прыгажосьці і недахопаў» у кнігах сваіх калег (такі сэнс надаваў літаратурнай крытыцы як прафэсіі Аляксандр Пушкін).
А ўсё таму, што пісьменьнікі нашы амаль не чытаюць беларускіх кніг — вось прычына, карані якой хаваюцца ў душэўнай ляноце, эгаізме, страце прафэсійных навыкаў, сьвядомай адмове ад камунікацыі з чытацкай грамадой. Добра яшчэ, калі пісьменьнік уваходзіць у склад журы літаратурнай прэміі альбо працуе рэдактарам ў часопісе — тады камэнтар адносна літаратурнага працэсу і асобных твораў будзе дадзены. У адваротным выпадку — не. Нядзіва, што калі карэспандэнт Радыё Свабода задае беларускім літаратарам важкае двухсастаўнае пытаньне: «Каго вы чыталі з намінантаў прэміі Гедройця і як вы ацэньваеце іх творы?», то яно вісьне ў паветры. Няма аналізу літаратурнай сытуацыі ў краіне, не стае грунтоўных, выказаных зь веданьнем справы, ацэнак — журналіст нічога карыснага ня дасць слухачам, хоць ён і зьвярнуўся наўпрост да экспэртаў.
У якасьці водступу: асабіста я «сябрую» ў Facebook амаль з усімі выбітнымі беларускімі пісьменьнікамі і што маю ў выніку? Толькі вокладкі новых кніг літаратараў, іх бясконцыя фотаздымкі са Львову і Беластоку дый запрашэньні на прэзэнтацыі. А я ж, наіўны, думаў, што буду чытаць іх водгукі аб прачытаных кнігах, разважаньні пра прыроду і спэцыфіку мастацтва, пабачу ацэнку бягучага літаратурнага працэсу — хоць зрэдчасу буду знаёміцца з такімі думкамі, нататкамі, аднак не.
У выніку ўсе аказваюцца ў пройгрышы, а найбольш пакутуе літаратура. І вось ужо чытач адмахваецца ад прэміі Гедройця, ня лічачы кнігі-намінанты вартымі ўвагі. Бо калі пісьменьнікі адкрыта кажуць, што не чыталі, дык чаго ўжо нам спяшацца? Няхай крытыкі шчыруюць — мы іх лепш пачытаем, асабліва калі рэцэнзія будзе пагромнай ці вышчаранай! Вось такі цяпер узровень узаемадзеяньня, узаемаўплыву ў культурнай сфэры маем. Да таго ж з-за страты аналітычнага позірку (як бы тут прыдаўся вопыт і веды пісьменьнікаў, калі б яны адчулі патрэбу выступіць у якасьці крытыкаў, публіцыстаў!) літаратурны працэс у Беларусі пачынае выглядаць хаатычным, раструшчаным на кавалкі, а сама літаратурна-мастацкая дзейнасьць — здавацца гэткай сабе забаўкай, прыемным баўленьнем часу. І вось ужо «невідушчыя» беларускія пісьменьнікі, не ўсьведамляючы, што самі першымі парушылі сувязі ўсіх рэчаў у літаратурным сьвеце, адчуваюць на сабе цяжар чужых уяўленьняў і кпінаў, сарамліва цэдзяць словы перад мікрафонамі на сцэне замест таго, каб годна, упэўнена, прафэсійна заявіць аб важкасьці і адказнасьці сваёй прафэсіі — у тым ліку праз ацэнку ўласнай працы і працы сваіх калег.
Літаратура — справа гонару (і ганарлівасьці), але і зона адказнасьці таксама. Элемэнтарная цікаўнасьць літаратараў да акаляючага кніжнага сьвету і творчасьці іншых пісьменьнікаў ёсьць закладам таго, што наша літаратура вернецца ў звыклае рэчышча. Паверце, спадары пісьменьнікі, што адкрытая дэманстрацыя вашай любасці да кніг (калі яна ў вас ёсьць, канешне) і падтрымка працы калег, зробленая прафэсійна і з таварыскім удзелам, — гэта першы крок да аднаўлення нармальных адносінаў ў літаратуры.
«Чытаць, каб жыць», — ясна і цьвёрда пісаў у прыватным лісьце Густаў Флябэр. Няхай гэтыя словы стануць крэда для ўсіх, хто прысьвяціў сябе літаратуры ў Беларусі.