Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сам-насам з Алахам: як жыве аўтаномная мусульманская абшчына ў Гародні


Пасьля тэракту 11 верасьня 2001 году на пятнічны намаз да гарадзенскіх мусульманаў прыйшоў узброены АМАП. Сёньня ж сярод прыхаджанаў можна пабачыць шмат беларусаў. Чым жывуць мусульмане Гародні і чым прываблівае іслам мясцовых, высьвятляла Свабода.

Ня мы тэрарысты, а нас тэрарызуюць

Ад прыбудовы на вуліцы Карла Маркса да фарнага касьцёла на Савецкай плошчы менш за 100 мэтраў. Толькі, у адрозьненьне ад каталіцкага храма, на гарадзенскім «мячэце» няма ніякіх шыльдаў. «Знакі адрозьненьня» на будынку — толькі хуліганскія графіці.

На пятнічны намаз а палове на другую гэтым разам прыходзіць 37 чалавек. Максымум, што можа зьмясьціць умоўны мячэт — 40 чалавек. Таму на сьвяты, калі мусульманаў зьбіраецца сотні паўтары, абшчына арандуе іншыя памяшканьні.

Магчымасьць мець свой мячэт у гарадзенскіх мусульманаў некалькі разоў зьяўлялася. Аднак кожным разам чыноўнікі знаходзілі прычыну, каб адмовіць.

Рафаіль Разяпаў каля гарадзенскага «мячэту» — памяшканьня грамадзкага аб’яднаньня татараў
Рафаіль Разяпаў каля гарадзенскага «мячэту» — памяшканьня грамадзкага аб’яднаньня татараў

Акрамя мусульманскай, у Гародні дзейнічае яшчэ дзьве актыўныя абшчыны, куды ўваходзяць мусульмане, — татарская і азэрбайджанская. Па іх агульнай просьбе ў 2000-х для будоўлі мячэту выдзелілі ўчастак у горадзе, але пачаць будоўлю так і не далі.

Мясцовыя мусульмане разыходзяцца пасьля намазу
Мясцовыя мусульмане разыходзяцца пасьля намазу

Калі ў 2007 годзе актывісты паспрабавалі атрымаць участак для мячэту чарговым разам, ім сталі чыніць перашкоды мясцовыя чыноўнікі. Тады 89 актывістаў з мусульманскай, татарскай і азэрбайджанскай абшчынаў падпісаліся пад просьбай выдзеліць участак, каб збудаваць мячэт. Ліст адаслалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта.

Прайшло ўжо сем гадоў, а адказ так і не атрыманы. Адзінае, што маюць у абшчыне, — копія адказу ад старшыні аддзелу па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў аблвыканкаму Ігара Папова. У ім сказана, што ў гарадзенскай суполцы толькі 20 чалавек, таму будаваць мячэт у горадзе немэтазгодна.

«Ідзе падмена паняцьцяў, — кажа Рафаіль Разяпаў, старшыня мусульманскай абшчыны Гародні. — У нашай абшчыны 20 заснавальнікаў — гэта мінімальная колькасьць людзей для рэгістрацыі суполкі. У лісьце было 89 подпісаў, а гэта толькі актывісты (і ўсе яны грамадзяне Беларусі). Зразумела, што гэта нават не пазыцыя Папова — значыць, яму так загадалі адказаць».

Іслам расклаў усё па паліцах

Сам Рафаіль родам з мардоўскіх татараў. Яго дзядуля быў мулой у Саранску, але бацькоў ужо выхоўвалі ў савецкім духу.

Ільяс Разяпаў быў першым зь Беларусі, хто атрымаў адукацыю ў Ісламскім унівэрсытэце ў Мэдыне
Ільяс Разяпаў быў першым зь Беларусі, хто атрымаў адукацыю ў Ісламскім унівэрсытэце ў Мэдыне

«Калі ў космас паляцелі людзі, нашы бабулі, якія чыталі Каран, але ня ведалі яго перакладу, казалі нам, што гэтага ня можа быць, інакш Гасподзь скінуў бы гэтых касманаўтаў зь нябёсаў. Такія словы ставяць чалавека ў стан, калі ён ня можа давяраць рэлігіі».

Разяпаў трапіў у Гародню ў 1980 годзе — служыў тут у войску. Ажаніўся зь мясцовай студэнткай і застаўся жыць. Тут, за паўтары тысячы кілямэтраў ад дому, на мяжы Беларусі і Польшчы, ён вярнуўся да рэлігіі сваіх продкаў ўжо ў постсавецкі час.

Усё часьцей у іслам пераходзяць і беларусы
Усё часьцей у іслам пераходзяць і беларусы

«Я быў у стане нявызначанасьці. Калі мне было 33–34 гады і я ўжо нечага дасягнуў у жыцьці, самі сабой сталі ўзьнікаць пытаньні: у чым сэнс жыцьця і прызначэньне чалавека, адкуль я ўзяўся, чаму існуе тры аўраамічныя рэлігіі?»

Якраз у гэты час ён пазнаёміўся са старшынём мусульманскай абшчыны Юсуфам Крыніцкім. Ад яго Рафаіль атрымаў кнігу «Намаз», і, прачытаўшы прадмову, зразумеў, што іслам — тое, чаго ён шукае.

«У маёй галаве ўсё ўклалася па паліцах. Бо Каран не супярэчыць навуцы. Наадварот, навуковыя дадзеныя пацьвярджаюць тыя знакі, якія ёсьць у Каране».

Жонка перайшла ў іслам

З канца 1994 году Рафаіль пачаў рабіць штодзённы пяціразовы намаз і пасьціць у Рамадан. А праз чатыры гады і яго жонка прыняла іслам і пачала насіць хустку. Яна сама зь мясцовых — яе маці з гарадзенскіх палякаў. Кавярня іхняй сям’і існавала яшчэ ў міжваенны час і месьцілася праз дарогу ад месца, дзе сёньня грамадзкае аб’яднаньне татараў.

Ільяс праводзіць урок
Ільяс праводзіць урок

Гэта было ў 1998 годзе. Праз год Рафаіля абралі старшынём мусульманскай абшчыны і імамам. У 2013 годзе імамам выбралі Ільяса Разяпава — сына Рафаіля. Ён быў першым чалавекам зь Беларусі, хто адвучыўся ў Ісламскім унівэрсытэце Мэдыны ў Саудаўскай Арабіі.

«Гэта было маё рашэньне, і бацькі мяне толькі падтрымалі», — кажа Ільяс.

Цяпер кожны дзень Рафаіль і Ільяс занятыя ў «мячэце», дзе выкладаюць арабскую мову і Каран. Акрамя гэтага, абодва займаюцца сем’ямі — Рафаіль з жонкай даглядае маці, якую пару гадоў таму перавёз з Саранску, а ў Ільяса з жонкай — двое малых. Усе яны жывуць у чатырохпакаёвай кватэры ў панэльным доме недалёка ад цэнтру гораду.

Дома ў Рафаіля
Дома ў Рафаіля

«Мы жывем з ахвяраваньняў (у нас гэта называецца „садака“), якія даюць нам мусульмане: як прыхаджане мячэту, так і тыя, хто ня хоча афішаваць сваю сымпатыю да нас. Людзі ахвяруюць на мячэт, для тых, хто мае патрэбу. Нехта дае садаку і асабіста для мяне».

«Калі б я быў атэістам, а не мусульманінам, праблемаў бы на працы не было»

Сярод агульнай масы прыхаджанаў вылучаюцца беларусы, якія самастойна прынялі іслам. Усе яны з каталіцкіх і праваслаўных сем’яў. А Салах (па пашпарце — Дзяніс) Нарэль наагул пяць гадоў прапрацаваў у Музэі гісторыі рэлігіі, дзе займаўся дасьледаваньнем праваслаўя.

«На якімсьці этапе майго жыцьця я стаў разважаць і зразумеў, што Бог сапраўды існуе. Тады я стаў шукаць ісьціну», — кажа Салах.

Ён перачытаў шмат кніг: ад Бібліі да пісаньняў усходніх рэлігіяў, нават выданьні розных сэктаў, кшталту царквы Муна. Спрабаваў разабрацца, што ў гэтых рэлігіях ад Бога, а што ад людзей. На яго думку, толькі Каран адказваў на ўсе ягоныя пытаньні.

Большасьць сваякоў прынялі выбар Салаха. Нават мама, апантаная праваслаўная.

«Яна празь некаторы час зразумела, што іслам — гэта рэлігія, якая вучыць нас паважаць родных, паважаць сваякоў».

На ўроку пасьля намазу
На ўроку пасьля намазу

А вось на працы ў Салаха праблемы праз рэлігію паўсталі. Спачатку кіраўніцтва ставілася да гэтага нэўтральна. Аднак калі надышоў час пераафармленьня кантракту, дырэктарка музэю выклікала Салаха і намякнула, што мусульманіну не пасуе ўзначальваць дасьледаваньне гісторыі праваслаўнай царквы. Калі б ён быў атэістам, гэта не замінала б працы ў музэі.

«Я паставіў пытаньне — ці трэба мне там працаваць? Сышоў з музэю, таму што для мяне рэлігія значна больш важная. Я не лічу патрэбным ісьці на кампраміс і казаць тое, што супярэчыць маёй рэлігіі».

Нас правяралі нават пасьля тэракту 11 верасьня

Хоць мусульманская абшчына ў Гародні непараўнальна меншая за іншыя, прыхаджане мячэту рэгулярна трапляюць у поле зроку праваахоўных органаў. Да іх прыходзяць з праверкамі пасьля гучных тэрактаў за мяжой. Напрыклад, узброены АМАП і прадстаўнікі КДБ прыйшлі на намаз пасьля атакі на вежы-блізьняты ў Нью-Ёрку 11 верасьня 2001 году.

Каран перад намазам можна пачытаць і на тэлефоне
Каран перад намазам можна пачытаць і на тэлефоне

«Няўжо яны сапраўды думалі, што тэрарысты хутка прыляцелі ў Гародню, каб тут схавацца?».

Пасьля тэракту ў падземным пераходзе на Пушкінскай плошчы ў Маскве ў 2000 годзе дадому да Рафаіля прыходзілі міліцыянты, нібыта для праверкі пашпартнага рэжыму. Нават пад вокнамі пільнавалі.

«А калі былі тэракты ў Менску, нас не правяралі. Толькі пасьля міжнародных».

Асаблівая ўвага да гарадзенскіх мусульманаў яшчэ й таму, што гэтая абшчына аўтаномная. З муфтыяту яны выйшлі ў 2005 годзе — пасьля пазачарговага зьезду. Па словах Рафаіля, чыноўнікі самі вызначалі дэлегатаў зьезду і дыктавалі, каго выбіраць у муфтыят.

«Такі муфтыят патрэбен, каб кантраляваць мусульманаў. А што замінае ўладам кантраляваць нас наўпрост? Прыходзьце хоць на кожнае казаньне».

Перад намазам
Перад намазам

Рафаіль лічыць, што ўлады паводзяць сябе крывадушна — маюць адносна мусульманаў дваістыя стандарты. На словах прызнаюць роўнасьць рэлігіяў, а на справе да мусульманаў, якія прытрымліваюцца сваёй рэлігіі, ужываюць мэтады запалохваньня.

«Нам ужо што толькі не прыпісвалі — ужо замучылі мяне. То тэрарыстаў пад ложкам шукалі, то сына абвінавачвалі ў вярбоўцы нэафітаў і адпраўцы іх у краіны, дзе рыхтуюць тэрарыстаў. Наўрад ці яны нешта шукаюць. Ім патрэбная толькі нагода, каб тэрарызаваць мусульманаў. Па прыкладзе „старэйшага брата“ робіцца ўсё гэта для застрашваньня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG