Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выпадку перамогі Дуды на выбарах Польшча стане больш антырасейскай, — экспэрты


Анджэй Дуда
Анджэй Дуда

Вынік першага туру прэзыдэнцкіх выбараў у Польшчы абсалютна нечаканы. Усе палітолягі і аналітыкі прагназавалі безумоўную перамогу Браніслава Камароўскага, і сацыялягічныя апытаньні гэта толькі пацьвярджалі.

Тое, што кансэрватар Анджэй Дуда, паводле папярэдніх вынікаў першага туру прэзыдэнцкіх выбараў у Польшчы, набраў 34 працэнты і на 2 працэнты апярэджвае дзейнага прэзыдэнта Браніслава Камароўскага, шмат каго зьдзівіла.

Зыходзячы зь сёньняшніх падлікаў, спадар Дуда мае ўсе шанцы перамагчы ў другім туры. Такую думку выказаў для Радыё Свабода палітоляг Павал Вусаў.

Перамогу Анджэя Дуды ў першым туры экспэрт зьвязвае зь няяўкай на выбары прыхільнікаў дзейнай партыі «Грамадзянская плятформа»:

«Электарат кансэрватыўнай партыі „Права і справядлівасьць“ рэгулярна і стабільна ходзіць на выбары і галасуе за свайго кандыдата. А прыхільнікі „Грамадзянскай плятформы“, якую прадстаўляе Браніслаў Камароўскі, не пайшлі галасаваць, бо моцна расчараваныя ўнутрыпартыйным крызісам і няўдалымі рэформамі, якія праводзіць урад, сфармаваны кіроўнай партыяй. Адпаведна, калі лібэрал-дэмакраты ня знойдуць, што прапанаваць свайму электарату, то перамога спадара Дуды ў другім туры вельмі рэальная», — адзначыў Павал Вусаў.

Што тычыцца вострых выказваньняў Анджэя Дуды, то збольшага гэта папулісцкія лёзунгі, лічыць палітоляг:

«Напрыклад, гаворачы пра ўнутраную палітыку, ён выступае за больш актыўную прэзыдэнцкую ўладу, але паводле Канстытуцыі Польшчы гэта немагчыма. Тое самае і наконт ягоных вострых антыкрамлёўскіх выказваньняў: Польшча — парлямэнцка-прэзыдэнцкая рэспубліка, і прэзыдэнт не вызначае ані зьнешнюю, ані ўнутраную палітыку. Прэзыдэнт — гэта прадстаўнічая ўлада, якая не прымае рашэньняў. Цяпер урад у Польшчы сфармаваны кааліцыяй „Грамадзянскай плятформы“ і Польскай народнай партыі (PSL). Калі казаць пра рыторыку ў дачыненьні да палітыкі Крамля, то гэта зьвязана з агульным падыходам польскіх кансэрватараў да Расеі. Яны заўсёды адзначаліся вострай пазыцыяй і крытычным стаўленьнем да Масквы. Такая пазыцыя выкрышталізавалася яшчэ ў часы прэзыдэнцтва Леха Качыньскага, які актыўна падтрымліваў Грузію, лётаў туды падчас расейска-грузінскага канфлікту, а таксама неаднаразова выказваў падтрымку Беларусі і Ўкраіне. Але магчымая перамога Анджэя Дуды наўрад ці пацягне за сабою заўважныя зьмены ў зьнешняй палітыцы Польшчы. Хутчэй гэта прывядзе да сур’ёзных унутраных канфліктаў паміж прэзыдэнтам і прэм’ер-міністрам».

Партыя «Права і справядлівасьць» мае партнэрскія стасункі з партыяй БНФ. Як адзначыў яе старшыня Аляксей Янукевіч, у студзені 2011 году, пасьля арыштаў, зьвязаных з Плошчай-2010, Беларусь наведаў намесьнік старшыні партыі «Права і справядлівасьць» дэпутат Адам Ліпіньскі, які ад імя кіраўніцтва сваёй партыі перадаў фронтаўцам ліст са словамі падтрымкі.

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

«„Права і справядлівасьць“ — моцная правая партыя, спадкаемца легендарнай „Салідарнасьці“. Гэтая партыя пасьлядоўна выступае за традыцыйныя маральныя каштоўнасьці, нацыянальнае адраджэньне Польшчы. Палітыкі з гэтай партыі пільна сочаць за падзеямі ў Беларусі», — сказаў Аляксей Янукевіч.

Ён выказаў спадзеў, што ў выпадку перамогі Анджэя Дуды ў прэзыдэнцкай гонцы зьнешняя палітыка Польшчы стане больш жорсткай як да Крамля, так і ў дачыненьні да дыялёгу паміж беларускімі і польскімі ўладамі:

«„Права і справядлівасьць“ скептычна ставіцца да дыялёгу зь беларускімі ўладамі і крытыкуе кіроўную партыю ў Польшчы за мяккую і непасьлядоўную палітыку ў дачыненьні да Беларусі. „Права і справядлівасьць“ вядомая антыкрамлёўскай пазыцыяй, яны выступаюць за жорсткую рэакцыю Польшчы і Эўразьвязу на агрэсію Расеі ва Ўкраіне. У тым выпадку, калі спадар Дуда пераможа, зьнешняя палітыка Польшчы ў дачыненьні да Расеі стане больш жорсткай, што, у сваю чаргу, адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG