Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гедройць» і (бес)культурныя дыскусіі


Ціхан Чарнякевіч
Ціхан Чарнякевіч

Пару дзён, як адгулі фанфары цырымоніі «Гедройця», а мяне ўсё неяк не адпускае. І не таму, што дзень «Х» доўжыўся для супрацоўнікаў ПЭН-цэнтру значна даўжэй за 24 гадзіны, а вось нібыта кіслы пасьлясмак у роце застаўся: столькі працы ўкладзена, так хацелі зрабіць людзям сапраўднае сьвята, а ў выніку асядзе ў памяці пару скандалаў ды плётак.

Мне прэмія Гедройця бачыцца страшэнна важнаю справай. І менавіта – на этапе выбару лонг-ліста з дванаццаці пазыцыяў (які можна было б і пашырыць да пятнаццаці). Менавіта гэты этап, як бачыцца на адлегласьці ў чатыры гады, мэтанакіравана выбудоўваў гіерархію ў беларускай прозе; менавіта гэтыя дванаццаткі вартыя найпільнейшай увагі літаратуразнаўцаў, што зазвычай прачынаюцца з сваімі дысэртацыямі праз гадоў пятнаццаць пасьля сьмерці сучаснага аўтара; менавіта на гэтых дванаццатках будзе некалі будавацца гісторыя літаратуры 2010-х. Кожны аўтар, які туды трапіў, характарызуе сабою пэўны пласт найноўшай прозы і вэктар яе разьвіцьця. Пасьля заканчэньня сёлетняга прэміяльнага сэзону такіх сьцежак ужо сорак восем.

Здавалася б, вось літаратура – бяры і чытай, хоць заваліся. Ня так і мала, між іншым. Калісьці на старонках адноўленай «Нашай Нівы» друкавалася пастаянная абвестка пра кніжкі новай незалежніцкай супольнасьці. І было іх некалькі дзясяткаў, і сьпіс даўгавата не перасягаў сотні назваў. Цяпер жа – цэлы пляст незалежных беларускіх выдавецтваў, інтэрнэт-кнігарні і бібліятэкі, прэзэнтацыі, міжнародныя фэстывалі і нават сур’ёзныя грашовыя прэміі.

Жыцьцё бруіць, аднак натура беларускамоўнага па інэрцыі працягвае гуляць па правілах гета і адмаўляецца выйсьці ў адчыненую браму. А таму – прагне крыві чорнага пеўня, шукае ворагаў сярод сваіх, улягае ў супрацьпастаўленьні, пакаленьні і іншыя шмакаленьні.

Гэх, як усё проста і цудоўна тады: вось чорненькія, вось беленькія, і зараз я вам усё вазьму і расьпішу ў адным абзацы, раздаўшы кожнаму паводле сусала ягонага. Прыйдзе камэнтатар, які аспрэчыць і пераверне трохкутнік гіпатэнузай на катэт, адкрыўшы нейкую сваю Новую Галяндыю. А да яго набяжыць яшчэ тройка правакатараў. І панеслася...

І ў камэнтарах усё гэта выглядае даволі забаўна, але, як хапанеш лейцы дыскусіі недзе «ў рэале», дык выяўляецца, што апанэнт кніг і не чытаў, «але асуджае». Прычым даволі ўпарта. І што толькі не ідзе ў аргумэнты «нечытаўшага»! Асаблівай павагай карыстаюцца грошы. Бабкі. Тоўсты пачак польскага бабла. На ім, выяўляецца, гуляе ўся інтрыга і няважна, хто там чаго напанапісваў.

Тацяна Барысік давяла, што рана яшчэ хаваць жанр клясычнага апавяданьня, у тым ліку на вясковую тэму. Альгерд Бахарэвіч – што рана яшчэ хаваць у шуфляду постмадэрнісцкі раман, які можа гучаць вельмі нават актуальна і востра. Антон Брыль «парваў залю» сваёй лірычнай казкай, ад некаторых старонак якое трапляеш у «прастору прысутнасьці» залатых часоў ВКЛ. Андрэй Гуцаў сьцьвердзіў, што цалкам экспэрымэнтальная проза, з мэтафізычнымі галаваломкамі і матэматычнымі загадкамі, яшчэ можа быць заўважаная ў Беларусі. Сяргей Дубавец цалкам зьмяніў амплюа, напісаўшы суплёт фантасмагарычных казак з алюзіямі на сучаснасьць і музычных інтэрмэдый з алюзіямі на вечнасьць. Віктар Казько – найбольш мадэрнавы і плыня-сьвядомасны з усіх беларускіх празаікаў-шасьцідзясятнікаў – зноў праваліў чытача ў глыбіні Юнгавай архаікі, настрадамусных папярэджаньняў і нястрымнага скепсысу.

Але каму гэта ўсё цікава? Ёсьць і іншая тэрмінасыстэма, эпохі разьвітога рэлятывізму. Вось жанчына. Вось стары дзед. Вось лупакавец-хунвэйбін. І гэтак далей. Усе яны валтузяцца міжсобку за дзесяць штук. Ёсьць некампэтэнтнае журы. Ёсьць гора-сакратарыят і гора-арганізатары гора-цырымоніі. І наагул – што там цяпер за беларуская літаратура. Адна чухня. Я, праўда, кніг і не купляю і не чытаю, але беларуская нашая літаратура ў глухім крызысе. Былі, канечне, часы: Быкаў, Шамякін. А цяпер поўнае абы-што. Часам, бывае, разгорнеш Талстога – во дзе сілішча!

Кожны абірае па сабе – тэрміналёгію, рэлігію, дарогу. Я свой выбар зрабіў: любіць, груба кажучы, Беларусь нашу мілую – значыць, чытаць кнігі, хадзіць на выставы, слухаць новую музыку, глядзець спэктаклі. Быць гатовым зьмяняцца разам з часам і краінай, а не ператварацца ў посны блін з тварам члена Савета Рэспублікі. І калі нехта пытаецца: «Што параіш пачытаць з новенькага?», у мяне падрыхтаваны доўгі-доўгі маналёг, з прыкладамі, імёнамі і назвамі.

А ў вас, шаноўны камэнтатар?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG