Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнсацыяў на Рыскім саміце не чакаецца


Cаміт «Усходняга партнэрства», на якім лідэры Эўразьвязу сустракаюцца з партнэрамі з шасьці краінаў-суседзяў. Рыга, 20 траўня 2015
Cаміт «Усходняга партнэрства», на якім лідэры Эўразьвязу сустракаюцца з партнэрамі з шасьці краінаў-суседзяў. Рыга, 20 траўня 2015

У сталіцы Латвіі, якая старшынюе ў Эўразьвязе, праходзіць двухдзённы саміт «Усходняга партнэрства», на якім лідэры Эўразьвязу сустракаюцца з партнэрамі з шасьці краінаў-суседзяў: Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны.

Беларусь на саміце прадстаўляе міністар замежных спраў Уладзімер Макей.

Учора ўвечары ў «будынку Чорнагаловых», старажытнай купецкай рэзыдэнцыі ў гістарычным цэнтры Рыгі, адбыліся нефармальныя перамовы 28 лідэраў краін Эўразьвязу і шасьці прадстаўнікоў дзяржаў-партнэраў. Сёньня ў Нацыянальнай бібліятэцы Латвіі адбудуцца афіцыйныя перамовы, падпісаньне выніковай Супольнай дэклярацыі і прэсавая канфэрэнцыя па выніках саміту.

Прадстаўнік Беларусі Ўладзімер Макей перад пачаткам учорашніх перамоваў заявіў пра свае чаканьні ад саміту:

«Мы хочам, каб гэты саміт даў надзею на тое, што наш рэгіён стане асяродкам міру і стабільнасьці, а не асяродкам канфрантацыі. Аб гэтым мы павінны падумаць. Гэта тычыцца ня толькі сытуацыі ва Ўкраіне, але і эканамічных пытаньняў, фінансавых праблем».

Аб прыярытэце эканамічнага супрацоўніцтва для Беларусі ў рамках праграмы «Ўсходняе партнэрства» ўчора на бізнэс-форуме заявіў і першы намесьнік міністра эканомікі Беларусі Аляксандар Забароўскі:

«З пункту гледжаньня Беларусі, эканамічная частка супрацоўніцтва павінна быць флягманам „Усходняга партнэрства“. Мяркуем таксама, што супрацоўніцтва з асобнымі краінамі павінна быць пэрсаналізаваным... Беларусь — надзейны, прадказальны і стабільны партнэр для Эўразьвязу, і мы гатовыя пайсьці ў супрацоўніцтве з Эўрапейскім Зьвязам настолькі, наколькі ён гатовы».

Учора стала вядома, што Беларусь і Армэнія заблякавалі палажэньні Супольнай дэклярацыі саміту аб асуджэньні расейскай анэксіі ўкраінскага Крыму. У выніку дыпляматычных перамоваў бакі здолелі ўзгадніць наступнае палажэньне на гэты конт у праекце дэклярацыі:

«Эўразьвяз пацьвярджае свае пазыцыі, прынятыя ў сумеснай заяве на саміце „Ўкраіна — ЭЗ“ 27 красавіка, у тым ліку што да незаконнага далучэньня Крыму і Севастопаля. Удзельнікі саміту пацьвярджаюць свае пазыцыі ў адносінах да рэзалюцыі Генэральнай Асамблеі ААН 68/262 па тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны». Вядома, што Беларусь і Армэнія прагаласавалі супраць гэтай рэзалюцыі, якую падтрымала большасьць краін сьвету.

Перамовы аб тэксьце выніковай Супольнай дэклярацыі працягваюцца. Украіна і Грузія чакаюць ад Эўразьвязу руху ў кірунку бязьвізавага рэжыму. Але гэта адкладваецца прынамсі да 2016 году, калі абедзьве краіны выканаюць адпаведныя патрабаваньні.

Беларусь і Эўразьвяз перад самітам вялі перамовы аб падпісаньні трох пагадненьняў — аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі, аб партнэрстве па мабільнасьці і аб раньнім папярэджаньні ў галіне энэргетыкі. Ніводнае зь іх пакуль не гатовае да падпісаньня.

Лідэры Эўразьвязу падкрэсьліваюць, што тры краіны — Украіна, Грузія і Малдова, якія летась падпісалі пагадненьні аб асацыяцыі з ЭЗ маюць «эўрапейскія імкненьні і эўрапейскі выбар», аднак пакуль не эўрапейскую пэрспэктыву, маючы на ўвазе сяброўства ў Эўразьвязе ў будучыні.

Праграма «Ўсходняе партнэрства» — ініцыятыва, заснаваная краінамі ЭЗ у 2009 годзе. Яна распаўсюджваецца на шэсьць краін: Беларусь, Украіну, Грузію, Малдову, Азэрбайджан і Армэнію. Мэта праграмы — паглыбленьне супрацоўніцтва з гэтымі краінамі ў розных сфэрах, гаворыцца таксама аб палітычнай асацыяцыі, зоне свабоднага гандлю і пэрспэктывах візавай лібэралізацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG