Адсутнасьць у Беларусі паўнавартаснай электроннай «вэрсіі» беларускага мастацтва даўно зрабілася агульнанацыянальнай праблемай.
Нядаўна разам з жонкай мы наведалі Нацыянальны мастацкі музэй Беларусі, дзе паглядзелі ўсе экспазыцыі, абмінуўшы толькі «Вынаходзтвы да Вінчы», таму што модны навадзел. Вярнуўшыся дадому, адразу захацелі шчэ раз пабачыць цудоўныя творы мастацтва, якія захоўваюцца ў музэі, і, па новай звычцы, распавесьці пра іх сябрам у сацыяльных сетках. Гэтым разам жонка асабліва ўпадабала «Лета» Томаса Херэманса, а я — «Макі» Мікалая Залознага. Як жа мы зьдзівіліся, калі на інтэрнэт-сайце музэю (www.artmuseum.by) не знайшлі аніякай інфармацыі пра гэтыя карціны! Нават караценькіх біяграфічных зьвестак пра Херэманса і Залознага, нават простых фотаздымкаў іх прыгожых твораў.
Так, на сайце Нацыянальнага мастацкага музэю ёсьць разьдзел «Віртуальныя выставы». Аднак дзякуючы гэтай электроннай прыладзе да саміх твораў нельга наблізіцца ўсутыч — ты бачыш іх праз манітор кампутара толькі здалёк, застаючыся «стаяць» пасярод залі (павялічыць «аб’екты» на сайце таксама нельга). Зручная тэхналёгія, якая дае мільёнам людзей магчымасьць наведваць, не выходзячы з хаты, музэі па ўсім сьвеце, у Беларусі працуе напаўмоцы, выглядае як зьдзек з аматараў мастацтва, сродак кантролю за імі.
І ўсё-ткі, чаму нельга напоўніць сайт звычайнай тэкставай інфармацыяй, зьмясціць якасныя фатаграфіі карцін і іншых мастацкіх твораў? Няўжо кіраўніцтва музэю сур’ёзна непакоіцца, быццам людзі ўпадабаюць бясплатныя віртуальныя выставы нагэтулькі, што больш ня прыйдуць у сам музэй? Ці ўсё ўперлася не ў сталёвую волю музэйшчыкаў, а ў банальную адсутнасьць фінансаваньня? Дык за мяжой адлічбоўкай мастацтва нярэдка займаюцца валянтэры, прыкладам, навучэнцы акадэміяў мастацтваў. І працуюць яны за ідэю, а не за грошы. Тым болей, што беларускі Нацыянальны мастацкі музэй мае не нагэтулькі вялікія фонды, як францускі Люўр ці дрэздэнскі Дзяржаўны мастацкі збор.
Сытуацыя з сайтам аднаго з галоўных музэяў нашай краіны — ненармальная і ўдначас тыповая, паказальная. Адсутнасьць паўнавартаснай электроннай"вэрсіі" беларускага мастацтва ўжо даўно зрабілася агульнанацыянальнай праблемай і па сутнасьці стрымлівае разьвіцьцё нашага грамадзтва, абмяжоўвае яго правы.
Ня будзем далёка хадзіць за адмоўнымі прыкладамі, а набярэм у пашукавіку Google такі радок: «новая зямля колас». За чвэрць сэкунды пашукавік выдасьць амаль 45 тысяч спасылак, але ніводная зь іх не прывядзе вас да самога твору, будзьце пэўныя. Няма ні ў байнэце, ні ў рунэце, наагул нідзе ў сеціве няма вольнага выхаду да электроннай вэрсіі «Новай зямлі». Паэма адсутнічае ў адкрытым доступе і на сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Як і сотні іншых твораў нашых літаратараў-клясыкаў — агульная культурная спадчына беларусаў, якая «па змоўчаньні» мусіць быць бясплатнай, лёгкадаступнай. Шукаеш, шукаеш «Новую зямлю» ў сеціве і раптам бачыш вось такую навіну, якая ўспрымаецца са скрухай: 8 траўня 2015 году Нацыянальная бібліятэка Гішпаніі скончыла першы этап працы па адлічбоўцы першадрукаў (інкунабул), доступ да якіх цяпер маюць усе ахвотныя — гэта 350 кніг XV стагодзьдзя з высокай якасьцю выяваў; наступны крок — адлічбоўка выданьняў XV–XVI стагоддзяў з ілюстрацыямі ў выглядзе гравюр. Альбо яшчэ адна навіна з-за мяжы: 18 траўня гэтага году на сайце ўнівэрсытэту г. Касэль (Нямеччына) выкладзены для свабоднага прагляду лісты нямецкіх лінгвістаў Якаба і Вільгельма Грымаў, а таксама членаў іх сем’яў; за тры гады спэцыялісты надалі электронны выгляд 37 тысячам тэкстаў.
Квазібеларуская дзяржава, зразумела, ня будзе займацца падобнымі справамі, падтрымліваць роднае мастацтва і забясьпечваць нашаму народу лёгкі доступ да яго — гмах-горб Нацыянальнай бібліятэкі чыноўнікам даражэйшы за ўсе старадрукі Францыска Скарыны, і няхай сабе яны ляжаць далей за мэталічнымі дзьвярыма, удалечыні ад беларусаў і іншаземцаў. Будзе чарговы юбілей — пабачыце частку зь іх пад шклом, і рукі трымайце далей дый навідавоку! У нашай старонцы нават звычайныя школьныя падручнікі шчэ ня ўсе зьявіліся ў сеціве (паспрабуйце, прыкладам, знайсьці падручнік па хіміі для 8-й клясы зь беларускай мовай навучаньня — тое і яно!), хоць чыноўнікі розных гатункаў як адзін дэкляравалі, што дзяржава зусім хутка забясьпечыць дзяцей ня толькі электроннымі падручнікамі, але і гаджэтамі — іх вырабім самі, мы ж маладая, амбітная, скіраваная ў космас краіна!
З нашымі чыноўнікамі ўсё зразумела, але ж ці мае чытач беларускамоўнай літаратуры альтэрнатыву, магчымасьць празь іншыя дзьверы патрапіць у электронны літаратурны сад? Так, натуральна. Сёньня ў байнэце ёсьць некалькі сайтаў, якія даюць бясплатны доступ да беларускіх літаратурна-мастацкіх твораў, клясычных і сучасных (і ўжо працуюць нават парталы, прысьвечаныя творчасьці асобных пісьменьнікаў). Аднак праўду людзі кажуць: «Дзе гультай арэ ды скародзіць, там пустазельле добра родзіць». Праца па адлічбоўцы твораў робіцца аматарамі нацыянальнага «прыгожага пісьменства» абы як. Тыповы прыклад: на інтэрнэт-сайце www.knihi.com выкладзены раман «На ростанях» Якуба Коласа. Аднак гэтая кніга ёсьць толькі ў фармаце PDF (адзначу, ня самы зручны фармат для ўладальнікаў букрыдэраў, пляншэтаў). Прычым першы том твору Коласа «важыць» ажно 40 мэгабайтаў, а другі — 44 мэгабайты. І галоўнае, якасьць адлічбаванай кнігі — вось паглядзіце, павялічыўшы выяву старонкі «На ростанях», як неахайна робяць сваю працу няздары!
Наагул фармат PDF — ці ня самы ўлюбёны ў асяродзьдзі беларускіх «электронных» бібліятэкараў. Прыкладам, на сайце www.kamunikat.org у ім прадстаўлена большасьць выданьняў. Галоўная бяда ў тым, што кнігі ў фармаце PDF атрымліваюцца занадта цяжкімі, грувасткімі — ізноў жа таму, што бібліятэкары дасюль ня ўмеюць рабіць так званыя палегчаныя вэрсіі файлаў (на якасьці кніг гэта не адбіваецца). Між іншым некалькі гадоў таму адміністратар kamunikat.org прылюдна, у часе дыскусіі ў Facebook, запэўніў мяне, што неўзабаве інтэрнэт-бібліятэка запрапануе чытачам кнігі і ў іншых фарматах. Час мінуў, а воз ня рушыў зь месца.
Калі рукі крывыя — дык усё атрымаецца крывое: зьнешні выгляд галоўнай старонкі сайту, яго мэню і навігацыя, пашукавік і г. д. У беларускіх электронных кнігарнях, акром іншага, адсутнічаюць фотагалерэі, аўдыё- і відэафайлы, навуковая літаратура пра творчасьць нашых пісьменьнікаў, паэтаў, драматургаў. Але галоўнае, ніводная зь бібліятэк сёньня ня можа пахваліцца высокаякасным поўным зборам твораў таго ці іншага літаратара, наяўнасьцю некалькіх зручных фарматаў для спампаваньня кніг. Тутака дзьве кнігі Максіма Гарэцкага ў epub, тамака — тры кнігі Кузьмы Чорнага ў rtf, і паўстае адно толькі пытаньне: як кантралюецца выдача грантаў?..
Вы, магчыма, запярэчыце: «Ну дык няхай людзі, калі маюць патрэбу, ідуць у звычайную бібліятэку, дзе ўсялякіх кніг хапае!» Гэта зразумела, так сапраўды трэба рабіць, аднак ці ведаеце вы, хто, згодна з агульнанацыянальным апытаньнем чытачоў, якое было зладжанае ў Японіі, зьяўляецца тыповым карыстальнікам электронных прыладаў для чытаньня? Ня моладзь, а людзі старэйшага ўзросту! У іх кепскі зрок, а рыдэры дазваляюць чытачам павялічваць шрыфт, абіраць неабходную тлустасьць літар ці колер падкладкі. Дарэчы, наконт моладзі: ім сапраўды вельмі цяжка выпраўляцца ў бібліятэкі, запаўняць там нейкія фармуляры, а потым шчэ валачы выданьні назад. Тым часам як электронныя вэрсіі кніг у асяродзьдзі падлеткаў ідуць на «ўра» — ім так зручней чытаць, натуральна. Да таго ж такія кнігі яны чытаюць хутчэй і... больш: кампанія Pew Research падлічыла, што ў сярэднім адзін амэрыканец, які валодае рыдэрам, чытае ў год 24 кнігі, тады як аматар папяровых выданьняў толькі 15.
Відавочна, беларусам вельмі патрэбныя электронныя аналягі нашых найвыдатнейшых літаратурна-мастацкіх твораў — і гэта нават не абмяркоўваецца, гэта ўжо патрэба сёньняшняга дня. Але ізноў жа паўстае пытаньне, дзе іх узяць?
Можна, канешне, бясконца наракаць на неспрыяльную палітыка-эканамічную сітуацыю ў краіне альбо працягваць настойліва шукаць кнігі ў сеціве (зазначу, што Васіль Быкаў і Ўладзімер Караткевіч выдатна «адрэкамэндаваныя» як пісьменьнікі на сайце www.flibusta.net). А можна пайсьці іншым шляхам і значна хутчэй дасягнуць мэты: зладзіць талаку ў справе адлічбоўкі літаратуры. Як зрабілі гэта, прыкладам, у Расеі. Так, 9 верасьня 2013 году, у дзень 185-годзьдзя з дня нараджэньня Льва Талстога, там распачаўся праект па адлічбоўцы 90-томнага збору твораў пісьменьніка, выдадзенага ў 1928-1950 гг. Гэта 46 тысяч (!) кніжных старонак. Праект доўжыўся ўсяго два месяцы, удзел у ім узялі 3123 чалавекі з 49 краінаў сьвету — з вынікамі іх вялікай супольнай працы можна азнаёміцца на партале «Ўвесь Талстой у адзін клік» (www.readingtolstoy.ru).
Трэба і нам, беларусам, так зрабіць неадкладна, распачаўшы працу па адлічбоўцы зь філяматаў і філярэтаў, і далей уніз па сьпісе літаратуры. А мо нам трэба спачатку ўзяцца за старадрукі, як зрабілі гішпанцы? Відавочна адно: дзякуючы толькі сумесным намаганьням простых чытачоў айчыннай літаратуры можна досыць хутка стварыць Нацыянальную электронную бібліятэку, уваход у якую будзе вольны 24 гадзіны ў суткі.
І няхай тады беларускім музэйшчыкам, бібліятэкарам будзе сорамна за свае бляклыя сайты-пустышкі, няхай яны паспрабуюць дагнаць незалежныя культурніцкія сайты па колькасьці наведвальнікаў.