Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крык з-за калючага дроту на свабоду: «Вы там усе ў гета!»


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Злавіў сябе на думцы, што апошні год у сацсетках ці ня кожны дзень бачу спасылкі на матэрыялы пра злачынствы савецкай улады. Найперш сталінскага пэрыяду.

Дзеці-беспрытульнікі, якіх расстрэльвалі за скрадзены бохан хлеба; падлеткі, сасланыя ў ГУЛАГ за тое, што «не зьявіліся на рабоце»; пастраляныя бяздомныя калекі-вэтэраны; затопленыя пры адступленьні Чырвонай арміі сто зь лішкам абітальнікаў ваколіц Дняпроўскай ГРЭС, якую падарвалі; сотні тысяч салдатаў, кінутых маршалам Жукавым на мінныя палі; згвалтаваныя кабеты ад Заходняй Беларусі да Бэрліну...

Валасы ўстаюць дыбарам ад падрабязнасьцяў, асабліва калі хтосьці публікуе не статыстыку, а гісторыю канкрэтных людзей. Згвалтаваньні, катаваньні, імкненьне зьнішчыць асобу, ператварыць яе ў жывёлу ці робата.

І як і ў выпадку з нацысцкімі лягерамі, усё гэта кіравалася адміністрацыяй, ці шырэй – уладамі.

Падобная інфармацыйная хваля была актуальная ў часы перабудовы, калі адкрываліся архівы, калі «ўсё дазволілі ведаць», калі мільёны людзей праглыналі ўсё, што выдавалася ў эфір, і ў друк. Тады позьнесавецкае грамадзтва нібы спрабавала наталіць інфармацыйны голад, у якім жылі сем дзясяткаў гадоў. А пасьля ўсё сьціхла напаўдарозе. Многія «антысаветчыкі» так і не былі рэабілітаваныя, Сталін вярнуўся ў назвах і выявах – «эта жэ проста наша історыя».

Цяперашні ўсплёск інфармацыі пра сталінскія злачынствы мне падаецца адказам на «каларадзкую» прапаганду, якая як цунамі разыходзіцца ва ўсе бакі ад Крамля. З-за бляску мішуры згадак пра Перамогу са стужкамі, плякатамі, тэатралізаванымі гуляньнямі, парадамі, фільмамі і ток-шоў выглядае вельмі просты ў сваёй сутнасьці пасыл: «А мы вас усіх (...) паб’ём!».

Такі самы пасыл, якім блатныя ў лягерах спрабавалі ламаць і ламалі «палітычных».

З аднаго боку ў ГУЛАГу былі крымінальнікі, а зь іншага – палітычныя: «нацдэмы», «бандэраўцы», «шпіёны», «кулакі», «папы»… А між імі абсалютная большасьць – тыя, каму не пашанцавала стацца фішкамі ў сталінскай рулетцы. Тыя, хто мусіў запоўніць сабою квоту на зьняволеньне: за каласкі, за спазьненьне на работу, за данос суседа ці зайздросьніка-калегі.

І вось гэтыя няўдачнікі таксама з кляймом «палітычных» мусілі неяк прыстасоўвацца, абіраць між полюсамі, уставаць на мацнейшы бок. Гуляць па правілах «карабасаў-барабасаў» у форме НКВД, якія кіравалі працэсамі.

«А мы вас усіх (...) паб’ём!» – сыгналізуюць з Масквы. «Ты не палітычны? Добра, жыві, давай зьбегай зрабі чыфірчыку аўтарытэтам. Ды не хвалюйся, адміністрацыя ў курсе. І рыхтуйся: заўтра пойдзеш з намі на дзела – палітычных мачыць. Спачатку на Данбасе, а там глядзіш, і да Бэрліну дойдзем. Ня дрэйфі, фраер!».

І вось чым больш «фраеры» чытаюць пра жахі сталіншчыны, тым болей яны баяцца, і выбіраюць. «Палітычныя»? Яны самі па сабе. «Аўтарытэты»? Іх крышуе ўсясільная і нязломная Адміністрацыя. Эх, падхопім і мы «А мы вас усіх (...) паб’ём!». А там паглядзім, чыя возьме.

Прынамсі, так выглядае расклад меркаваньняў у беларускім сэгмэнце інтэрнэту ў абмеркаваньні ці то бягучых падзеяў ва Ўкраіне, ці то 1930-40 гадоў.

Ты яму жахлівыя факты пра мільённыя злачынствы супраць чалавечнасьці, а ён табе «А затое Сталін вайну выйграў!». Гаворыць пра Сталіна, а мае на ўвазе сёньняшні Крэмль, у сэнсе, што ён і цяпер выйграе, чытай – «усіх (...) паб’е».

Твой суразмоўца псыхалягічна ўжо даўно там – у лягеры. Крычыць з-за калючага дроту: «А вы там ўсе ў гета!». Інтэлектуальным, культурным, грамадзкім.

Яно можа і так: лягераў вунь колькі шмат, а свабодная прастора між калючымі дратамі вунь якая меншая.

У галовах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG